Абавязак

Чацвёртая Велікодная нядзеля, год С (17.04.2016)

«Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рукі Маёй. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. Я і Айцец — адно».

(Ян 10, 27–30)

 

Абавязак

Чацвёртую нядзелю Велікоднага перыяду мы называем нядзеляй Добрага Пастыра. Кожны год мы слухаем урывак з дзясятяга раздзела Евангелля паводле святога Яна, дзе Езус гаворыць, што Ён — Добры Пастыр. Сёння слова «пастыр» не ўзгадваецца ні разу. 

Езус пачынае адразу гаварыць пра авечак. Калі паглядзець на гэты вобраз вачыма веры, адразу выявіцца, што гэта мы — малыя ягняты на зялёных пашах. Але гаворка Езуса не пра вясковую ідылію і не пра авечак. Яна пра Бога — Езуса і Яго Айца. Пра жыццё і смерць.

Езус хоча зберагчы і абараніць сваіх, сваіх авечак. І Ён не проста жадае гэтага, а робіць гэта. «Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рукі Маёй» — гэта не пустыя дэклараванні. Гэта сур’ёзнае абавязацельства, якому можна давяраць.

Айцец даверыў нас Езусу. Але Ён таксама даў Езуса нам, каб мы маглі жыць. І яшчэ Ён адначасова ўпэўнена і моцна трымае нас на сваёй далоні. 

Тое, што сказаў Езус, годнае веры, бо «Я і Айцец — адно».

Айцец Марцін Грандынгер OP
Па матэрыялах часопіса «W drodze»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла