«Ён навучыць вас усёй праўдзе»

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год С (22.05.2016)

Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.

(Ян 16, 12–15)

«Ён навучыць вас усёй праўдзе»

Праўда аб Святой Тройцы з’яўляецца адным з самых яскравых доказаў звышнатуральнага паходжання хрысціянскай веры. Узнікненне на працягу вякоў разнастайных рэлігій, якія прызнаюць існаванне мноства боскіх істотаў, было, з аднаго боку, праяваю тугі па страчаным раі, а з іншага — вынікам натуральнага пошуку адказаў на экзістэнцыяльныя пытанні. Монатэістычная ж рэлігія ўзнікла і распаўсюдзілася сярод выбранага народу праз патрыярхаў і прарокаў дзякуючы ініцыятыве самога Адзінага Сапраўднага Бога, Таго, «Каторы Ёсць», і дзякуючы Каму ўсё, што ёсць, паўстала з нябыту. Аднак, паколькі аб неабходнасці існавання нейкай «першапрычыны» здагадваліся і некаторыя язычніцкія філосафы, то, калі надыйшла паўната часу, Бог, прыйшоўшы на зямлю ў чалавечым целе, адкрыў шэраг праўдаў, у тым ліку і праўду аб сваім Трыадзінсве, якую не здольная выдумаць і растлумачыць найбагацейшая чалавечая фантазія. Як магчыма, што Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы — гэта не тры багі (накшталт язычніцкіх трыядаў вярхоўных бостваў) і не розныя праявы адной і той жа асобы (як, напрыклад, Пётр можа быць адначасова бацкам Марка, сынам Яна і братам Андрэя), а адзіны Бог у трох Асобах? Наймудрэйшыя тэолагі ў шматлікіх вялізных трактатах не адкрываюць поўнага разумення гэтай таямніцы. У лепшым выпадку праз больш-менш удалыя аналогіі і параўнанні яны дапамагаюць яе прыняць, усведамляючы, што розуму ўсіх людзей на зямлі не хопіць, каб агарнуць неабсяжнае. У сваю чаргу, калі разважаць лагічна, навошта было б людзям, схільным ствараць сабе багоў «па сваім вобразе і падабенстве», прыдумляць рэлігію, вучэнне і патрабаванні якой пераўзыходзяць натуральныя чалавечыя магчымасці?

Але Бог, які не быў бы Богам, калі б чалавек мог цалкам Яго пазнаць, ведаючы пра гэтыя цяжкасці, усё ж адкрывае няпростыя для прыняцця праўды, каб мы не спыніліся, заспакоіўшы ўласную цікаўнасць, а паверылі, што навука гэтая не ад людзей, а ад Таго, Хто мацнейшы і разумнейшы за нас, Хто можа і хоча нам дапамагчы, бо любіць нас.

Сутнасць святой Тройцы — Любоў, якая не можа затрымацца на сабе, якой неабходна даваць сябе і праз гэта распаўсюджвацца далей. Таму Айцец любіць Сына, Сын любіць Айца, а Дух, асабовы вынік гэтай Любові, удзяляецца Касцёлу — гэта значыць нам, тым, хто прагне прыняць дапамогу з вышыні, каб моцаю Божай ласкі выконваць немагчымае, святлом веры пазнаваць непазнавальнае і, з’яднаўшыся з Богам Сынам, у якім чалавечая натура яднаецца з боскай, увайсці ў жыццё святой Тройцы, якая праз усю вечнасць будзе адкрываць нам усё новыя таямніцы і праўды — тыя, што «цяпер нам не знесці».

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла