«Я не варты»

Дзявятая звычайная нядзеля, год С (29.05.2016)

Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу. Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу». І Езус пайшоў з імі. 

А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». 

Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!» Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.

 (Лк 7, 1–10)

«Я не варты»

«Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: “Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!”».

Звычайна сам Езус здзіўляе сваімі словамі і паводзінамі, а цяпер сотнік выклікаў здзіўленне ў Хрыста. Чыноўнік-рымлянін, які не быў ізраільцянінам, прадэманстраваў большую веру, чым вучні Настаўніка. Ён паверыў Езусу, хоць у яго сітуацыі гэта было няпроста.

Уявім, што ў нас ёсць блізкі сябар, які захварэў. Склалася так, што мы даведаліся пра нейкага пабожнага святога чалавека, які ўмее чыніць цуды і гатовы наведаць нашага хворага. Гэты чалавек падобны да айца Піо або маці Тэрэзы з Калькуты. Хто з нас адважыўся б сказаць: «Няма патрэбы табе прыходзіць у мой дом. Не рабі сабе клопату. Проста памаліся за майго сябра, і ён аздаровіцца». Бо ці ж не быў бы такі візіт для нас выключнай падзеяй? Ці не дадаў бы нам славы і вядомасці ў коле знаёмых?

Сотнік паказаў сваю вялікую пакору і шацунак да Пана: «Я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой». Такое стаўленне павінна быў узорам для вучняў Хрыста на малітве. Сотнік вучыць, што ганарлівасць і пыха не могуць быць нашаю дарогаю да Пана Бога. Мы павінны фармаваць у сабе пакору, прызнаючы сваю недасканаласць, і давяраць Яго дабрыні і міласэрнасці. 

Айцец Браян Дойл OP
Па матэрыялах часопіса «W drodze»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла