Калі б мы ведалі, як моцна нас любіць Бог, памерлі б ад радасці!

4 жніўня ў Касцёле ўспамінаецца вялікі святы пералому XVIII і XIX ст. Ян Марыя Віянэй. Гэты святар, які жыў на пераломе XVIII і XIX ст., быў не толькі цудоўным спаведнікам, але таксама і вядомым прапаведнікам. Прачытай  яго трапныя парады, якія не страчваюць сваёй актуальнасці.


 *  *  *

Калі б мы ведалі, як моцна нас любіць Бог, памерлі б ад радасці! Я не веру, што існуе настолькі цвёрдае сэрца, што не палюбіць, калі адчуе сябе аж так моцна любімым.

*  *  *

Калі да нас прыходзіць добры намер, гэта значыць, што наведвае нас Дух Святы.

*  *  *

Наш Пан падобны да маці, якая нясе сваё дзіцё на руках. Дзіцё гэтае злое, яно штурхае маці, кусае, драпае яе, але маці не звяртае на гэта ніякай увагі: яна ведае, што калі пакіне дзіця, то яно ўпадзе, таму што не можа самастойна хадзіць. Такі і наш Пан: Ён цярпліва зносіць усе нашыя выбрыкі, усё нашае нахабства, Ён прабачае нам нашае глупства і, не гледзячы на нас саміх, суперажывае нам.

*  *  *

Святы Бэрнард Клярвоскі казаў, што ўсё да нас прыходзіць праз Марыю. Гэтак жа можна сказаць, што ўсё да нас прыходзіць праз святара: усё шчасце, усе ласкі, усе нябесныя дары. <…> Паспрабуйце паспавядацца Маці Божай або анёлу. Няўжо яны адпусцяць грахі? Не. Ці дадуць яны вам Цела і Кроў нашага Пана? Не. Найсвяцейншая Панна не зможа зрабіць так, каб яе боскі Сын прыйшоў да нас у Эўхарыстыі. Нават 200 анёлаў не адпусцяць вам вашыя грахі. Але самы звычайны святар можа зрабіць гэта, сказаўшы. <…> Бачыце, наколькі святар вялікі!

*  *  *

Калі часта здараецца, што мы трапляем у д’ябальскія падкопы, значыць, мы разлічваем больш на свае сілы, чым на сілу Бога. Гэта сапраўды так.

 *  *  *

Сказаць, што вас не спакушаюць, гэта значыць заявіць, што д’ябла больш не існуе, ці ён страціў імкненне завалодаць хрысціянскімі душамі.

*  *  *

Першая спакуса, мае дарагія браты, якой д’ябал падвяргае кожнага, хто пачынае лепш служыць Богу, — гэта імкненне да людскога шанавання.


 

 Падрыхтавала Воля Качалка
паводле інтэрнет-рэсурсаў

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла