«Станьце Маімі рукамі…»

19 сакавіка, у дзень урачыстасці святога Юзафа, у памяшканні культурна-рэлігійнага цэнтра парафіі віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбыўся прэм’ерны паказ спектакля «Мой паламаны Хрыстус». Ажыццёўлены намаганнямі нядаўна створанай парафіяльнай тэатральнай трупы і яго кіраўнічкі сястры Ёнашы, ён прыцягнуў увагу гледачоў і добрым узроўнем  выканання галоўных роляў, і адмысловымі дэкарацыямі, і, галоўнае, – глыбінёю творчае задумы, цікавымі формамі яе ажыццяўлення. 

Восем юных актораў паспрабавалі данесці да аўдыторыі гісторыі людзей, якія так ці іначай сутыкнуліся (і некаторыя ўпершыню) з тым, што называецца Божым Провідам, вераю, міласэрнасцю. А найперш – з неабходнасцю даць недвухсэнсоўны адказ на пытанне: «Што патрабуе ад кожнага з нас Езус?». І хоць адказ гучыць на сцэне з вуснаў самога Езуса, шлях кожнага з персанажаў да яго ўсведамлення зусім няпросты. 

«Хачу, каб ты быў Маім плячом. Каб ты і ўсе ахрышчаныя сталі Маімі рукамі. Ты Мне патрэбны. Вы ўсе Мне патрэбныя», – такі лейтматыў спектакля, які так хораша гучаў у цішыні напоўненага чаканнем свята Уваскрасення Пана дзякуючы старанням актораў-пачаткоўцаў Ганны і Сашы Абламунцоў, Ванды і Ядзі Асіпенкаў, Уладзіслава Каржанеўскага, Пятра Образава, Ягора Мінца, Вольгі Багданавай. 

Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Андрэй Аніскевіч ад імя парафіяльнай супольнасці падзякаваў удзельнікам імпрэзы за цудоўны падарунак парафіянам да свята Вялікадня і выказаў спадзяванне, што гэты спектакль станецца пачаткам новых творчых дасягненняў маладога тэатральнага калектыву. 

Францішак Дубраўскі.

Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла