Зрабіць радыкальны крок:

па старонках майскага нумара часопіса «Ave Maria»

Паколькі месяц май традыцыйна прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле асабліваму набажэнству да Найсвяцейшай Панны Марыі, часопіс «Ave Maria» прапануе сваім чытачам у майскім нумары паразважаць пра вытокі Марыйнага культу (на старонках часопіса друкуецца ўрывак з апостальскай адгартацыі Marialis cultus папы Паўла VI), а таксама пра асабістую малітву да Маці Божай (гл. артыкул «Марыя, верная любові…» а. Юрыя Кулая OCD у рубрыцы «Школа малітвы»). 

Зразумела, што найбольшую цікавасць у чытачоў выклікаюць сведчанні веры іншых людзей, якія прайшлі праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні і захавалі любоў да Бога і бліжняга. Таму ў межах святкавання Году Божай Міласэрнасці ў часопісе працягваюць друкавацца матэрыялы пад рубрыкай «Божая міласэрнасць у нашым жыцці». На гэты раз сваім досведам дзеліцца Юзэфа Прасмыцкая ў артыкуле «Аднойчы я ўбачыла Езуса…»

Бядою многіх пакаленняў у нашай краіне, і не толькі ў нашай, стала алкагольная залежнасць, якая прыносіць у сем’і разлад і руйнуе жыцці многіх людзей. Гэтай балючай тэматыцы прысвечана інтэрв’ю Ірыны Жарнасек з айцом марыянінам Андрэем Сідаровічам «Зрабіць радыкальны крок», у якім святар дзеліцца сваімі метадамі змагання з п’янствам у парафіі.

Чарговую важную праблему закрануў кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне». «Калі заходзіць гаворка пра дарэмнае ўжыванне імя Божага, многія разумеюць гэта толькі як узгадванне Пана ў пустых размовах, жартах, па-за духоўнымі справамі. На самай справе ўсё значна сур’ёзней…», — піша аўтар у артыкуле «Імя Божае», дзе распавядае пра тое, якія выпадкі згадвання Божага імя з’яўляюцца парушэннем другой Божай запаведзі. 

Гэтыя і іншыя матэрыялы чакаюць чытачоў у рубрыках «Падзеі», «Школа малітвы», «Пра святую Імшу», «Старонка псіхолага», «Кветкі Божыя», «Моладзевы квартал», «На кніжнай паліцы», «З паэтычнай пошты».

Рэд.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла