Я люблю

Пятая Велікодная нядзеля, год С (24.04.2016)

Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце. Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».

(Ян 13, 31–35)

Я люблю

Людзі, на жаль, прызвычаіліся выкарыстоўваць адно і тое ж слова «любоў», каб акрэсліваць свае прыязныя адносіны да зусім розных аб’ектаў і праяваў рэчаіснасці. І яблыкі, і лета, і ката, і музыку, і спорт, і сяброў, і бацькоў, і сужэнцаў, і дзяцей — спіс можна працягваць да бясконцасці — усё і ўсіх мы «любім» або «не любім». Гэта часта прыводзіць да блытаніны і неразумення, што на самай справе хаваецца за гэтым словам. 

Напрыклад, распаўсюджаны выраз «займацца любоўю» па сваёй сутнасці не мае нічога агульнага з тым, да чаго заклікае Пан Езус, а часта наогул пярэчыць сапраўднай любові. Таму лепш было б часцей замест «люблю» казаць «мне падабаецца», «мне прыемна», «мяне прыцягвае» або «ў мяне выклікае сімпатыю» і г.д., бо ўзгаданыя выразы, хоць і даўжэйшыя, чым кароткае «люблю», аднак лепш адлюстроўваюць сутнасць з’явы, якая належыць да сферы ніжэйшых уласцівасцяў душы — пачуццяў, якія ў той ці іншай ступені прысутнічаюць і ў неразумных жывёлаў. 

А па-сапраўднаму сярод усіх зямных стварэнняў любіць здольны толькі чалавек, бо любоў — вынік дзейнасці вышэйшых уласцівасцяў душы: розуму і волі. Яна пераносіць акцэнт з сябе і сваіх адчуванняў на іншых. Розумам чалавек распазнае, што такое сапраўднае дабро, а воляй імкнецца зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб іншыя мелі і спазналі гэтае дабро. Пры гэтым уласныя перажыванні адыходзяць на другі план. Тое, што мы адчуваем у выніку знешніх уздзеянняў на нашыя органы пачуццяў (зрок, слых і г.д.) можа падабацца нам ці не падабацца, але ніхто не можа нас змусіць ці заахвоціць да таго ці іншага адчування. Канешне, актор на сцэне або перад камерай можа і павінен штучна выклікаць у сабе пэўныя эмоцыі, каб сыграць ролю, дый кожнаму чалавеку час ад часу даводзіцца хаваць свае пачуцці, але ўсё гэта ізноў жа вынік дзейнасці розуму і волі, які, аднак, мае часовы або павярхоўны характар і не ўплывае на ўнутранае стаўленне. 

Таму, кажучы «любіце адзін аднаго», Пан Езус мае на ўвазе не «падабайцеся адно аднаму» і нават не «будзьце прыемнымі людзьмі ва ўзаемаадносінах» (хоць гэта і не выключаецца), а перш за ўсё «рабіце дабро іншым». Пачуцці зменлівыя, любоў жа, калі яна сапраўдная, — пастаянная. Але і прывязанасць да асобы нельга называць любоўю, таму што ў гэтым пераважае ўсё ж уласнае добрае самаадчуванне ад прысутнасці ў жыцці гэтай асобы; нежаданне адпусціць яе, імкненне пазбавіць самастойнасці часта спадарожнічае такому стану і наносяць «любай» асобе вялікую шкоду. Бо сапраўдная любоў «не шукае свайго»… Наўрад ці можна лепш растумачыць яе сутнасць, чым у 13 раздзеле Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў, і наўрад ці хто можа шчыра сцвярджаць, што яго адносіны да бліжніх прасякнутыя любоўю. Думаецца, што лепш не кідацца такім словам, як «любіць», а паслядоўна імкнуцца рабіць больш дабра тым, хто нас атачае: бескарысліва, сціпла, не назаляючы. Так, каб вынікам гэтай працы стала ўдзячнасць, але не нам, а Богу. Бо ў сваю чаргу любіць Бога — азначае, між іншым, быць Яму ўдзячным за Яго дары: не марнаваць іх, а памнажаць і выкарыстоўваць для глыбейшага пазнання Божай волі ў нашым жыцці, цяперашнім і вечным. 

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла