Касцёл у дзеянні

Нядзеля Спаслання Духа Святога, год С (15.05.2016)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок.

Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

(Ян 20, 19–23)


Касцёл у дзеянні

У сённяшнім кароткім евангельскім ўрыўку апісваюцца два розныя моманты з жыцця Апосталаў пасля ўваскрасення Езуса. У першым паказваецца іх страх, укрытае жыццё за замкнёнымі дзвярыма. Другі сведчыць пра спакой, радасць і пасланніцва. Што выклікала такія змены? Вырашальны фактар — прысутнасць Езуса.

Гэта сапраўды Ён. Ён вітае спужаных вучняў і паказвае ім свае рукі і бок. Радасць вучняў — гэта знак таго, што яны пазналі Пана і прынялі Яго спакой. З гэтага часу яны атрымалі здольнасць дзяліцца гэтым спакоем з іншымі.

Спасланне Духа Святога — гэта нараджэнне дзейснага Касцёла. Укрыжаваны і ўваскрослы Езус прыносіць сваім вучням радасць і супакойвае іх страх, каб яны маглі шырока адчыніць дзверы сваіх сэрцаў і ўзяць на сябе пасланніцва, да якога Ён скіроўвае іх. Езус быў пасланы Айцом, каб абвяшчаць Божую міласэрнасць, і гэтак жа Хрыстус заклікае свой Касцёл — гэта значыць, усіх сваіх вучняў — гаварыць пра Яго. Ці маем мы дастаткова сілаў, каб прыняць гэтае пакліканне? Так, бо мы маем Духа Святога, які вядзе нас у сакрамэнце хросту і канфірмацыі. Кожны, адпаведна свайму стану і атрыманым дарам, здольны сведчыць пра Божую любоў. Тыя людзі з нашых супольнасцяў, што прынялі святарскае пасвячэнне, у дадатак працягваюць місію Хрыста і служаць праз сакрамэнт пакаяння і паяднання, абвяшчаючы, што Бог перамагае наш грэх. Кожны з нас можа быць дзейснаю часткаю супольнасці Касцёла. Аднаўленне Касцёла адбудзецца тады, калі ён выканае сваё пасланніцтва на зямлі.

Сястра Інгеборг-Мары Лавенск’ёлд Грунер Квам OP
Па матэрыялах часопіса «W drodze»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла