Галасы СДМ: «Тут — зусім іншы свет…»

Сусветныя дні моладзі цудоўныя тым, што можна сустрэць мноства людзей з усіх куткоў зямлі, якія прыязджаюць, каб дзяліцца адзін з адным і з усім светам досведам сваёй веры, досведам маладосці, якая пражываецца разам з Хрыстом, а таксама радасцю, якая напаўняе іх сэрцы. 

Для тых, хто не змог пабываць у Кракаве ў летнія дні напрыканцы ліпеня, Юлія Шэдзько зрабіла спецыяльны рэпартаж з Campus Misericordiae, поля Міласэрнасці, дзе моладзь з усіх частак свету сабралася разам на малітоўнае чуванне. Для вас прагучаць іх галасы — галасы Сусветных дзён моладзі. 

Сёння мы вандруем на Усход разам з моладдзю з краінаў Азіі. 

Досвед маладых людзей, галасы якіх вы пачуеце, асабліва каштоўны, бо яны паходзяць з краінаў, якія знаходзяцца ці нядаўна знаходзіліся ў стане вайны, яны як ніхто разумеюць, як важна адчуваць сябе адным Божым народам, як важна магчы свабодна вызнаваць сваю веру і як моцна нам патрэбная малітва аб супакоі ў свеце.   

 

Ірак

Юлія: Як цябе завуць і адкуль ты?

— Раяль Люіз, я прыехаў з Ірака. 

Юлія: Ты першы раз у Еўропе?

Раяль Люіз: Не, другі. Я ўдзельнічаў у СДМ у Мадрыдзе ў 2011 годзе. 

Юлія: Але ў Польшчы ўпершыню?

Раяль Люіз: Так, у Польшчы я ў першы раз.

Юлія: Што тут, у Польшы, і на сустрэчы больш за ўсё цябе ўразіла, што спадабалася?

Раяль Люіз: Мне Польшча вельмі падабаецца, гэта месца святых, святога Яна Паўла ІІ, святой Фаўстыны. Тут месца міласэрнасці. Нам вельмі патрэбная міласэрнасць, асабліва цяпер, у гэты год, бо паўсюль вайна. Нам патрэбная міласэрнасць, і гэта – добрае месца, дзе міласэрнасць ёсць. 

Юлія: Раскажы, калі ласка, крыху пра досвед веры ў тваёй краіне.

Раяль Люіз: У нашай краіне вера вельмі моцная. Таму што пасля таго, як ISIS (тэррарыстычная арганізацыя Ісламскай дзяржавы — рэд.) захапілі шмат гарадоў і мястэчак, дзе жывуць хрысціяне, многія сем’і пераехалі, каб захаваць сваю веру, застацца хрысціянамі. Яны пакінулі ўласныя дамы дзеля сваёй веры. Нашая вера вельмі моцная, і ў нас усё яшчэ шмат яе. Мы хочам жыць у сваёй краіне і быць у ёй хрысціянамі.

Юлія: Вы любіце свой край і любіце сваю веру…

Раяль Люіз: Так, менавіта! Хрысціянства мае ў нас доўгую гісторыю, вельмі цяжка знішчыць гэтую гісторыю, пазбыцца хрысціянскага падмурку ў вялікай краіне, як нашая. 

Юлія: Дзякуй вялікі! Вашыя словы і досвед вельмі каштоўныя!

Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!

 

Грузія

Юлія: Як цябе завуць і адкуль ты прыехала?

— Добры дзень! Мяне завуць Мірыям, я з Грузіі, з Тбілісі, мне 20 гадоў. Мы прыехалі ўсе разам у адной групе: Эстонія, Грузія і Расія. 

Юлія: Скажыце, калі ласка, ці вы першы раз у Польшчы?

Мірыям: Так, у Польшчы ўпершыню, але ў пілігрымцы ўжо была. 

Юлія: А дзе?

Мірыям: У Мадрыдзе. 

Юлія: Дзе больш спадабалася?

Мірыям: Калі праўда, умовы і харчаванне ў Іспаніі здаліся лепшымі, а тут мы лепш праводзім час. Тут больш сяброў, і я стала старэйшаю і ўжо больш разумею, тут цікавей. 

Юлія: А што больш за ўсё захапіла на гэтай сустрэчы?

Мірыям: Стаўленне людзей. Нашую групу прымалі ў сем’ях проста так, задарма, нічога не жадаючы, і больш за ўсё нас здзівіла тое, што гаспадары ставіліся да нас, быццам мы — іх уласныя дзеці. Звычайна нават сваякі так сябе не паводзяць, а гэтыя людзі аддавалі сябе цалкам. А таксама захапілі адносіны паміж Расіяй, Грузіяй і Эстоніяй, як мы ўсе сябруем. Многія здзіўляюцца і нават кпяць, калі бачаць Расію і Грузію разам. Ведаеце, я, калі праўда, думаю, што тут — зусім іншы свет, які ідзе да адной мэты, да Бога. І тут месца дзе можна хваліцца зусім не тым, маеш ты шосты ці пяты айфон… Я, напрыклад, хвалілася, што маю фатаздымак з Янам Паўлам ІІ! І нікому не важна, у што ты апрануты, хто ты, як ты выглядаеш, галоўнае, што ўсе сябруюць і любяць адзін аднаго. Гэта банальна гучыць, але гэта так і ёсць.

Юлія: Гэта цудоўна, насамрэч, гэта галоўнае. 

Мірыям: Так, гэта галоўнае, таму я так люблю гэтыя пілігрымкі! Адзінае, чаго я баюся, каб, вярнуўшыся дамоў, я не страціла ўвесь гэты настрой і эмоцыі.

Юлія: Я жадаю, каб гэта не страцілася, гэта і сапраўды важна. Дзякуй вялікі! Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней