Галасы СДМ: «У Касцёла ёсць будучыня…»

Сусветныя дні моладзі цудоўныя тым, што можна сустрэць мноства людзей з усіх куткоў зямлі, якія прыязджаюць, каб дзяліцца адзін з адным і з усім светам досведам сваёй веры, досведам маладосці, якая пражываецца разам з Хрыстом, а таксама радасцю, якая напаўняе іх сэрцы. 

Для тых, хто не змог пабываць у Кракаве ў летнія дні напрыканцы ліпеня, Юлія Шэдзько зрабіла спецыяльны рэпартаж з Campus Misericordiae, поля Міласэрнасці, дзе моладзь з усіх частак свету сабралася разам на малітоўнае чуванне. Для вас прагучаць іх галасы — галасы Сусветных дзён моладзі. 

Сёння мы пазнаёмімся з адной з самых маленькіх (калі не самай маленькай, усяго 14 чалавек!) групаў, што даехалі да Кракава, — з далёкай афрыканскай краіны Бурундзі.

 

Бурундзі

 Download (1Мб)

Юлія: Як цябе завуць і адкуль ты?

— Я прыехала з Бурундзі, а завуць мяне Мішэмэ Стэла Мары Элен, але можна зваць мяне Стэла. 

Юлія: Ты першы раз у Еўропе?

Стэла: Так, я ўпершыню ў Еўропе і ўпершыню на такім мерапрыемстве!

Юлія: І як табе гэта ўсё падабаецца?

Стэла: Я не ведаю, як гэта выразіць! Мне гэта ўсё вельмі падабаецца, бо гэта сведчанне таго, што вера існуе ў свеце і ў католіках. 

Юлія: А ў Польшчы што табе спадабалася больш за ўсё?

Стэла: Мне ў першую чаргу падабаецца гасціннасць. Тут мы жывем у сем’ях, і яны вельмі зычлівыя, добрыя да нас, і мы бачым, што яны — хрысціяне. 

Юлія: Дзякуй вялікі, ты цудоўная! Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!

 

Аб далёкім падарожжы з Бурундзі ў Кракаў распавядае айцец Сальватор, кіраўнік групы:

 Download (2Мб)

А. Сальватор: А вы адкуль?

Юлія: Я з Беларусі, гэта побач з Польшчай. Вы ж доўга дабіраліся сюды!

А. Сальватор: Так.

Юлія: Гэта быў пералёт? Колькі часу ў вас гэта заняло?

А. Сальватор: Так, мы ляцелі самалётам. Мы вылецелі ў 15.00 у нядзелю і прыбылі сюды а 14.00 у панядзелак. У нас было некалькі перасадак: у Адыс-Абеба ў Эфіопіі і пасля ў Вене. Гэта было доўгае падарожжа і дарагое: мы заплацілі па 1740 даляраў. Нашая група —14 чалавек з усёй краіны.

Юлія: Гэта цудоўна, што вы прыехалі. Бо мы, мая краіна, — суседзі з Польшчай, а вы выдаткавалі так шмат часу, і праехалі столькі кіламетраў! Гэта проста цудоўна, што вы тут.

А. Сальватор: А чаму мы прыехалі? Бо мы ведаем, што гэта найлепшы час, каб святкаваць і вызнаваць нашую веру ў Езуса Хрыста! Калі людзі з усяго свету: моладзь, святары, законніцы, свецкія людзі аддаюць свае грошы і час для гэтага — гэта знак веры. Быць разам на гэтых урачыстасцях — гэта вялікая, значная рэч для нас, бо мы бачым, што ў Касцёла ёсць будучыня. 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла