Дзіцячы, але не спрошчаны: другое выданне малітоўніка «Мы — дзеці Божыя»

Малітоўнік «Мы — дзеці Божыя», першае выданне якога выйшла ў выдавецтве «Pro Christo» ў 2006 годзе, — свайго роду класіка дзіцячай рэлігійнай літаратуры на беларускай мове, своеасаблівае «must have» для кожнага юнага католіка. Па-першае, у ім сабраныя ўсе асноўныя малітвы, тэксты набажэнстваў і спеваў, якія выкарыстоўваюцца ў літургіі Касцёла, а таксама «Кароткі катэхізіс», парадак святой Імшы, сакрамэнтаў хросту і пакаяння (у тым ліку «Рахунак сумлення»), інфармацыя пра іншыя «бачныя знакі нябачнай Божай ласкі», — адным словам, усё, што неабходна кожнаму дзіцяці, якое ўваходзіць у цудоўны і глыбокі свет каталіцкай веры. Па-другое, многія найважнейшыя тэксты суправаджаюцца ў малітоўніку кароткімі даступнымі тлумачэннямі, якія дапамогуць лепш зразумець сутнасць або мэту таго ці іншага набажэнства, а змешчаны напрыканцы кнігі «Слоўнік асноўных паняццяў» паспрыяе ўпарадкаванню атрыманых на катэхезе ведаў. 

Першы наклад малітоўніка «Мы — дзеці Божыя» карыстаўся вялікаю папулярнасцю не толькі сярод дзяцей, але і сярод дарослых вернікаў. Таму спадзяемся, што і другое яго выданне, якое нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Pro Christo», таксама стане заўсёдным спадарожнікам на шляху веры для новых пакаленняў беларускіх католікаў.

Чым адрозніваецца гэтае выданне ад папярэдняга? За дзесяць гадоў, якія аддзяляюць іх па часе, удасканалілася лексіка літургічных тэкстаў, што закранула вялікую частку малітваў, тэкстаў набажэнстваў і псальмаў, змешчаных у кнізе. Акрамя таго, другое выданне дапоўнілася новымі малітвамі ў раздзелах «Сакрамэнты», «Літургічны год» (у папярэднім выданні гэты раздзел меў толькі тэарэтычную інфармацыю), «Набажэнствы». Структура малітоўніка, выпрабаваная часам, таксама вымагала пэўных зменаў у адпаведнасці з новымі дапаўненнямі.

Нягледзячы на тое, што малітоўнік прызначаны для дзяцей, ён далёка не спрошчаны па сваім змесце, і таму будзе карысны ўсім вернікам, незалежна ад іх узросту.

Для набыцця кнігі, а таксама за дадатковай інфармацыяй запрашаем
у краму «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25,
тэл.: 8 (017) 293-17-53).


 

Ганна Шаўчэнка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла