Прыпавесці Святога Пісання праз мастацкія вобразы сучаснага іканапісу

Праз вобразы і сімвалы прыпавесцяў Езус Хрыстус звяртаецца ў сваіх размовах да вучняў. Напрыклад, гісторыі пра «засохлую смакоўніцу», пра «зерне гарчычнае» альбо «пра закваску» ўзятыя з рэальнага жыцця і тлумачаць і хрысціянскую духоўнасць сучаснаму чалавеку, а іх мова з’яўляецца спосабам выразу ісціны, дазваляе чалавеку бачыць далей і глыбей. 

У галерэі «Універсітэт культуры» адбылася выстава «Прыпавесці» міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы (Польшча), дзе 40 мастакоў розных традыцый і школ прадставілі свае ўяўленні біблейскіх тэкстаў і Святых Пісанняў у створаных імі вобразах сучаснага іканапісу.

У сваіх працах  аўтары звярнуліся да тэмы прыпавесцяў, тэкстаў Старога і Новага Запавету. З дапамогаю мастацкіх формаў і колеру яны паспрабавалі раскрыць сакральную тэматыку паводле ўласнага светапогляду. На экспазіцыі прадстаўлены беларускія, польскія, літоўскія, украінскія і грузінскія  ўдзельнікі.

Сваім уражаннем ад выстаўкі з нашымі чатачамі падзялілася Гаварун Кацярына:

«Тут сучаснае бачанне, больш чалавечых пачуццяў, выявы больш душэўныя, а не духоўныя. Мне вельмі спадабалася праца пад назвай “Аб міласэрным самарыцяніне”. У ёй адчуваецца імкненне аўтара да гледача праз яго выяву. Для мастацтва ікона — гэта не колер, не графічны прыём — гэта нейкае пачуццё, на якое ты глядзіш, і яно адклікаецца ў табе. Амаль у кожнай працы адчуваецца боль унутры чалавека». 

Сапраўды, вобразы ў многіх выявах даносяць да нас складаныя і глыбокія паняцці духоўнай рэчаіснасці. Каб зразумець іх неадназначныя сімвалы, трэба стварыць свой вобраз і прапусціць яго праз прызму свайго ўспрымання свету. 

Віктар Ведзень

  1. Гоча Какабадзэ (Грузія) “Аб міласэрным самарыцяніне” і “Хрыстос распавядае прыпавесці”
  2. Іванка Крыпякевіч-Дымыд (Украіна)  выява “Аб няплоднай смакойніцы” 
  3. Канстанцін Марковіч (Украіна) “Пра вясельны пір”
  4. Антон Дайнэка (Беларусь) “Пра няплодную смакоўніцу” 
  5. Наталля Лось (Беларусь) “Выгнанне з раю”
  6. Мікалай Доўнар (Беларусь) “Пра сейбіта”
  7. Кацярына Кузіў (Украіна) “Пра вінаграднік”
  8. Святаслаў Уладзіка (Украіна)  “Аб міласэрным самарыцяніне”
  9. Кацярына Дайнэка (Беларусь) “Добры Пастыр” 

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла