«Сэрца Езуса, міласць гарача»: па старонках чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria»

Паколькі чэрвень у Каталіцкім Касцёле традыцыйна прысвечаны асабліваму набажэнству да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, часопіс «Ave Maria» прапануе сваім чытачам падборку матэрыялаў пра адпаведную ўрачыстасць і культ, тым больш, што ў гэтым Годзе Божай Міласэрнасці адзначаецца 160-я гадавіна ўстанаўлення свята Сэрца Езуса папам Піем IХ. Сярод гэтых матэрыялаў — артыкул кс. Славаміра Мадаеўскага «Сэрца Езуса, міласць гарача…», дзе апавядаецца пра значэнне культу Сэрца Езуса і пашырэнне розных яго формаў у свеце; фрагменты з «Дзённіка» святой Фаўстыны, у якіх яна звярталася да міласэрнага Сэрца Збаўцы як да «жывой крыніцы самых розных ласкаў» (арт. «Сэрца Езуса і святая сястра Фаўстына»); публікацыя кс. Станіслава Паўліны fDP «Ад сэрца да сэрцаў» пра ахвярную любоў Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага да Найсвяцейшага Сэрца Езуса; на апошніх старонках вокладкі часопіса пададзена «Навэнна да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса» і «Вяночак да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, якім маліўся св. айцец Піо»

Чарговаю тэмаю рубрыкі «Святар адказвае на пытанне» стала наступная: «Ці дазваляе Касцёл крэміраванне памерлых?». Кс. Андрэй Рылка ў гэтым артыкуле прыводзіць аргументы прыхільнікаў крэмацыі і яе праціўнікаў і распавядае пра тое, наколькі гэты звычай адпавядае нормам хрысціянскай веры. 

У сувязі з дыяцэзіяльным святкаваннем Году Міласэрнасці для бацькоў і мужчын, якое адбудзецца ў чэрвені ў Гродзенскай дыяцэзіі, на старонках часопіса прапануецца інтэрв’ю з Паўлам Шарэйкам, аніматарам рэлігійнай супольнасці «Мужчыны святога Юзафа», дзе вядзецца гутарка аб праблемах у рэалізацыі мужчынскага паклікання і дзейнасці мужчынскага душпастырства ў Беларусі (арт. «Мужчынскае пакліканне — дар і заданне»). 

Чытачоў таксама чакаюць многія іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Падзеі», «Школа малітвы», «Пра святую Імшу», «Старонка псіхолага», «Божая міласэрнасць у нашым жыцці», «Вера на штодзень», «Кветкі Божыя». Спадзяемся, што ўсе гэтыя матэрыялы паспрыяюць паглыбленню вашай веры, і чакаем ад вас, шаноўныя чытачы, новых прапановаў і водгукаў.

Рэд.

 

Цэтлікі: Агляд прэсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней