«Ідзі і адгэтуль больш не грашы»

Пятая нядзеля Вялікага посту, год С (13.03.2016)

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы» (Ян 8, 1–11).

«Ідзі і адгэтуль больш не грашы»

У евангельскім урыўку мы чытаем, як кніжнікі і фарысеі прыводзяць да Езуса жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Але праціўнікі Езуса клапоцяцца не пра тое, каб выкрыць вялікі грэх, ім здаецца, што яны паставілі дасканалую пастку для Хрыста: «Настаўнік, <…> Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Калі Езус загадае каменаваць жанчыну, можна будзе перад рымлянамі абвінаваціць Яго ў забойстве, калі скажа, што каменаваць яе нельга, можна будзе дакараць Яго ў непаслухмянасці закону Майсея.

Каб знішчыць Езуса, кніжнікі і фарысеі ставяцца да грэшніцы з пагардаю, трактуюць яе як інструмент для дасягнення мэты. Яе годнасць і жыццё не маюць для іх ніякага значэння. У кантэксце грамадскіх стасункаў таго часу гэта зразумела, і падобна, што праціўнікі Езуса і самі ахвотна прызналі б, што адчуваюць да здрадніцы глыбокую пагарду. Але парадокс у тым, што з гэткай жа пагардаю і інструментальнасцю яны ставяцца і да Майсеевага закону, і да Бога. Грэх жанчыны відавочны, але ён не засмуціў іх, а несумненна ўзрадаваў, як зручная нагода, каб злавіць Езуса ў пастку. Гэтак жа ім было ўсё адно, ці будуць выкананыя загады Майсея, яны лічылі абодва варыянты развіцця падзеяў прыдатнымі для сябе. 

Мы не фарысеі, не ворагі Езуса, але гэтаксама можам паддацца падобным спакусам і памылкам. У нашых сэрцах гэтаксама можа схавацца пагарда. Мы гэтаксама можам узяць на сябе ролю абаронцаў Бога, для якіх Бог і Яго закон з крыніцы асвячэння ператворацца ў абух, якім б’юць праціўнікаў па галаве. Мы можам пачаць клапаціцца не пра Божую любоў, а выключна пра пачуццё ўласнай праведнасці, большай мудрасці і дасканаласці ў параўнанні з іншымі. Мы амаль напэўна паддамося гэтай спакусе, калі будзем імкнуцца давесці Богу сваю святасць, апраўдацца перад Ім. Аднак чым больш старанна да гэтага імкнуцца, тым менш гэта атрымліваецца. Адзінае, што нам застаецца, гэта верыць словам Езуса: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

Айцец Крыштаф Коц’ян OP 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла