Рахунак сумлення для дарослых

Як жа лёгка чалавек падманваецца самаапраўданнем, ужо не заўважаючы аб’ектыўнае зло, укаранёнае ў яго штодзённасці. І не заўсёды наўмысна гэтак выходзіць. Часта працэс аддалення ад Бога зусім незаўважны. Добрай дапамогай у супрацьстаянні гэтаму з’яўляецца сістэматычны рахунак сумлення. Але стаць у праўдзе, убачыць праўду пра сябе — гэта яшчэ не самамэта, якая можа нас задаволіць. Быць адкрытым на змены і з Божым натхненнем станавіцца «новым стварэннем» — гэта выйсце, гэта праўдзівая дарога. Прапануем вам разважанні над уласным сумленем, якія падрыхтаваў Ян Андрэй Клачоўскі OP.

Ойча, стаю перад Табою, прагну ў Тваёй прысутнасці несці адказнасць за сваё жыццё.

Хачу стаць у праўдзе, не хачу нічога хаваць ані перад Табою, ані перад сабою.

Я хачу паглядзець у твар Твайго Сына, які з’яўляецца для мяне Дарогай, Праўдай і Жыццём, хачу, каб Яго словы адкрылі для мяне маю няпраўду.

Дай мне святло Твайго Духа, каб Ён адарыў мяне ласкаю пакаяння, і я рашуча адвярнуўся б ад здзейсненага мною зла, якое дапусціў, але пакорліва, у прастаце, прызнаў свае грахі перад Касцёлам; каб я выправіў усё, што з Тваёй дапамогай магу выправіць. Узмацні маю надзею, каб была нязломнаю мая рашучасць выправіцца. І правядзі мяне, Ойча, да сябе, каб я праслаўляў Цябе на вякі вечныя.

ГРАХІ СУПРАЦЬ БОГА.

Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё (Мц 6, 21).

  • Дзе знаходзіцца твой скарб, або што ёсць для цябе найбольшым клопатам у жыцці, найбольшай любоўю, гарачым жаданнем? Гэта Бог або таксама іншая асоба, іншы клопат, іншая рэч?
  • Ці заўсёды ў больш або менш важным рашэнні ты свядома лічышся з воляю Бога? А можа, забываешся пра Яго ці ўспамінаеш занадта позна?
  • Ці памятаеш пра прысутнасць Бога ў розных сітуацыях твайго жыцця? Ці задаеш сабе пытанне аб тым, што Бог кажа табе праз розныя жыццёвыя акалічнасці?
  • Ці давяраеш ты варажбе, гараскопам, лёсавызначанасці мацней, чым Богу?
  • Які для цябе вобраз Бога? У першую чаргу ты Яго баішся або любіш?
  • Ці верыш у Яго міласэрнасць?
  • Ці злоўжываеш Божай міласэрнасцю і ці грашыш, разлічваючы на лёгкае дараванне?

Няспынна маліцеся (1 Тэс 5, 17).

  • Ты молішся рэгулярна ці ў залежнасці ад выпадку, калі ёсць на тое ахвота ці маеш нейкую патрэбу?
  • Ці ўзбагачаеш сваю малітву чытаннем Святога Пісання, тэкстаў дасведчаных у малітве святых і рэлігійных пісьменнікаў? Ці выконваеш абяцанні, дадзеныя Богу пасля рэкалекцый?
  • Як выглядае твой удзел у святой Імшы? Ці рэгулярна ўдзельнічаеш у Эўхарыстыі, наколькі актыўна прымаеш у ёй удзел?
  • Ці клапоцішся аб тым, каб твая вера была ўсё глыбейшай, сталела? Ці рэгулярна ты разважаеш над Святым Пісаннем, ці паглыбляешся ў пазнанне таго, кім быў Езус Хрыстус?
  • А можа, ты знаходзішся на абломках тых рэлігійных ведаў, якія засталіся ў тваёй галаве з дзіцячага катэхізісу? Ці чытаеш ты рэлігійную літаратуру?


І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку (Мц 28, 20).

  • Якое стаўленне ў цябе да Касцёла? Ці адчуваеш ты сябе адказным за Касцёл?
  • Ці абараняеш яго ад ад несправядлівай крытыкі? Ці молішся за святыя пакліканні да святарскага і манаскага жыцця?
  • Ці молішся ты за свайго пробашча і біскупа, за Святога Айца?
  • А заўважаючы зло ў Касцёле, ці молішся за тых, хто яго чыніць?
  • Ці просіш Бога, каб Ён захоўваў нас ад нападкаў тых, хто не раздзяляе нашай веры?


ГРАХІ СУПРАЦЬ ІНШАГА ЧАЛАВЕКА

Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі (Мц 7, 12).

  • Ці лічышся ты ў сваіх учынках з гэтымі словамі?
  • Як ты паводзіш сябе ў сям’і? Як ставішся да самых блізкіх, з якімі пражываеш паўсядзённае жыццё і важныя моманты? Ці не прыносіш ты ў дом свае расчараванні, напружанасць, няўдачы, выплёскваючы ўсё на самых блізкіх?
  • Ці ўдзяляеш час сваёй жонцы або мужу, ці клапоцішся пра развіццё вашага кахання? Ці ўмееш ты знайсці добрае слова для каханага? Ці робіш кампліменты сваёй жонцы, і ці размаўляеце вы адно з адным на ўсе цяжкія тэмы вашага жыцця?
  • Ці маеш час і сэрца для сваіх дзяцей, ці размаўляеш з імі, ці ўнікаеш у іх развіццё, іх праблемы, іх стасункі з аднагодкамі?
  • Які ты з бацькамі? Як ты ставішся да старэйшых членаў тваёй сям’і?


Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны (Мц 5, 6).

  • Які ты на працы? Ці з’яўляецца для цябе праца і заробак найважнейшай справай, якой аддаеш усе свае сілы і час? Калі ты з’яўляешся кіраўніком — якое тваё стаўленне да супрацоўнікаў? Ці справядлівы ты ў размеркаванні працы і даходаў? Ці дбаеш ты на сваім месцы працы пра добрую атмасферу, належныя стасункі між людзьмі? Якім чынам ты размяркоўваеш прыбытак, ці інвестуеш яго для павелічэння працоўных месцаў? Ці сумленна плаціш падаткі? А можа, ты ўдзельнічаеш ў нелегальных фінансавых аперацыях? Даеш або бярэш хабар?
  • Калі ты з’яўляешся працаўніком — ці сумленна працуеш? Ці развіваешся ты прафесійна або, можа, застаешся з тым, што ведаеш «ад пачатку»? Ці стараешся ты падтрымліваць добрую атмасферу на працы? Ці добразычлівы ты?
  • Ці кіруешся ты ў адносінах з іншымі справядлівасцю, а менавіта, ці даеш кожнаму тое, што яму па праву належыць? Ці не пазбаўляеш чалавека добрага імені праз паклёп, плёткі, хлусню? Ці становішся ты ў абарону таго, каго пакрыўдзілі, або, наадварот, баязліва адступаеш дзеля ўласнага «душэўнага спакою»? Ці выказваеш свядома такія перакананні, што пэўныя групы людзей (напрыклад, габрэі і г.д.) адказныя за ўсё зло на свеце?
  • Ці не рызыкуеш жыццём сваім і іншых, парушаючы правілы дарожнага руху? Ці не кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане? Ці не спрабаваў падкупіць праваахоўнікаў?


А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім (Мц 5. 28).

  • Як ты ставішся да людзей супрацьлеглага полу? Ці не глядзіш ты на жанчыну або мужчыну як на аб’ект сексуальнай пажадлівасці? Ці не маеш пазашлюбных стасункаў? Ці кантралюеш сваю сексуальную сферу?
  • Ці не шукаў ты парнаграфічных матэрыялаў? А можа, прапаноўваў камусьці матэрыялы парнаграфічнага зместу?


Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць (Мц 5, 7).

  • Ці падтрымліваеш ты арганізацыі, якія займаюцца дапамогай убогім і пакінутым? Ці дзелішся тым, што маеш з лішкам, і ці можаш адмовіць сабе ў нечым, каб падзяліцца з тым, хто знаходзіцца ў большай патрэбе? Ці не ставішся абыякава да сапраўды бедных людзей, якім неабходна падтрымка?
  • Ці не злоўжываў дабрынёй іншых людзей? А можа, ты вымагаў грошы ці падарункі? Ці задумваўся над тым, што многія іншыя знаходзяцца ў большай нястачы, чым ты?


МІЛАСЭРНАЯ ЛЮБОЎ ДА БЛІЖНЯГА

  • Ці гатовы ты прабачыць так, як прабачае нам наш Айцец? Або, можа, ты ўтойваеш абра?зы і з’яўляешся помслівым? Ці не дабіваешся свайго несправядлівым чынам? Ці молішся за непрыяцеляў і за тых, хто цябе пакрыўдзіў?


ГРАХІ СУПРАЦЬ САМОГА СЯБЕ

Любі бліжняга свайго, як самога сябе (Мц 19, 19).

Каб любіць Бога і бліжняга, трэба быць у згодзе з сабім сабою, трэба любіць сябе.

  • Ці ўмееш добра і мудра любіць сябе? Ці знаходзішся ты ў згодзе з сабою і са сваім жыццём? А гэтая згода не перашкаджае табе быць адносна сябе больш патрабавальным, рашучым? Ці, можа, ты вечна незадаволены сабою і іншымі?
  • Ці адказны ты за сваё жыццё і здароўе? Ці не знішчаеш жыццё праз злоўжыванне алкаголем, нікацінам, наркотыкамі? Ці паслухмяны ты ўказанням лекара і ці ўжываеш прапісаныя ім лекі? А можа, наадварот, тваім адзіным клопатам з’яўляецца здароўе і ты мучаеш сябе і ўсё сваё атачэнне сваімі недамаганнямі і аповедамі пра іх?
  • Ці ўмееш ты добра выкарыстоўваць свой час? Ты працавіты? Або ўвесь свой вольны час марнуеш перад тэлевізарам, камп’ютэрам або смартфонам? Ты разважлівы ў дачыненні да расходаў або з’яўляешся марнатраўным?
  • Ці прымяняеш ты свае таленты і здольнасці, атрыманыя ад Бога? А можа, у ляноце легкадумна іх марнуеш?

Ойча, дзякуючы Твайму святлу я распазнаў свой грэх, выявіў сваю слабасць. Я пазнаў, наколькі далёка я — марнатраўны сын — ад Цябе адышоўся. Дай мне цяпер сілы, каб я адважыўся да Цябе вярнуцца, а таксама перад Табою, перад Тваім Касцёлам вызнаць свае грахі. Дай мне ласку поўнага пакаяння за свае грахі, дай ласку выпраўлення ўсіх крыўдаў. Праз Муку Езуса Хрыста, Твайго Сына і майго Пана, прабач мне мае грахі.

Узмацні сваёй Любоўю маю пастанову жыць у згодзе з Табою і ўсімі маімі братамі і сёстрамі, дай мне ласку ўнутранага супакою. Будзь заўсёды са мною, Ойча маёй надзеі!

Падрыхтавала Вольга Качалка.
Паводле dominikanie.pl.

 
старые отсос по звонку. Гифки. кабинет врача Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла