«Наша вера» №2 2016 г.

Новы нумар квартальніка «Наша вера» пачынаецца ўрыўкам з кнігі-інтэрв’ю Андрэа Тарнеллі з папам Францішкам «Імя Бога — міласэрнасць» (пер. з англ. мовы Ю. Шэдзько).

Увазе чытачоў прапануецца ўрывак з даклада арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе (Гродна, 25 мая 2016 г.) — «Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі як дар Божай міласэрнасці».

Працягваецца публікацыя першай кнігі («Дзейсная ноч пачуццяў») трактата св. Яна ад Крыжа «Узыход на гару Кармэль» у перакладзе з іспанскай мовы С. Грэсві.

Значнай падзеі ў кантэксце Году культуры прысвечана інтэрв’ю Н. Усавай з Гендырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі У. Пракапцовым і супрацоўніцаю музея А. Карпенка «Выстава беларускіх абразоў у Ватыкане». Пра гісторыю і мастацкія асаблівасці гэтых абразоў піша мастацтвазнаўца А. Ярашэвіч у арт. «Адзінства ў разнастайнасці»

Творчасці знакамітага польскага пісьменніка лаўрэата Нобелеўскай прэміі Г. Сянкевіча з нагоды яго 170-годдзя прысвечаны арт. Е. Лявонавай «Каб душа твая абудзілася…».

Д. Бічэль у эсэ «З дабрынёю і чыстым сэрцам» знаёміць чытачоў з працаю вядомага гродзенскага скульптара Казіміра Місюры. 

Значная частка матэрыялаў гэтага нумара прысвечана памяці апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: гэта арт. акадэміка Р. Гарэцкага «Змагар за Беларусь і мой сябар», пісьменніка А. Ліса «Памяці паэта-грамадзяніна, змагара», М. Скоблы «Ніл, які жывіў пустыню», літаратуразнаўцы Т. Нуждзінай «Я марна не згінуў, бясследна не знік…», пісьменніцы І. Жарнасек «Сустрэчы, размовы, успаміны…», а таксама многія вершы беларускіх паэтаў і былых выпускнікоў БДУ.

Пра адзін з галоўных і прыгожых каталіцкіх сімвалаў, каралеву кветак — ружу — піша Л. Камінская ў арт. «Святыя ружы».

Перакладчыца А. Сямёнава-Герцаг прапануе ўвазе чытачоў апавяданне «Гётэ наведвае замак Зальцдалум» нямецкага пісьменніка Г.О. Котта.

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы В. Жуковіча і С. Панізьніка.

А. Вальчук знаёміць чытачоў са сваім перакладам «Дыярыуша іспанскага падарожжа з Вільні ў горад Валенсію…» Ювеналія Харкевіча.

У рубрыцы «Прэзентацыя» друкуецца рэцэнзія Л. Сільновай «А людскія высілкі зноў квітнеюць ружамі…» на кнігу паэзіі М. Дуксы «Птушка вечнасці» (2015). Пра новую кнігу Х. Лялько «Адвячорак» (2016) піша Ганна Серэхан ў эсэ «Столькі любові ў сэрцы...», а Д. Бічэль у эсэ «Паміж мной і табой — Божанька…» апавядае пра кнігу С. Варонік «Маміна дрэва» (2015).

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла