«Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой?»

Дваццатая звычайная нядзеля, год С (14.08.2016)

Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся! Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві.

(Лк 12, 49–53)

«Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой?»

«Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне». Ці прыцягальна гучаць для нас гэтыя словы Езуса? Ці хочацца, пачуўшы іх, далей ісці за Хрыстом? У свеце, які так прагне супакою і паяднання, што можа наталіць гэтае прагненне, калі нават Месія кажа аб раздзяленні?

Кажучы пра раздзяленне, мы часцей звязваем яго са злом, з грахом. Менавіта грэх аддзяляе нас ад Бога і бліжняга, пакідае нас у ганарлівай самоце ўласнага «я». Сутыкаючы між сабою народы, грэх прыводзіць да нянавісці і ваенных канфліктаў. Тады Божая запаведзь «Не забівай» адыходзіць на другі план, а яе месца займаюць ідэалагічныя формулы, якія падкрэсліваюць вышэйшасць аднаго народа над другім. А раздзяленне як вынік першароднага граху, ад якога пакутуе кожны з нас асабіста? «Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю» ( Рым 7, 19). Дзе ж шукаць еднасці і паратунку?

Каб ступіць на дарогу паяднання, трэба спачатку прызнацца ў тым, што не ўсё ў парадку. Каб прыйсці да лекара і пачаць лячыцца, трэба спачатку сказаць сабе: «Я хворы, мне патрэбная дапамога». І, на жаль, не ўсе маюць для гэтага мужнасць і пакору. Таму ўзнікае раздзяленне паміж тымі, хто адкрывае ілжывасць граху і робіць крок да вызвалення, і тымі, хто імкнецца дастасавацца да жыцця ў няволі. У сваёй прамове падчас сустрэчы з моладдзю ў Кракаве папа Францішак ужыў два вобразы: канапы і паходнага абутку, каб паказаць, што можна жыць толькі для сваёй выгоды, а можна вырушыць за Хрыстом. З часам можна стаць нявольнікам выгоднага камфортнага жыцця, «зрасціся» з канапай альбо адкрыць для сябе свабоду дарогі, перажыванай з Тым, хто памёр за мяне на крыжы. Якое жыццё выберу я?

Айцец Павел Мажэйка OP 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла