Эўхарыстыя — таямніца веры і любові

Вялікі чацвер

«Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прый­шла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палю­біўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх»[1]. Гэтымі словамі святы Ян аб’яўляе чытачу свайго Евангелля, што ў гэты дзень павінна адбыцца нешта вялікае і незвычайнае. Поўныя сардэчнасці і пачуцця, яны служаць ўводзінамі да надыходзячай падзеі. Падобныя словы знаходзім і ў Евангеллі паводле Лукі: «Я вельмі хацеў, — кажа Пан, — спажыць гэтую Пасху з вамі, перш чым буду цярпець»[2]. Папросім жа Духа Святога, каб Ён навучыў нас разумець кожны выраз і кожны рух Езуса Хрыста, бо мы хочам жыць звышнатуральным жыццём; бо Пан аб’явіў сваю волю стаць пасілкам для нашых душаў; бо мы прызнаем, што толькі Ён мае «словы жыцця вечнага»[3].

Дзякуючы веры мы вызнаем разам з Сымонам Пятром: «А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога»[4]. Менавіта гэтая вера, злучаная з нашай пабожнасцю, схіляе нас наследаваць у гэтыя найважнейшыя моманты адвагу Яна: наблізіцца да Езуса, прыпасці галавою да грудзей Настаўніка[5], які горача палюбіў сваіх і — як мы толькі што пачулі — будзе дарэшты любіць іх.

Усе спробы нават прыблізна растлумачыць таямніцу Вялікага чацвярга аказваюцца ўбогімі. Але няцяжка ўявіць, якія пачуцці перапаўнялі Сэрца Езуса Хрыста ў гэты вечар — апошні вечар, які Ён правёў са сваімі напярэдадні ахвяры, складзенай на Кальварыі.

Паразважайце над тым, што знаёма кожнаму: развітанне людзей, якія любяць адно аднаго. Яны хацелі б заўсёды быць разам, але абавязак — той ці іншы — прымушае іх расстацца. Яны горача прагнуць не разлучацца і надалей, але не могуць. Чалавечая любоў, нават самая вялікая, абмежаваная, ёй патрэбны сімвалы. Развітваючыся, людзі абменьваюцца на памяць нейкімі падарункамі, можа, фотаздымкамі з такімі палкімі прысвячэннямі, што дзіўна, як толькі ад іх не згарае папера. Яны не здольныя на большае, бо магчымасці стварэнняў заўсёды меншыя за іх жаданні.

Тое, што недасяжна для нас, можа ўчыніць Пан. Езус Хрыстус, дасканалы Бог і дасканалы чалавек, пакідае нам не сімвал, а рэальнасць: Ён сам застаецца з намі. Ён пойдзе да свайго Айца, але будзе прабываць з людзьмі. Ён пакіне нам не звычайны падарунак, які ўваскрашаў бы ў нас памяць пра Яго, не фотаздымак, які з цягам часу расплываецца, блякне і страчвае сэнс для ўсіх, хто не быў удзельнікам той падзеі, моманту праяўлення любові. У постацях хлеба і віна сапраўды прысутны Ён: са сваім Целам, сваёю Крывёю, Душою і Боскасцю.

 

Радасць Вялікага чацвярга

Як лёгка зразумець цяпер няспынныя малітоўныя заклікі, якія ва ўсе часы хрысціяне ўзносяць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам! «Праслаўляй, язык, нястомна Цела Панскае і Кроў, слаў жа той Ахвяры тайну, што стварыла свет наноў. Бог з улоння чыстай Панны на зямлю да нас прыйшоў»[6]. Трэба з глыбокаю пашанаю пакланяцца гэтаму ўкрытаму Богу[7]. Гэта той самы Езус Хрыстус, народжаны з Дзевы Марыі, які пакутаваў і быў ахвяраваны на крыжы; той самы, з чыйго прабітага боку выцеклі кроў і вада[8].

Вось святая гасціна, падчас якой мы прымаем самога Хрыста; на ёй аднаўляецца памяць пра Яго пакуты, і разам з Ім душа пачынае ўнутраны дыялог са сваім Богам і атрымлівае задатак будучай славы[9]. Так літургія Кас-цёла ў кароткіх радках падсумавала змест галоўных раздзелаў з гісторыі той палаючай любові, якою адорвае нас Пан.

Бог нашай веры — гэта не нейкая далёкая істота, якая абыякава глядзіць на лёс чалавецтва: на нашыя імкненні, змаганні, трывогі. Гэта Айцец, які дарэшты любіць сваіх дзяцей — так, што паслаў Слова, другую Асобу Найсвяцейшай Тройцы, каб Яно, уцелавіўшыся, памерла за нас і нас збавіла. Гэта той самы любячы Айцец, які цяпер далікатна прыцягвае нас да сябе праз дзеянне Святога Духа, што жыве ў нашых сэрцах.

Радасць Вялікага чацвярга караніцца ў гэтым: у разуменні таго, што Стварыцель пераўзышоў усе межы ў любові да сваіх стварэнняў. Наш Пан Езус Хрыстус (нібы ўсіх іншых доказаў Яго міласэрнасці не было дастаткова) устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, каб мы заў­сёды маглі мець Яго самога побач з сабою; а таксама, наколькі мы можам меркаваць, — таму што Той, які ні ў чым не мае патрэбы, ахоплены сваёй любоўю, не пажадаў абыходзіцца без нас. Тройца палюбіла чалавека, узнятага да парадку ласкі і створанага паводле Яе вобразу і Яе падабенства[10], збавіла яго ад граху — ад граху Адама, што перайшоў на ўсіх ягоных нашчадкаў, і ад асабістых грахоў кожнага чалавека — і горача прагне пасяліцца ў нашай душы: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго»[11].

 

Эўхарыстыя і таямніца Тройцы

Гэты трынітарны струмень любові да людзей найдасканалейшым чынам увекавечаны ў Эўхарыстыі. Шмат гадоў таму ўсе мы вывучылі ў катэхізісе, што святая Эўхарыстыя можа разглядацца як Ахвяра і як Сакрамэнт, і што Сакрамэнт ушаноўваецца намі ў Камуніі і ў Най­свяцейшым Сакрамэнце алтара, які захоўваецца ў табэрнакулюме. Касцёл прысвяціў эўхарыстычнай таямніцы, Целу Хрыста, Corpus Christi, прысутнаму ва ўсіх табэрнакулюмах свету, іншае свята. А сёння, у Вялікі чацвер, мы засяродзім свае думкі на святой Эўхарыстыі як Ахвяры і пасілку: на святой Імшы і святой Камуніі.

Я казаў пра трынітарны струмень любові да людзей. А дзе можна ўбачыць яго больш выразна, чым у святой Імшы? Усе Асобы Святой Тройцы прымаюць удзел у святой Ахвяры алтара. Таму мне так падабаецца паўтараць у калекце, у сэкрэце[12] і ў малітве пасля Камуніі гэтыя фінальныя словы: «Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, — звяртаемся мы да Айца, — які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн».

Падчас святой Імшы ў малітве мы няспынна заклікаем Айца. Святар увасабляе вечнага Святара, Езуса Хрыста, які ў той жа час з’яўляецца Ахвяраю. І дзеянне Духа Святога падчас святой Імшы не менш невымоўнае і не менш несумненнае. «Моцаю Духа Святога, — піша святы Ян Дамаскін, — адбываецца перамяненне хлеба ў Цела Хрыстовае»[13].

Гэтае дзеянне Духа Святога выразна выяўляецца, калі святар звяртаецца да Бога, просячы аб благаслаўленні дароў: «Прыйдзі, Асвяціцель, усемагутны вечны Божа, і благаславі гэтую ахвяру, прыгатаваную дзеля праслаўлення святога імя Твайго»[14], ахвяру ўсеспалення, якая аддасць належную хвалу Найсвяцейшаму імені Бога. Асвячэнне, аб якім мы молім, сыходзіць ад Суцяшыцеля, спасланага нам ад Айца і Сына. Мы прызнаем таксама гэтую дзейсную прысутнасць Духа Святога ў Ахвяры, молячыся перад Камуніяй: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, Ты па волі Айца пры садзеянні Духа Святога праз сваю смерць даў жыццё свету...»[15]

Уся Тройца прысутнічае ў Ахвяры алтара. Па волі Айца пры садзеянні Духа Святога Сын прыносіць сябе ў збаўчую ахвяру. Будзем жа вучыцца звяртацца да Найсвяцейшай Тройцы, Трыадзінага Бога: да трох Боскіх Асобаў у адной субстанцыі, адной любові, у адным дзейс­ным асвячальным дзеянні.

Адразу пасля абмывання рук святар кажа: «Прымі, Святая Тройца, гэтае прынашэнне, якое мы складаем Табе на ўспамін мукі, уваскрасення і ўнебаўшэсця Езуса Хрыста, Пана нашага»[16]. А напрыканцы Імшы ёсць іншая малітва, палымянае ўшанаванне Трыадзінага Бога: Placeat tibi, sancta Trinitas, obsequium servitutis meae... «Няхай мілым будзе Табе, Святая Тройца, пакорнасць майго служэння; учыні, каб ахвяра, якую я, нягодны, склаў перад абліччам Тваёй Велічы, была прыемнаю Табе, а мне і ўсім, за каго я склаў яе, паслужыла ўміласціўленнем дзякуючы Тваёй міласэрнасці»[17].

Святая Імша — паўтараю — гэта боскае, трынітарнае дзеянне, не чалавечае. Святар, які цэлебруе Імшу, спаўняе намер Пана, пазычаючы Яму свае цела і голас; ён дзейнічае не ад свайго імя, але in persona et in nomine Christe, у асобе і ад імя Хрыста.

Любоў Найсвяцейшай Тройцы да людзей учыняе так, што з прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі вынікаюць усе Божыя ласкі для Касцёла і чалавецтва. Гэта Ахвяра, пра якую прарочыў Малахія: «Ад усходу сонца да захаду праслаўлена будзе імя Маё паміж народамі, і на кожным месцы дар кадзільны будзе складацца імені Майму і ахвяра чыстая»[18]. Гэта Ахвяра Хрыста, якая прыносіцца Айцу пры садзеянні Духа Святога, — тая бясцэнная Ахвяра, што ўвекавечвае ў нас Адкупленне, якога не маглі дасягнуць ахвяры Старога Запавету.

 

Святая Імша ў жыцці хрысціяніна

Такім чынам, святая Імша ставіць нас перад найважнейшымі таямніцамі веры, бо з’яўляецца дарам Найсвяцейшай Тройцы для Касцёла. Таму мы лічым Імшу цэнтрам і коранем духоўнага жыцця хрысціяніна. Яна — «мэта ўсіх сакрамэнтаў»[19]. У святой Імшы дасягае сваёй паўнаты жыццё Божай ласкі, якая дадзена нам праз хрост і ўзрастае, умацаваная канфірмацыяй. «Прымаючы удзел у Эўхарыстыі, — піша святы Кірыл Ерузалемскі, — мы перажываем адухаўленне і абагаўленне праз Духа Святога, які не толькі прыпадабняе нас да Хрыста, як гэта адбываецца падчас хросту, але і цалкам хрыстызуе, далучаючы да паўнаты Езуса Хрыста»[20].

Святы Дух, зыходзячы на нас і хрыстызуючы, чыніць так, што мы пачынаем усведамляць сябе Божымі дзецьмі. Суцяшыцель, які ёсць любоўю, вучыць нас грунта­ваць на гэтай цноце ўсё сваё жыццё; і, consummati in unum, «з’яднаныя ў адно»[21] з Хрыстом, мы можам стаць­ сярод людзей тым, чым, паводле святога Аўгустына, з’яўляецца Эўхарыстыя, — «знакам еднасці, повяззю любові»[22].

Не адкрыю нічога новага, калі скажу, што некаторыя хрысціяне маюць вельмі слабое ўяўленне пра святую Імшу; для многіх яна з’яўляецца выключна знешнім абрадам, калі не сацыяльным перажыткам. А справа
ў тым, што нашыя ўбогія, вартыя жалю сэрцы могуць перажываць як нешта будзённае найбольшы дар Бога для чалавека. У святой Імшы, у гэтай святой Імшы, якая цяпер цэлебруецца, прысутнічае — паўтараю — асаблівым чынам Найсвяцейшая Тройца. Каб адпаведна адказаць на такую любоў, патрэбная цалкавітая адданасць душы і цела: мы слухаем Бога, размаўляем з Ім, бачым Яго, спажываем Яго. І, калі словаў не хапае, спяваем, заахвочваючы свой язык — Pange, lingua![23] — каб перад усім чалавецтвам ён праслаўляў веліч Пана.

Перажываць святую Імшу — значыць трываць у ня­спыннай малітве; ва ўпэўненасці, што для кожнага з нас гэта асабістая сустрэча з Богам; мы пакланяемся Яму, праслаўляем Яго, звяртаемся да Яго з просьбамі, дзякуем Яму, кампенсуем за нашыя грахі, ачышчаемся, адчуваем сваё адзінства ў Хрысце з усімі хрысціянамі.

Магчыма, часам мы пыталіся ў сябе: як нам адказаць на такую Божую любоў? Магчыма, нам хацелася атры­маць дакладна распісаную праграму хрысціянскага жыцця. Рашэнне простае, і кожны хрысціянін здольны гэтага дасягнуць: з любоўю прымаць удзел у святой Імшы, навучыцца падчас яе размаўляць з Богам, бо ў гэтай Ахвяры заключана ўсё, чаго жадае ад нас Пан.

Мне хацелася б нагадаць вам пра тое, што вы столькі разоў назіралі самі, — разгортванне літургічнай цырымоніі. Калі прасачыць яе крок за крокам, магчыма, Пан адкрые кожнаму з нас, што трэба ў сабе палепшыць, якія выкараніць хібы, якім павінна быць нашае братэрскае стаўленне да ўсіх людзей.

Святар накіроўваецца да алтара Бога, да Бога радасці і весялосці нашай[24]. Святая Імша распачынаецца спевам радасці, бо ў ёй прысутны Бог. Гэтая радасць, злучаная з удзячнасцю і любоўю, праяўляецца ў цалаванні алтара, які з’яўляецца сімвалам Хрыста і памяці пра святых, — малога, але асвечанага месца, бо на гэтым ахвярніку цэлебруецца сакрамэнт, дзейсная моц якога невымерная.

У чыне агульнага вызнання грахоў Confiteor[25] мы становімся перад уласнай нявартасцю; тут не абстракт­ны ўспамін пра віну, а вельмі канкрэтная прысутнасць нашых грахоў і памылак. Таму мы паўтараем: Kyrie eleison, Christe eleison; «Пане, змілуйся над намі, Хрыстэ, змілуйся над намі». Калі б неабходнае нам прабачэнне залежала ад нашых заслугаў, то ў гэты момант душу перапаўняў бы горкі смутак. Але, дзякуючы Божай дабрыні, мы атрымліваем прабачэнне праз Яго міласэрнасць і адразу ж праслаўляем Яго гімнам Gloria[26]: «Бо толькі Ты святы, толькі Ты наш Пан, толькі Ты Найвышэйшы, Езу Хрыстэ, з Духам Святым у хвале Бога Айца».

Цяпер мы слухаем словы Святога Пісання, чытанняў і Евангелля — гэтых прамянёў Духа Святога, які прамаўляе да нас праз галасы людзей, каб наш розум пазнаваў і сузіраў, каб воля ўмацоўвалася і справа здзяйснялася. Бо ўсе мы — адзіны народ, які вызнае адзіную веру, адно Credо[27]; народ, сабраны ў еднасці Айца, Сына і Духа Святога»[28].

Далей — ахвяраванне дароў: хлеба і віна, пладоў працы людской. Гэта няшмат, але ахвяраванню спадарожнічае малітва: «Прымі, Пане Божа, нас, якія стаім перад Табою ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы, а наша ахвяра, якую сёння складаем, няхай будзе Табе даспадобы»[29]. І зноў мы ахопленыя ўспамінам пра ўласнае ўбоства і жаданнем, каб усё, што мы прыносім Пану, было чыстым і беззаганным: «Буду абмываць рукі свае ў нявіннасці <...> Пане, палюбіў я прыгажосць дому Твайго»[30].

Хвіліну назад, перад чынам абмывання рук, мы заклікалі Духа Святога, просячы благаславіць ахвяру, якая складаецца на праслаўленне Яго святога імя. Пасля гэтага мы звяртаемся з малітваю да Святой Тройцы — Suscipe sancta Trinitas[31], — каб прыняла прынашэнне, якое мы складаем на ўспамін жыцця, мукі, уваскрасення і ўнебаўшэсця Езуса Хрыста, з пашанаю ўспамінаючы благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю і ўсіх святых.

Каб гэтая ахвяра паслужыла збаўленню ўсіх, святар заклікае: Orate, fratres[32], бо гэта мая і вашая ахвяра, ахвяра ўсяго Касцёла святога. Маліцеся, браты і сёстры, нават тады, калі вас сабралася мала, нават тады, калі прысутнічае толькі цэлебрант, бо кожная Імша з’яўляецца паўсюдным ахвяраваннем, адкупленнем людзей з кожнага роду і мовы, і племені, і народу[33].

Дзякуючы еднасці святых усе хрысціяне атрымліваюць ласкі падчас кожнай святой Імшы, незалежна ад таго, цэлебруецца яна перад шматтысячным натоўпам ці святару асістуе толькі адзін хлопец, можа, часам і няўважлівы. У кожным выпадку злучаюцца неба і зямля, каб разам з анёламі Божымі спяваць: Sanctus, Sanctus, Sanctus...[34]

Я спяваю, праслаўляючы Пана разам з анёламі; гэта не складана для мяне, бо я ведаю, што акружаны імі, калі цэлебрую святую Імшу. Яны адаруюць Тройцу. Я ведаю таксама, што і Найсвяцейшая Дзева пэўным чынам прымае ўдзел у літургіі дзякуючы сваёй духоўнай еднасці з Найсвяцейшай Тройцай, а таксама таму, што Яна з’яўляецца Маці Езуса, Ягонага Цела і Ягонай Крыві; Маці Хрыста, дасканалага Бога і дасканалага Чалавека. У жылах Езуса Хрыста, які быў зачаты ва ўлонні Най­свяцейшай Дзевы Марыі без удзелу мужа, адною моцаю Духа Святога, цячэ Кроў Яго Маці, і гэтая самая Кроў прыносіцца як збаўчая Ахвяра, — на Кальварыі і падчас святой Імшы.

Так распачынаецца канон — эўхарыстычная маліт­ва, у якой мы называем нашага Бога clementissime Pater, міласцівым Айцом. Мы просім Яго за Касцёл і за ўсіх вернікаў: за Папу, за нашыя сем’і, за нашых сяброў і знаёмых. Католік, сэрцу якога ўласцівая паўсюднасць, моліцца за ўвесь свет, бо нішто не можа быць абмінутае ўзнёслым запалам гэтай малітвы. Каб гэтая просьба была прынятая, мы ўзгадваем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю і тую невялікую групу людзей, якія першымі пайшлі за Хрыстом і памерлі за Яго, мы яднаемся з імі.

Quam oblationem...[35] Набліжаецца момант кансэкрацыі. Цяпер у святой Імшы зноў праз святара дзейнічае Хрыстус: «Гэта ёсць Цела Маё. Гэта ёсць келіх Крыві Маёй». Езус прабывае з намі! У transsubstantiatio — пераўтварэнні — паўтараецца бязмежная Божая палкасць, прадыктаваная любоўю. Калі сёння зноў паўторыцца гэты момант, няхай кожны з нас без гучных словаў скажа Пану, што нішто не зможа аддзяліць нас ад Яго, што Яго гатоўнасць аддаць сябе — безабароннага — і Яго рашэнне прабываць з намі ў такіх недаўгавечных постацях хлеба і віна ўчынілі нас Яго добраахвотнымі нявольнікамі: praesta meae menti de te vivere, et te illi semper dulce sapere[36]; учыні, каб мая душа жыла Табою і заўсёды адчувала слодыч Тваёй ласкавасці.

Зноў просьбы, бо мы, людзі, амаль заўсёды схільныя прасіць: за нашых памерлых братоў і сясцёр, за нас саміх. Тут заключаныя таксама ўсе нашыя здрады, нашая мізэр­насць. Цяжар вялікі, але Пан хоча несці яго замест нас і з намі. Канон заканчваецца яшчэ адным заклікам да Святой Тройцы: Per Ipsum, et cum Ipso, et in Ipso... «Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, — нашай Любові, — Табе, Божа, Ойча ўсемагутны, у еднасці Духа Святога ўся пашана і хвала праз усе вякі вечныя».

Хрыстус — гэта Дарога, Пасрэднік, у Ім — усё, па-за Ім — нічога. У Хрысце, навучаныя Ім, мы асмельваемся звяртацца да ўсемагутнага Бога: Ойча наш. Той, хто стварыў неба і зямлю, з’яўляецца любячым Айцом, які заўсёды чакае нашага вяртання, — чакае кожнага з нас, хоць мы зноў і зноў паводзім сябе як новыя марнатраўныя сыны.

Ecce Agnus Dei... Domine, non sum dignus...[37] Зараз мы прымем Пана. У гэтым свеце, каб годна прыняць важных асобаў, неабходныя святло, музыка, урачыстыя строі. А як нам трэба падрыхтавацца, каб прыняць Хрыста ў сваёй душы? Ці думалі мы калі-небудзь, як паводзілі б сябе, калі б маглі толькі адзін раз у жыцці прыняць святую Камунію?

Калі я быў дзіцем, яшчэ не пашырылася прак­тыка частага прыняцця Камуніі. Памятаю, як людзі рыхтаваліся, каб прыступіць да гэтага сакрамэнту: рупіліся, каб прывесці да ладу сваю душу і цела. Найлепшы строй, добра прычасаныя валасы, вымытае цела і нават крыху парфумы... Гэта была праява ўважлівасці, уласцівая закаханым асобам, далікатным і моцным душам, якія ўмеюць плаціць любоўю за любоў.

З Хрыстом у душы мы завяршаем святую Імшу: благаслаўленне Айца і Сына, і Духа Святога спадарожнічае нам на працягу ўсяго дня ў нашым простым і звычайным заданні: асвячэнне ўсёй вартай чалавека дзейнасці.

Прымаючы ўдзел у святой Імшы, вы навучыцеся звяртацца да кожнай з Боскіх Асобаў: да Айца, які нара­джае Сына; да Сына, народжанага ад Айца; да Духа Святога, што ад Іх паходзіць. Звяртаючыся да кожнай з трох Боскіх Асобаў, мы звяртаемся да адзінага Бога і, звяртаючыся да трох — да Тройцы, — мы таксама звяртаемся да адзінага і сапраўднага Бога. Любіце святую Імшу, дзеці мае, любіце святую Імшу. І прыступайце да святой Камуніі з прагаю, нават калі адчуваеце ўнутры халодную стрыманасць, нават калі эмоцыі маўчаць, — прымайце святую Камунію з верай, з надзеяй, з палкаю любоўю.


Падтрыманне адносінаў з Езусам Хрыстом

Не любіць Хрыста той, хто не любіць святой Імшы, хто не стараецца перажываць яе ўважліва і спакойна, з пабожнасцю, у любові. Любоў робіць чулым і далікатным таго, хто любіць; яна вучыць звяртаць увагу на дэталі — і клапаціцца пра іх, — якія часам бываюць зусім дробнымі, але заўсёды з’яўляюцца праяваю палкасці сэрца. Менавіта так мы павінны перажываць святую Імшу. Таму я схільны думаць, што той, каму хочацца, каб Імша была кароткай і паспешнай, такімі сваімі невысакароднымі паводзінамі дэманструе адсутнасць разумення таго, што значыць Ахвяра алтара.

Любоў да Хрыста, які ахвяруе сябе за людзей, заахвочвае нас знаходзіць некалькі хвілінаў пасля заканчэння Імшы для асабістай сяброўскай удзячнасці, якая ў цішыні сэрца падаўжае дзеянне той іншай удзячнасці, якою з’яўляецца Эўхарыстыя. Як нам звяртацца да Яго, як размаўляць з Ім, як паводзіць сябе?

Хрысціянскае жыццё не складаецца з жорсткіх нормаў, бо Дух Святы не кіруе душамі калектыўна, але кожную з іх вядзе паасобку, уліваючы ў яе тыя намеры, натхненні, памкненні і пачуцці, якія дапамогуць чалавеку прыняць і выканаць волю Айца. Аднак, думаю, часта асноваю, стрыжнем нашага дыялогу з Хрыстом у акце ўдзячнасці пасля святой Імшы можа стаць разважанне пра тое, што Пан з’яўляецца для нас Валадаром, Лекарам, Настаўнікам, Сябрам.

Ён — Валадар і горача прагне валадарыць у нашых сэрцах, у сэрцах Божых дзяцей. Але не будзем уяўляць Яго ўладу такою, якою ёсць улада людзей; Хрыстус не дамінуе, не жадае навязваць сваю волю, бо Ён «не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць»[38].

Яго Валадарства — гэта спакой, радасць, справядлівасць. Хрыстус, наш Валадар, чакае ад нас не пустых развагаў, а ўчынкаў, бо «не кожны, хто кажа Мне: „Пане, Пане“, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах»[39].

Ён — Лекар і аздараўляе нас ад эгаізму, калі мы да­зваляем Ягонай ласцы дасягнуць глыбіняў нашых душаў. Езус перасцерагаў нас, што самая страшная хвароба — гэта крывадушнасць, высакамернасць, якая вядзе да та­го, што чалавек не заўважае ўласныя грахі. У адносінах з Лекарам неабходная абсалютная шчырасць, трэба адкрыць Яму ўсю праўду і сказаць: Domine, si vis, potes me mundare; «Пане, калі хочаш, — а Ты заўсёды гэтага хочаш, — можаш мяне ачысціць»[40]. Ты ведаеш маю слабасць; я адчуваю такія і такія сімптомы, пакутую ад такіх і такіх немачаў. І трэба шчыра паказаць Яму свае раны; і гной, калі ёсць гной. Пане, Ты, які аздаравіў столькі душаў, учыні, каб, прымаючы Цябе ў сваё сэрца або сузіраючы ў табэрнакулюме, я прызнаваў Цябе боскім Лекарам.

Ён — Настаўнік у навуцы, якою валодае толькі Ён сам: у навуцы бязмежнай любові да Бога і, у Богу, да ўсіх людзей. У школе Хрыста мы вучымся таму, што нашае жыццё нам не належыць, бо Ён адарыў сваім жыццём усіх людзей; і, калі мы ідзем за Ім, то павінны зразумець, што не можам эгаістычна прысвоіць сваё жыццё і карыстацца ім, не раздзяляючы бедаў іншых людзей. Нашае жыццё належыць Богу, і мы павінны аддаваць яго на служэнне Яму, рупліва клапоцячыся пра ўсе душы, сваім словам і прыкладам паказваючы ім глыбіню патрабаванняў хрысціянства.

Езус чакае, што мы будзем падтрымліваць у сабе прагненне пазнаваць Яго навуку, і паўтарае для нас: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е»[41]. А мы адказваем: «Навучы нас забывацца пра сябе, каб думаць пра Цябе і іншыя душы». Тады Пан з дапамогаю сваёй ласкі вя­дзе нас наперад, як гэта было, калі мы вучыліся пісаць, — памятаеце тыя дзіцячыя палачкі, якія вы выво­дзілі з дапамогаю рукі настаўніка? — і так мы пачынаем атрымліваць асалоду ад шчасця сведчыць пра нашую веру — яшчэ адзін Божы дар, — у тым ліку праз выразныя рысы хрысціянскіх паводзінаў, у якіх усе людзі змогуць распазнаць Божыя цуды.

Ён — Сябра, найлепшы Сябра. Vos autem dixi amicos; «Я ж назваў вас сябрамі»[42], — кажа Пан. Ён зрабіў першы крок, першы палюбіў нас. Аднак Бог не навязвае сваю любоў — Ён прапануе яе, паказваючы яе ў найвыразнейшым знаку сяброўства: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх»[43]. Ён быў сябрам Лазара і плакаў па ім, калі ўбачыў мёртвага, і Ён жа ўваскрасіў яго. Калі Ён убачыць нашую халод­насць і абыякавасць, а магчыма — здранцвенне і згасанне нашага духоўнага жыцця, тады Яго плач стане для нас жыццём: «Кажу табе, дружа мой, устань і ідзі[44], выйдзі з гэтага цеснага жыцця, якое не ёсць жыццём».

Нашае разважанне сёння, у Вялікі чацвер, набліжаецца да завяршэння. Калі Пан дапамог нам — а Ён заўсёды гатовы дапамагчы, дастаткова адкрыць Яму сваё сэрца, — мы адчуем патрэбу адказаць Яму самым істотным: любоўю. І будзем здольныя пашыраць гэтую любоў на ўсіх астатніх людзей праз жыццё ў служэнні. «Я даў вам прыклад»[45], — кажа Езус сваім вучням, абмыўшы ім ногі падчас Апошняй Вячэры. Давайце выганім са сваіх сэрцаў пыху, ганарыстыя памкненні, жаданне панаваць над усім. Тады побач з намі і ў нас саміх будуць валадарыць спакой і радасць, укаранёныя ў асабістай ахвяры.

Нарэшце, звернем свае сыноўскія думкі да Марыі, Маці Бога і нашай Маці. Прабачце, што я зноў звяртаюся да сваіх дзіцячых успамінаў: калі святы Пій Х стаў пашыраць практыку частага прыняцця святой Камуніі,
на маёй радзіме быў вельмі распаўсюджаны адзін абраз. На ім была паказана Панна Марыя, якая ўшаноўвала святую Гостыю. Сёння, як тады і як заўсёды, Найсвяцейшая Панна Марыя вучыць нас звяртацца
да Езуса, распазнаваць Яго і знаходзіць ў розных абставінах штодзённага жыцця і, асаблівым чынам,
у гэтыя самыя ўзнёслыя імгненні, калі час злучаецца з вечнасцю, — у святой Ахвяры Імшы: Езус жэстам Вечнага Святара прыцягвае да сябе ўсё стварэнне, каб divino afflante Spiritu, подыхам Духа Святога, паставіць яго перад абліччам Бога Айца.

 

Святы Хосэмарыя Эскрыва.

Гамілія, прамоўленая 14 красавіка 1960 года, у Вялікі чацвер

 



[1]  Ян 13, 1.

[2]  Лк 22, 15.

[3]  Ян 6, 68.

[4]  Ян 6, 69.

[5]  Пар. Ян 13, 25.

[6]  Гімн Pange lingua («Праслаўляй, язык»).

[7]  Пар. Гімн Adoro te devote («Праслаўляю з верай»).

[8]  Пар. Гімн Ave verum.

[9]  Пар. Гімн O sacrum convivium.

[10] Пар. Быц 1, 26.

[11] Ян 14, 23.

[12] Сэкрэтаціхая малітва, якую прамаўляе святар пасля ахвяравання дароў перад заклікам «Маліцеся, браты і сёстры...». Гамілія была прамоўленая ў 1960 г., таму ўсе прыведзеныя ў ёй малітвы і абрады святой Імшы належаць да дасаборнай літургіі.

[13] Св. Ян Дамаскін. De fide ortodoxa, 13 // PG 94, 1139.

[14] Пар. Missale Romanum, малітва над дарамі: Veni sanctificator omni­potens aeterne Deus, et benedic hoc sacrificium tuo sancto nomini prae­paratum.

[15] Пар. Missale Romanum, малітва перад Камуніяй: Domine Iesu Christe, Fili Dei vivi, qui ex voluntate Patris, cooperante Spiritu Sancto, per mortem tuam mundum vivificasti...

[16] Пар. Missale Romanum, малітва пасля абмывання рук: Suscipe sancta Trinitas hanc oblationem, quam tibi offerimus ob memoriam passionis resurrectionis et ascensionis Iesu Christi Domini nostri.

[17] Пар. Missale Romanum, малітва перад заключным благаслаўленнем: Placeat tibi, sancta Trinitas, obsequium servitutis meae: et praesta, ut sacrificium quod oculis tuae maiestatis indignus obtuli, tibi sit acceptabile, mihique, et omnibus pro quibus illud obtuli, sit te miserante propitiabile.

[18] Пар. Мал 1, 11.

[19] Св. Тамаш Аквінскі. Summa theologiae, III, q. 65, a. 3.

[20] Св. Кірыл Ерузалемскі. Catequeses, 22, 3.

[21] Ян 17, 23.

[22] Св. Аўгустын. In Ioannis Evangelium tractatus, 26, 13 // PL 35, 1613.

[23] Першыя словы гімна Pange, lingua Праслаўляй, язык»).

[24] Пар. Пс 43 (42), 4.

[25] Спавядаюся (з лац.).

[26] Хвала (з лац.).

[27] Веру (з лац.).

[28] Св. Кіпрыян. De dominica oratione, 23 // PL 4, 553.

[29] Малітва падчас прыгатавання дароў (Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 535).

[30] Пар. Missale Romanum, малітва падчас абмывання рук: Lavabo inter innocentes manusmeas <...> Domine, dilexi decorem domus tuae (парПс 26 [25], 6–8).

[31] Прымі, Святая Тройца (з лац.); пар. Missale Romanum, малітва падчас абмывання рук.

[32] Першыя словы закліку да народа: «Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашую ахвяру...» (Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 535).

[33] Пар. Ап 5, 9.

[34] Святы, Святы, Святы... (з лац.).

[35] Пар. Missale Romanum, малітва перад кансэкрацыяй; пар. І эўхарыстычная малітва: «Просім Цябе, Божа, моцаю свайго благаслаўлення асвяці гэтыя дары...» (Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 802).

[36] Гімн Adoro te devote.

[37] «Вось Баранак Божы... Пане, я не варты...»; пар. абрад Камуніі (Рым­скі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 838).

[38] Мц 20, 28.

[39] Мц 7, 21.

[40] Мц 8, 2.

[41] Ян 7, 37.

[42] Ян 15, 15.

[43] Ян 15, 13.

[44] Пар. Ян 11, 43; Лк 5, 24.

[45] Ян 13, 15.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла