«Дык выйдзем жа і мы да Яго…»

Пальмовая нядзеля, Нядзеля Мукі Пана, год С (14.04.2019)

Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем. І калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. І, калі ўвойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”». 

Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім. А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?» Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану». І прывялі яго да Езуса, і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса. А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе. Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі, кажучы:

«Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!
Спакой у небе і хвала на вышынях!»

Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!» А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!» (Лк 19, 28–40) 

 *  *  *

Паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата. Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія кароль». Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты кароль Юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш». Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку». Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль!»

Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? І, даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме. Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак. І задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў.

А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата. І ў той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.

Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей, сказаў ім: «Вы прывялі да Мяне гэтага Чалавека, як таго, хто бунтуе народ. І вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго». 

Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!», а Бараба быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства. 

Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» 

Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго».

Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. І Пілат вырашыў, каб споўнілася іх просьба. Таму адпусціў ім пасаджанага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?» 

Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль Юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль Юдэйскі». 

Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.

Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў справядлівы!» І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта. (Лк 23, 1–49)

 

«Дык выйдзем жа і мы да Яго…»

Слова Божае, якое чытаецца ў Пальмовую нядзелю — гэта слова, якое мы павінны не толькі пачуць, а яшчэ і перажыць у кантэксце літургіі гэтага дня. Мы праходзім працэсіяй з упрыгожанымі вербачкамі і слухаем Евангелле пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем. Гэта мы ўрачыста вітаем свайго Караля і Валадара. Заўважце, валадарства Яго паходзіць не з гэтага свету, і пра гэта сведчаць акалічнасці падзеі. Езус ўваходзіць ў Ерузалем не трыумфальна: з вялікай світай, конна, як звычайна рабілі каралі-заваёўнікі. Ён уязджае ў горад на восліку, а тыя, хто Яго вітае, — простыя людзі, пілігрымы. Каб убачыць Яго Валадарства і распазнаць ў Ім Караля, патрэбнае намаганне, патрэбная вера, аб’яўленне Бога Айца.

Ў другім Евангеллі літургіі Пальмовай нядзелі, якое пачуем,  мы сустрэнем таго самага Караля, толькі цяпер пазнаць Яго яшчэ цяжэй. Ён зжраджаны, арыштаваны, зняважаны, бічаваны выходзіць на Крыжовы шлях, выходзіць з горада. Вакол зноў натоўп, але галасы ўжо не вітаюць свайго Караля…

Ці застанемся з Езусам, нягледзячы на выпрабаванні? Можа мы знойдзем сябе ў натоўпе, які вітае Езуса, а бічаваны і скрываўлены Кароль з цяжкім крыжам на плячах будзе здавацца нам зацяжкім перажываннем, і мы будзем імкнуцца аказацца як найдалей ад усяго гэтага. Ці застанемся мы і на Крыжовым шляху вучнямі Хрыста? «Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім здзекі, бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага» (пар. Гбр 13, 13–14).


Айцец Павел Мажэйка OP 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла