«У аднаго чалавека было два сыны…»

Чацвёртая нядзеля Вялікага посту, год C (06.03.2016)

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. 

А калі аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. 

Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшыя шаты і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. 

І разгневаўся ён, і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”» (Лк 15, 1–3. 11–32).

«У аднаго чалавека было два сыны…»

Сёння ў евангельскім чытанні мы сустракаем дваіх братоў і бацьку. Малодшы брат выбірае дарогу граху, але праз  некаторы час, убачыўшы знішчальныя вынікі сваіх грахоў, просіць у Бога і ў свайго бацькі, якога пакрыўдзіў, прабачэння і дазволу вярнуцца дамоў ужо не як сын, а як слуга. А старэйшы брат не ў стане зразумець перажыванні малодшага. Яму не хапае эмпатыі, спачування. Можна палічыць, што ён не маліўся за свайго марнатраўнага брата, калі той сышоў з дому. Магчыма, доўгія гады ён распальваў у сабе крыўду на брата, бо той узяў сваю частку маёмасці і з’ехаў растрачваць грошы, заробленыя сям’ёй. Падобна, што лёс малодшага наогул быў яму нецікавы, бо ён і не падумаў паехаць за братам, каб навяртаць яго і пераканаць вярнуцца дамоў. Не выключана, што ён распальваў у сабе гнеў на брата і, што яшчэ горш, насіў у сэрцы зайздрасць, што малодшы жыве на поўную катушку, а ён, бедны, мусіць цяжка працаваць. Напэўна, ён мог так думаць. 

Айцец Жак Верлінд даў вельмі нечаканы каментар евангельскай сцэны, калі да Езуса прывялі грэшніцу, асуджаную на ўкаменаванне: ён сказаў, што, магчыма, гэтыя праведныя фарысеі жадалі адпомсціць грэшніцы ад зайздрасці, што яна карысталася задавальненнямі і раскошаю грахоўнага жыцця, а яны, такія «праведнікі», гэтага не рабілі, хоць і вельмі прагнулі ў глыбіні душы. 

Калі палічыць гэтае дапушчэнне пра схаваную зайздрасць праўдаю, атрымаецца духоўны партрэт старэйшага сына. Тады становіццца зразумелаю яго бунтаўнічая рэакцыя на вяртанне малодшага брата, грэшніка. Абурэнне і гнеў не з’явіліся ў яго сэрцы раптоўна, гэтыя пачуцці ўзрасталі паволі. Ён дазволіў, каб унутры разрасталася не дабро, а зло. Прырода не церпіць пустэчы, і таму сэрца старэйшага брата, застаўшыся «без апекі», закамянела, у ім не стала месца для любові. Сённяшняе евангельскае чытанне заахвочвае нас наследаваць айца гэтых братоў, чалавека, які не застаецца абыякавым да ніводнага са сваіх дзяцей. Ён умее зразумець абодвух, спачувае абодвум, прабачае ім, хоча з імі паразмаўляць. Прычына гэтага ў тым, што ў яго сэрцы ёсць сапраўдная бескарыслівая і шчырая любоў. У яго сэрцы няма пустэчы і абыякавасці, а ёсць спачуванне, прабачэнне і жаданне дабра для абодвух сыноў. Давайце падчас Вялікага посту шчыра даследуем свае сэрцы і запытаем саміх сябе, як ставімся да грэшнікаў са свайго атачэння, што думаем пра іх. Ці стаўлюся я да іх, гавару і думаю пра іх як старэйшы брат, у чыім сэрцы няма любові, або як поўны клопату бацька, у чыім сэрцы пануюць спачуванне і сапраўдная любоў?

Айцец Раман Шульц OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла