Памёр былы апостальскі нунцый у Беларусі Дамінік Грушоўскі

Раніцай 27 ліпеня ў Нітры (Славакія) на 91-м годзе жыцця памёр арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, які на працягу пяці гадоў (з 1996 г. па 2001 г.) выконваў абавязкі нунцыя Апостальскай Сталіцы ў Беларусі.

Дамінік Грушоўскі нарадзіўся 1 чэрвеня 1926 г. у в. Велька Маня ў Славакіі. Там жа закончыў пачатковую школу. У 1938–1945 гг. вучыўся ў гімназіі ў Шуранах, дзе 3 жніўня 1945 г. атрымаў атэстат сталасці. У 1946 г. паступіў у духоўную семінарыю і пачаў вывучаць тэалогію на рыма-каталіцкім тэалагічным факультэце Браціслаўскага універсітэта. Восенню таго ж 1946 г. атрымаў накіраванне на вучобу ў Рым. 19 чэрвеня 1951 г. абараніў ліцэнзіят па тэалогіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў таксама ў Рыме 23 снежня 1950 г. 

Працаваў вікарыем у парафіі П'евэ ды Альпаго ў паўночна-італьянскай дыяцэзіі Бэлюно, а з 1953 па 1955 г. – пробашчам парафіі Гойма ды Дзольдо ў той жа дыяцэзіі. З 1955 па 1962 г. выкладаў спачатку філасофію, а потым дагматыку ў Папскай рэгіянальнай духоўнай семінарыі ў Вітэрбэ. 

З лістапада 1962 г. да ліпеня 1966 г. працаваў у Славацкай каталіцкай місіі ў Парыжы (пробашчам у Парыжскай архідыяцэзіі для славацкай меншасці). 

З 1966 г. па 1992 г. працаваў разам са Славацкім Інстытутам святых Кірыла і Мятода ў Рыме. У гэты час спачатку быў рэдактарам часопіса «Голас з Рыма», а пасля – дырэктарам Інстытута і кіраўніком духоўнай службы для славакаў замежжа. 

6 студзеня 1983 г. у базыліцы св. Пятра з рук Яна Паўла ІІ атрымаў біскупскую сакру. 

24 верасня 1992 г. Святы Айцец менаваў Яго Эксцэленцыю дапаможным біскупам Браціслаўска-Тырнаўскай архідыяцэзіі, а 17 снежня 1992 г. ён стаў яе генеральным вікарыем. З 1995 па 1996 г. выконваў функцыі Старшыні Камісіі Канферэнцыі Славацкіх Біскупаў для славакаў замежжа. 

15 красавіка 1996 г. быў менаваны тытулярным арцыбіскупам дыяцэзіі Тубія і Апостальскім нунцыем на Беларусі. Даверчыя лісты былі ўручаны ў Мінску 22 мая 1996 г. 

У 1947–1962 гг. ён быў адным з заснавальнікаў славацкай секцыі Ватыканскага радыё. У перыяд з 1962 г. па 1966 г. актыўна супрацоўнічаў са славацкаю праграмаю французскага радыё, а ў 90-я гады мінулага стагоддзя – са славацкім радыё ў Браціславе.

 Развітанне з арцыбіскупам пачнецца 31 ліпеня а 9-й гадзіне ў катэдральным касцёле св. Эмерама ў Нітры, а пахаванне адбудзецца 1 жніўня а 10-й гадзіне ў Мані.

Заахвочваем усіх вернікаў да малітвы за святой памяці арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага.

Вечны адпачынак дай яму, Пане!

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла