Лякарства Апосталаў, праверанае часам. Відэакатэхеза брата Арыюша Малыскі OFM Cap

Абвяшчэнне Божай любові дае ўзрастанне ў веры. Няма сэнсу навучаць маралі, не кажучы пра Любоў. Таму што мараль — гэта тое, што выплывае з любові, а не вядзе да яе. Прапануем вам тэкст відэакатэхезы брата Арыюша Малыскі OFM Cap.


 

Калісьці адзін з амерыканскіх акцёраў, гаворачы пра тое, што каталіцкія святары недацягваюць у прапаведванні да сучасных журналістаў, адказаў аднаму біскупу, што гэта ўсё з-за абвяшчэння журналістамі фальшы як праўды, прапаведнікі ж абвяшчаюць праўду так, быццам гэта хлусня. Трэба згадзіцца, што ў гэтым дыягназе ёсць крыху праўды. І гэта не таму, што святары сёння не валодаюць пэўным рытарычным мастацтвам аратара, не ўмеюць карыстацца ўсімі інструментамі прапаведніка. Перадусім праблема, магчыма, у тым, што мы як прапаведнікі забываемся, што слова, якое мы абвяшчаем, павінна быць словам Бога. Гэтае слова мае канкрэтны твар — твар Езуса, які збаўляе чалавека, аб’яўляючы яму любоў Айца.

Не так даўно на facebook адзін беларускі святар смела скрытыкаваў веру сучасных католікаў Беларусі, кажучы, што нам не хапае веры, і гэта адносіцца аднолькава як да свецкіх веруючых, так і да святароў, да вышэйшай іерархіі. Вядома, я зараз не буду ўдавацца ў нейкі каментар на гэтую тэму, хачу толькі сказаць, што калі наогул у Касцёле размаўляюць пра гэта, то значыць, Касцёл яшчэ жыве, а калі адчуе, што хварэе, то дакладна будзе шукаць лякарства.

Вось пра такое лякарства я хачу сёння пагаварыць. У прапаведванні часта забываюць, што гэтыя лекі з’яўляюцца вельмі старажытнымі, таму што існуюць у Касцёле ад пачатку, лякарства, якім скарысталіся Апосталы. Не хачу вам пра гэтае лякарства штосьці расказваць, хачу проста даць кожнаму з нас пакаштаваць яго і паглядзець, які будзе вынік.

Думаю, практычна кожны з нас чуў пра Саула, якога з гісторыі ведаем як святога Паўла. Ён быў даволі эксцэнтрычным чалавекам, таму што першы раз гісторыя ўзгадвае Саула як руплівага ганіцеля вызнаўцаў новай веры, прыхільнікаў Езуса, якога называлі Хрыстосам ці Хрыстом, па-габрэйску Месіяй. Адна з кнігаў Бібліі, а менавіта Дзеі Апосталаў, паказвае яго ў момант, калі ён згаджаецца на забойства чалавека, так званага Стэфана Першамучаніка, які павінен быў бачыць «адкрытае неба». Пасля гэтага Саул вырашыў, што трэба пакончыць з паслядоўнікамі новай веры, і папрасіў дазволу, каб паехаць у Дамаск і там кінуць у вязніцу ўсіх вызнаўцаў і прыхільнікаў Хрыста. Па дарозе ён перажыў дзіўную сустрэчу з тым, чыіх вучняў пераследаваў. І з ганіцеля ён становіцца руплівым вызнаўцам Хрыста. Не буду, вядома, распавядаць усёй гісторыі святога Паўла, пра яе можна прачытаць у кнізе, якую я ўзгадаў, у Дзеях Апосталаў. Нам дастаткова толькі ўсвядоміць, што гэты гіперфарысей, шанаваны, прызнаны вызнаўца і стораж закону Майсея, стаў у пэўны момант настолькі руплівым хрысціянінам, што прайшоў практычна большую частку тагачаснай Рымскай імперыі, каб абвяшчаць Езуса, і пакінуў пасля сябе столькі пасланняў, колькі ніводны з іншых вучняў не змог напісаць.

Чаму пачынаем з Паўла? А таму, што ў адным з яго пасланняў, знаходзім такі тэкст (я зрабіў вельмі дакладны пераклад з грэчаскай мовы, каб мы адчулі сэнс тэксту, які павінен нам дамагчы ў сённяшнім разважанні): «Калі ж у мудрасці сваёй Бога не пазнаў свет, Бог у сваёй мудрасці меў упадабанне праз вар’яцтва прапаведвання ўратаваць веруючых» (1 Кар 1, 21). У гэтым тэксце не бачым слова «гамілія», «казанне», «пропаведзь», а знаходзім канкрэтнае слова «kerygmatos», што азначае ‘чын абвяшчэння нейкай навіны, весткі’. Цікавая рэч: аказваецца, Павел ідэнтыфікуе Збаўленне з навіной, а менавіта з працэсам яе абвяшчэння. Гэта значыць, калі я гэтую вестку сабе і вам абвяшчаю, то гэтае Збаўленне прыходзіць да нас менавіта сёння. І што гэта за навіна? У Другім пасланні да Карынцянаў Святы Павел піша так:  

«Бо любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі Адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля Памерлага за іх і Уваскрослага. Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і пазналі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не пазнаём. Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае. Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання, таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання. Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся пасланцамі як бы [самога] Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам. Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай. Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна. Бо Ён кажа: «У час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень збаўлення дапамог табе». Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення.» (2 Кар 5, 14–21; 6, 1–2).

Вельмі важным з’яўляецца гэтае «цяпер». Калі атрымліваем нейкую інфармацыю, то заўсёды ёсць пэўная гадзіна, бо мы жывём у часе. Нават святы Лука ў Евангеллі кажа, што гора тым, хто цяпер сыты, хто цяпер радуецца. Такім чынам, гэтае «цяпер» у Бібліі ўвесь час з’яўляецца. Мы часам забываем пра нашае «цяпер», жывучы вечна ў нейкай будучыні, у планах, або разважаючы аб тым, што прайшло. А слова Божае хоча нас вярнуць да рэальнага часу, каб мы яго пачулі, прынялі менавіта цяпер. І вось, можа, сядзім зараз, глядзім, слухаем і не думаем, што вось цяпер, у гэтым моманце, прыходзіць да нас збаўленне. Сюрпрыз, праўда?

Богу спадабалася збавіць чалавека праз вестку. Гэтая вестка, як мы толькі што пачулі ад святога Паўла, — гэта тое, што Хрыстус памёр дзеля нас, каб чалавек не жыў для сябе самога. Паводле  святога Паўла, людзі асуджаны на тое, каб жыць для саміх сябе. І што, гэта такая дрэнная справа — жыць для сябе? Дык практычна ўсе мы жывём для сябе. Няўжо з-за гэтага павінен быў памерці Хрыстус, каб ратаваць чалавека з такога стану? Кожны з нас шукае свайго шчасця: ходзім на працу, вучымся, будуем кар’еру, зарабляем грошы, ствараем сем’і. Нават Талмуд кажа: калі ты не для сябе, то хто для цябе? Але святы Павел усё ж такі ўпарта, настойліва сцвярджае, што Хрыстус памёр, каб чалавек не жыў дзеля сябе. Чаму ж мы жывём для сябе? Адзін праваслаўны тэолаг Аліўер Клямэнт (Olivier Clément) кажа: «Гэта грэх цела прымушае нас ахвяроўваць усё нам самім». І тое ж самае святы Павел у 7 раздзеле Паслання да Рымлянаў піша, што мы не робім таго, што хочам: 

«Ведаем, што Закон духоўны, а я цялесны, падлеглы граху. Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу. Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю тое, што Закон добры. Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне. Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у целе маім, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як! Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне. Тады я адкрываю закон, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло. Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў членах маіх бачу іншы закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў членах маіх. Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці? Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху» (Рым 7, 14–25).

Што ж гэта за грэх жыве ў нашым целе, пра які ўзгадвае святы Павел? Традыцыя не толькі хрысціянская, але і габрэйская, называе гэты грэх першародным. Што такое першародны грэх? Тут нам зноў трэба звярнуцца да Святога Пісання, трэцяй главы першай кнігі Бібліі, кнігі Быцця, дзе знаходзім вельмі прыгожа апісаную праблему першароднага граху. Не трэба думаць пра тое, што ўся гэта сітуацыя  апісана там так, як у нейкай казцы, бо гэта літаратурная форма, якая перадае нам пэўную паўду. Што менавіта кажа Святое Пісанне? Кажа, што д’ябал — гэта праціўнік, той, хто не жадае дабра, запрашае чалавека да таго, каб пакончыць з Богам, каб пачаць жыць для сябе самога, каб быць богам для сябе. Ён нават абяцае: будзеце, як Бог. Як тады, так і сёння большасць людзей жыве такім менавіта чынам, спаўняючы сваю волю. Стрыжань гэтай касмагоніі —маё шчасце. Такім чынам, д’ябал, размаўляючы з Еваю, ў сказе: «Ці гэта праўда, што Бог не дазваляе вам есці з ніводнага дрэва гэтага саду?» — пакідае атруту. Гэтай атрутай з’яўляецца перакананне, што калі прынамсі ёсць хоць адна рэч, якая нам забараняецца, то мы нявольнікі, мы рабы. Але ж Бог не загадваў, а прасіў не есці, перасцерагаў, што з-за гэтага памром. А д’ябал тлумачыць Еве (Ева, канешне, гэта мы, я і ты), што ўсё хлусня, нібыта Бог падманвае, Ён добра ведае, што калі Ева з’есць, то атрымае новы досвед. Досвед чаго? — Досвед «зла». Таму што досвед «дабра» мы ўсе маем: усё, што ў нас ёсць з’яўляецца пэўным дабром, а «зла» чалавек не ведаў і павінен быў атрымаць такі досвед. Вось і атрымаў. Ева ў гэтай прапанове заўважыла як бы шанец для сябе, каб перастаць быць інфантыльнай, каб хтосьці перастаў ёй казаць, што яна павінна рабіць, а чаго не павінна — стане самастойнай, дарослай, скажам так. Гэтак часта робяць дзеці, якія адракаюцца ад аўтарытэту бацькоў дзеля таго, каб стаць самастойнымі, так, быццам адно супярэчыць другому: мець бацькоў і быць самастойным. Ева якраз была ў такой экзістэнцыяльнай, вельмі распаўсюджанай сітуацыі. Вынікам граху ўсё ж такі была смерць. Як бы чалавек не думаў, якія б не меў перакананні, — чалавек дасведчыў смерці. 

Што гэта за смерць? Вядомы філосаф, псіхолаг Сёрэн К’еркегор сказаў, што гэтую смерць можна назваць анталагічнай. Чаму? Таму што датычыць кораня нашага быцця асобаю. На лацінскай мове асоба — «persona». Гэтае слова складаецца з прыстаўкі «per» — ‘для’ і дзеяслова «essere, esse» — ‘быць’. Значыць, слова «persona» азначае ‘быць для’, ад гэтага слова паходзіць таксама слова «персанаж». А ведаем, што персанаж — гэта той, хто іграе нейкую ролю. Гэта не той, хто прыдумвае сам сабе ролю, але той, хто яе выконвае. Павінен быць нейкі творца, аўтар, а потым пэўны акцёр увасабляе гэтага персанажа ў сабе. Калі мы з’яўляемся гэтым «быццём для» і адкідваем аўтара, то атрымліваем праблему, таму што адразу ўзнікаюць пытанні: кім я з’яўляюся? якая мая роля? якую ролю я павінен у жыцці сыграць? Корань майго быцця асобаю, персонай  з’яўляецца мёртвым. І пасля першароднага граху чалавек прагне, каб у свеце было ўсё так, як ён хоча, таму што чалавек верыць, што ён самастойны, што ён для сябе бог. Хоча, каб жонка думала так, як хоча муж, жонка хоча, каб муж думаў так, як яна, дзеці каб былі паслухмянымі, палітыкі каб думалі так, як мы думаем. Мы пастаянна перажываем, што вось гэта «маё шчасце» не спаўняецца, не дзейнічае, таму што ўсё не так, як я хачу. Таму што ні жонка не паводзіць сябе так, як я хачу, ні муж, ні дзеці, ні палітыкі — ніхто. Гэтая касмагонія нясе з сабою пэўны самападман, хлусню і робіць чалавека глыбока няшчасным: чалавек пражывае сваё жыццё з вялікай цяжкасцю.

Не так даўно я пераглядаў статыстыку самагубстваў у Японіі, гэтая краіна дастаткова заможная. У апошнія гады колькасць самагубстваў даходзіць штогод да 40 тысяч. І калі паглядзець больш пільна на тое, хто менавіта здзяйсняе самагубствы, то аказваецца, гэта людзі, якія зараблялі такія грошы, што па нашых мерках ім толькі жыць, а не паміраць і не забіваць сябе. Шматлікія з іх пакінулі запіскі (гэта сімптаматычна для самагубцаў), з якіх можна даведацца аб галоўнай праблеме, якую яны перажывалі, — гэтыя людзі практычна нікога не любілі, не маглі любіць.

Чаму ж чалавек так пакутуе, калі не любіць? Перафразуюем словы Святога Паўла: грэх, які жыве ў нас, прымушае нас любіць нас саміх, прымушае нас выкарыстоўваць усіх і ўсё дзеля нас, але не дазваляе нам даваць сябе, «быць для», не дазваляе нам быць асобаю. Мы былі створаны на вобраз і падабенства Бога — так кажа нам Біблія. Шматлікія рэлігіі стараюцца ўсталяваць нейкае падабенства паміж чалавекам і Богам, нават у грэчаскай міфалогіі былі выпадкі блізкіх інтымных адносін чалавека з рознымі багамі. Калі гэта праўда, што мы створаны на вобраз Божы, то рэха ў нашым сэрцы, у нашай душы, унутры нас таго стану еднасці з Богам, якую чалавек меў перад першародным грахом, — гэта рэха сапраўднай Любові. Святы Павел кажа, што мы ведаем праўду. Праўда ў тым, што мы хочам любіць, хочам сябе дарыць, але практыка паказвае, што нават калі мы паедзем у Афрыку на місіі з мэтаю дапамагаць, то напрыканцы і так грабём усё пад сябе. Гэта пакідае ў нас глыбокае незадавальненне, часта даводзіць да кропкі, у якой пачынаем разумець, што нашае жыццё такім быць не можа. І калі чалавек вельмі ганарысты, то выскачыць з акна. Бо маё жыццё, нашае жыццё не мае праўдзівага зместу, яно не з’яўляецца глыбока сапраўдным.

А што такое праўда? Праўда — гэта Езус на крыжы, Крыж. Адзінае цярпенне чалавека, якое ўключае ў сябе ўсе цярпенні — гэта факт, што не можам любіць. Гэта варта сабе ўсвядоміць, таму што многія на такія словы пачынаюць абурацца, кажучы: «Ну як гэта не можам любіць? Люблю ж свайго мужа, сваіх дзяцей». Я не кажу пра такія моманты, калі ўсё ідзе згодна з нашай воляй, толькі кажу пра тыя моманты, калі разумеем, што, маючы столькі любові, мы здольныя ўчыніць вельмі дрэнныя рэчы тым, пра каго кажам, што любім: нашым дзецям, нашаму мужу, жонцы, блізкім людзям, сябрам. Зло пацвяджае тое, што мы не здольныя па-сапраўднаму любіць. «Не здольныя» ў сэнсе абсалютным. Заўсёды ёсць мяжа гэтай любові. Любім да нейкай кропкі, а потым узнікае мур, сцяна, за якую мы прайсці ўжо не можам. І святы Павел пытаецца: «Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?» (Рым 7, 24). Адказвае ён на гэтае пытанне зноў у Пасланні да Рымлянаў:

«Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху. Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе, бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці. Закон быў бяссільны, бо быў аслаблены целам. Таму Бог, паслаўшы Сына свайго ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе, каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія жывуць не паводле цела, але паводле духа паступаюць. Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле духа, – аб духоўным. Бо памкненні цела – смерць, а памкненні духа – жыццё і спакой» (Рым 7, 24).

Грахом з’яўляецца тое, што чалавек лічыць сябе богам для самога сябе, што хоча адарацыі (пакланення), прызнання, якіх не атрымлівае, і таму адчувае сябе глыбока няшчасным. А рэха раю кажа яму, што ягонае жыццё павінна быць поўным; што чалавек павінен аддаць сябе ў паўнаце, бо жыццё толькі адно. Хто мяне вызваліць з гэтага цела? — пытае святы Павел. Хто разарве ланцугі майго эгаізму, маёй гіпакрызіі? І Павел адказвае: Бог паслаў Сына свайго Езуса Хрыста, каб вырваць з цела (значыць, з таго, што людское) інтэгральны эгаізм, даць чалавеку магчымасць любіць так, як бачым гэта на крыжы. Вось так выглядае свабода:  любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас (Ян 13, 34).

Хрыстус палюбіў нас не тады, калі мы гэтую любоў заслужылі, а палюбіў нас тады, калі мы былі Ягонымі ворагамі: грэшнікамі, людзьмі, якія адракаліся Бога. Для Бога гэта не праблема, ён ахвяруе свайго Сына, каб гэты эгаізм вырваць з мяне. «Вось, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34). Гэтая любоў, калі яе абвяшчаюць, дае ўзрост веры. Менавіта тут часта ўзнікае памылка, пра якую я ўзгадаў на пачатку сённяшняй катэхезы, а менавіта памылка, якую робяць прапаведнікі, калі не абвяшчаюць гэтай любові, а абвяшчаюць мараль. Мараль — гэта тое, што выплывае з любові, а не вядзе да яе. Таму часам так складана слухаць, узяць штосьці для сябе, бо насамрэч мы ведаем дабро. Кожны дзесьці знутры адчувае, як павінна быць, але не можа зрабіць так, каб гэта здзейснілася, бо ён мае праблему — не дасведчыў любові. І ніякая мараль гэтага не заменіць, бо дойдзем да нейкага загаду, запаведзі, закону, які будзе толькі пацвярджаць, што мы насамрэч не можам пераступіць за парог гэтага, чаго б мы хацелі — перамагчы ў сабе зло. Таму абвяшчэнне датычыць найперш любові. Гэтую любоў нам Бог абвяшчае ў Езусе Хрысце, у сваім Сыне. Бо заўсёды, калі гэтая любоў абвяшаецца, збаўленне здзяйсняецца зараз, цяпер.

Калі Апосталы цэлебравалі Пяцідзясятніцу, паказваліся знешнія знакі, а менавіта шум ветру, вогненныя языкі — сцэны, якія выражаюць дзеянне Бога, на якое чалавек не меў уплыву, гэта дар, гэта тое, што Бог дае проста так. У кнізе прарока Эзэхіэля знаходзім такія словы, — мы больш іх ведаем як прапаведванне Эзэхіэля — што Бог забярэ ў чалавека сэрца з камню, а дасць сэрца з цела. Але сэнс гэтага тэксту крыху ў іншым, Эзэхіэль хоча сказаць, што Бог забярэ тое, што знешняе, а дасць сэрца з цела, тое, што ўнутры. Дух Святы — гэта тое сэрца, якое атрымліваем у наш унутраны свет. Гэта Ён сведчыць аб тым, што Езус, якога ўкрыжавалі, з’яўляецца Богам. Для габрэя, які глядзіць знешне, — бачым гэта ў Евангеллях, у сцэнах укрыжавання — магчыма прызнаць нават тое, што Езус з’яўляецца Месіяй, але што Ён Бог, — для габрэя гэта немагчыма, бо знешне нічога не бачна. Толькі Дух можа засведчыць пра гэта. Дух Езуса сведчыць нашым сэрцам, што мы дзеці, сыны Бога, і таму можам да яго ўсклікаць: «Абба! Ойча!» Дзякуючы Святому Духу Апосталы зразумелі, што Езус — гэта сам Бог, што гэта ўцелаўлёная любоў Айца, якая абвяшчае сябе чалавеку, каб вырваць з чалавека яго эгаізм, гэтую атруту, якая загадвае нам пастаянна жыць для сябе. Хрыстус уваскрос, каб апраўдаць нас, а значыць, каб паказаць нам, што гэтая атрута не мае ўлады прывесці чалавека да вечнай смерці, калі чалавек, прачнуўшыся ад гэтага падману, вернецца да першаснай формы свайго жыцця, а менавіта да формы жыцця сына, не адракаючыся ад свайго Бацькі, Айца. Вось тады мы нанова атрымаем гэтую ролю, сэнс жыцця. Ролю, якую пэўны персанаж павінен здзейсніць у сваім жыцці.

Кожны чалавек можа атрымаць апраўданне ў Езусе Хрысце, бо гэта ўсё здзяйсняецца ў Ім найперш як у чалавеку. Як Адам з’яўляецца ўзорам чалавека, які ад Бога адыходзіць, так і Езус з’яўляецца ўзорам чалавека, які згаджаецца на тое, каб быць сынам Айца, Сынам Бога. І кожны можа дарма гэтае апраўданне атрымаць. Таму што Хрыстус ужо больш не памірае, Ён сядзіць праваруч Айца, заступаецца за нас — гэта ўсё кажа пра тое, што заступніцтва Езуса Хрыста вечнае, што брама адчынена, можна ўваходзіць. Такой брамай з’яўляецца Ён сам. Калі прызнаём Ягонае сыноўства, прымаем сыноўства ў Ім, то мы становімся таксама дзецьмі Айца.

Што гэта — Бог? Бог — гэта Любоў, — так адказвае адзін з Апосталаў. Змест Бога — гэта любоў. Пра гэта кажа пасланне да Габрэяў, што Езус з’яўляецца выяваю субстанцыі Бога. Субстанцыя — гэта змест. Бог — гэта ўсеагульная, татальная любоў да нас, нават калі мы махляры, злодзеі, воры, гомасексуалы, чужаложнікі — можам мець за сабою ўсю гісторыю зла ў свеце. Для Бога гэта нічога не мяняе. Ён далей застаецца Любоўю да мяне. Ён нас любіць настолькі, што хоча быць зараз адным з намі ў нас. «Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет» (Ян 17, 21) — так кажа Езус падчас апошняй вячэры. Гэтае адзінства, між іншым, прадстаўляе і сакрамэнт сужанства, еднасць мужчыны і жанчыны.

У Кнізе Апакаліпсіс гаворыцца: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаю» (Ап 3, 20). Вось цяпер Ён прыходзіць і стукае. Што зробіш? Адчыніш дзверы ці пакінеш Яго стаяць перад дзвярыма? Вельмі важна, каб цяпер хтосьці не прыдумаў сабе, што ён зараз у еднасці з Богам, з Хрыстом, таму што вельмі часта зачыненыя дзверы зачыняе яшчэ мацней. Галоўнае ў гэты момант памятаць, што ўсё навяртанне  — як рака, гэта пэўны дынамізм. І трэба прайсці праз шматлікія перашкоды, каб адкрыцца на еднасць з Богам. Але галоўная праўда, пра якую нам зараз нельга забыць, — гэта тое, што Ён нас любіць, і гэтай еднасці Ён моцна хоча.

Да наступнай сустрэчы! З Богам!


Відэакатэхеза брата Арыюша Малыскі OFM Cap
Падрыхтавала Воля Качалка.

 

 
старые. проститутки брюнетки Красноярск. худые проститутки Екатеринбург. проститутки Курчатовский. Ночные бабочки: проститутки в Оренбурге Гифки. кабинет врача. Секс по материалам сайта . Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла