Галасы СДМ: «Дзеля адзінай мэты — Езуса Хрыста»

Сусветныя дні моладзі цудоўныя тым, што можна сустрэць мноства людзей з усіх куткоў зямлі, якія прыязджаюць, каб дзяліцца адно з адным і з усім светам досведам сваёй веры, досведам маладосці, якая пражываецца разам з Хрыстом, а таксама радасцю, якая напаўняе іх сэрцы. 

Для тых, хто не змог пабываць у Кракаве ў летнія дні напрыканцы ліпеня, Юлія Шэдзько зрабіла спецыяльны рэпартаж з Campus Misericordiae, поля Міласэрнасці, дзе моладзь з усіх частак свету сабралася разам на малітоўнае чуванне. Для вас прагучаць іх галасы — галасы Сусветных дзён моладзі. 

Сёння мы вандруем праз Атлантычны акіян да Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, адкуль пілігрымаў традыцыйна прыехала вельмі шмат.

 

ЗША

 Download (1Мб)

Юлія: Як цябе завуць і адкуль ты?

— Мяне завуць Меган Стар, я са Злучаных Штатаў Амерыкі і жыву ў штаце Місуры. 

Юлія: Ты першы раз у Еўропе?

Меган: Так, я ўпершыню выехала са Злучаных Штатаў.

Юлія: І як уражанні?

Меган: Ой, мне так моцна падабаецца Польшча! Тут так прыгожа! Я дакладна вярнуся сюды яшчэ раз. 

Юлія: А што табе спадабалася больш за ўсё?

Меган: Напэўна ўсё ж людзі — сустракаць новых людзей. Усе такія мілыя!  

Юлія: А на СДМ ты ўпершыню?

Меган: Так, гэта мае першыя Сусветныя дні моладзі, цікавы досвед!

Юлія: Распавядзі, калі ласка, пра гэта.

Меган: Мне гэта вельмі падабаецца! Як я казала, тут сустракаеш новых людзей, даводзіцца вельмі шмат паўсюль хадзіць. Мы пасяліліся ў цудоўным гатэлі. У нашай групе ёсць хлопец па імені Тоні Мелінда, ён не мае рук і грае на гітары пальцамі ног. Ён насамрэч вядомы музыка! Нас паклікалі на сцэну на Блонях, каб мы спявалі з ім разам, і гэта было вельмі крута! 

Юлія: Дзякуй вялікі! Перадай, калі ласка, прывітанне для Беларусі! 

 

 

Мексіка

 Download (1Мб)

Юлія: Як вас завуць і адкуль вы?

— Мы прыехалі з Мексікі, мяне завуць Анна Крысці... 

— Мяне завуць Фрыда…

— А я Адрыяна. 

Юлія: Вы ўпершыню на СДМ?

Усе разам: Так!

Юлія: Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі.

Анна Крысці: Мяне ўразіла пабожнасць маладых людзей і тое захапленне, з якім кожны вызнае сваю веру. 

Фрыда: Мне спадабалася, што людзі з розных куткоў свету, якія размаўляюць на розных мовах, могуць сабрацца разам на такім прыгожым мерапрыемстве, дзе ўсё — для Бога. Мяне цешыць, што нас так шмат сабралася на гэтай сустрэчы і дзеля адзінай мэты — Езуса Хрыста. 

Адрыяна: Мне вельмі падабаецца, як паводзяць сябе ўсе навокал: усе вельмі вясёлыя, вельмі актыўныя, поўныя захаплення, і ўсё робяць дзеля Хрыста!

Юлія: Дзякуй вялікі! Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі! 

 

 

Дамініканская Рэспубліка

 Download (1Мб)

Юлія:  Скажы, калі ласка, як цябе завуць і адкуль ты?

— Дайелін дэ ла Крус, я з Дамініканскай Рэспублікі. 

Юлія: Ты першы раз у Еўропе?

Дайелін: Так, упершыню.

Юлія: І што цябе ўразіла?

Дайелін: У Еўропе ўразіла ўсё: архітэктура, гісторыя, людзі… Уразіла гасціннасць палякаў і тое, як добра падрыхтаванае гэтае мерапрыемства. 

Юлія: А што скажаш пра СДМ?

Дайелін: Мне спадабалася арганізацыя, лагістыка, уразіла колькасць людзей, якія прыехалі, каб сустрэцца з Папам. Мне спадабалася камунікацыя паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў — мы разумелі адзін аднаго, нягледзячы на моўны бар’ер! Бачна, што Хрыстус сапраўды прысутнічае сярод маладых людзей і з дапамогаю Яго любові мы цудоўна разумеем адзін аднаго!

Юлія: Дзякуй вялікі! Перадай, калі ласка, прывітанне для Беларусі!   

 

 

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла