Божае слова — асноўная крыніца хрысціянскай медытацыі

«Настаўнікі медытацыі, як правіла, неахвотна кажуць пра тое, што такое медытацыя і чаго з дапамогай яе можна дасягнуць, яны часцей указваюць на яе неабходнасць. Яны вучаць нас таму, што казаць пра вопыт і быць чалавекам вопытным — гэта розныя рэчы», — піша нямецкі багаслоў Ханс Вальдэнфельс SJ. Адных толькі размоваў пра метад хрысціянскай медытацыі недастаткова, каб увайсці ў вопыт яе перажывання. Метад — гэта толькі знешняе апісанне, рэцэпт, які трэба выкарыстоўваць, калі хочаш, каб ён стаў плённым.

Сапраўдная мэта хрысціянскай медытацыі — дасягнуць таго, каб Божае слова глыбока пранікла ў нашае жыццё. Мы ўваходзім у разважанні з усім, што ёсць у нашым жыцці. Дзякуючы працяглай медытацыйнай малітве слова Божае паступова пранікае ў нашае жыццё: у нашую рэчаіснасць з усімі яе праблемамі, радасцямі і цяжкасцямі; у мінулае і ва ўсё тое, што нам прыйшлося ў ім перажыць; а таксама ў будучыню, у тыя чаканні і надзеі, якія мы з ёю звязваем.

Для таго, каб нашая медытацыя была сапраўды хрысціянскаю, яна павінна пачынацца з уважлівага слухання слова Божага. У працэсе разважання мы ацэньваем не Божае слова, а сваё жыццё ў яго святле. «Сёння ўсе мы пакутуем ад хваробы, якую можна было б назваць гіпертрафіяй суджэнняў. Нам уласцівая цяга да таго, каб выносіць суджэнні. Мы спакойныя толькі тады, калі нам удаецца аднесці кожны прадмет да адной з катэгорый: дабра або зла. Галоўнае наступства гэтай хваробы — схільнасць трымацца ўбаку і глядзець на ўсё звысоку. Другое яе наступства — фальсіфікацыя чалавечага пазнання, што прыводзіць у выніку да абясцэньвання рэчаіснасці», — адзначае мітрапаліт Суражскі Антоній (Блум). Калі мы схільныя да гіпертрафіі суджэнняў, то падчас разваг лёгка можам заняць непакорную пазіцыю, звысоку пазіраючы на праўду Божага слова. Тады існуе небяспека, што мы будзем маніпуляваць Богам і Яго словам.

Другая небяспека ў медытацыйнай малітве — празмерная інтэлектуалізацыя зместу. Гэта становіцца прычынаю таго, што ў малітве мы затрымліваемся толькі на ўзроўні розуму. Інтэлектуалізацыя ў разважанні не дазваляе адносіць праўду, над якой мы разважаем, да ўласнага жыцця. У нашай заходняй ментальнасці, у якой інтэлект адыгрывае вялізную ролю, інтэлектуалізацыя ў малітве — не рэдкасць. Калі чалавек, які ўваходзіць у працяглую медытацыйную малітву, паддаецца гэтаму, тады ён — пасля першага перыяду пад’ёму і энтузіязму — перажывае псіхічную стому ад сваіх «заўсёдных набожных разважанняў».

Тады ўзнікае неабходнасць увесь час атрымліваць новы рэлігійны і духоўны матэрыял, каб мець магчымасць узбагачаць сваё мысленне. Людзі, якія зазнаюць гэтую небяспеку, часта пачынаюць нецярпліва ганяцца за штораз новым зместам, што насамрэч аказваецца толькі бясплодным пошукам інтэлектуальных уражанняў. З цягам часу, змучаныя сабою і «сваімі разважаннямі», яны пачынаюць грэбаваць працяглай медытацыйнай малітвай, зазнаючы ў адносінах да яе штосьці кшталту комплексу.

Слуханне Божага слова звязана не столькі з інтэнсіўным і актыўным інтэлектуальным разважаннем, колькі, хутчэй, з пасіўным адкрываннем сэрца і прыняццем натхненняў або жаданняў, крыніцаю якіх не з’яўляецца сам чалавек. У слуханні Божага слова больш важна тое, каб паддацца дзеянню Духа Божага, а не сама дзейнасць чалавека.

Калі мы на працягу даволі доўгага часу ва ўнутранай цішыні засяроджваемся на Божым слове, нашая ўвага міжволі звяртаецца да канкрэтнага зместу, які часам бывае ўкрыты ў адным слове або сказе, у нейкай думцы або адчуванні. Пры гэтым узнікаюць пэўныя ўнутраныя натхненні і імкненні, якія бяруць свой пачатак не ў нас саміх і якія не залежаць ад нашай волі. Яны прыходзяць з таго, што як бы хаваецца за намі.

Гэты змест можа прыцягваць нашую ўвагу і можа абуджаць унутры нас страх і супраціўленне. Падчас медытацыйнай малітвы нам патрэбна спыняцца і на тым, што выклікае ў нас станоўчую рэакцыю — энтузіязм, радасць, надзею, душэўны супакой, — і на тым, што выклікае ў нас унутранае супраціўленне, пачуццё стомленасці, сораму або іншых негатыўных адчуванняў. Узнікненне падчас медытацыі цяжкіх адчуванняў — добры знак, бо гэта сведчыць пра тое, што Божае слова кранае ўнутры нас найбольш неўпарадкаваныя і зраненыя месцы, наяўнасць якіх мы ў сабе, верагодна, дагэтуль яшчэ не ўсведамлялі.

Ханс Вальдэнфельс SJ зазначае, што калі чалавек уваходзіць у медытацыйную малітву, «з усёй моцаю праяўляецца прыглушаны дагэтуль унутраны неспакой, адсутнасць упарадкаванасці, віна і пажадлівасць, страх і супраціўленне, разнастайныя формы прывязанасці і зняволення. Чалавек тады перажывае сваё „я“, якое ў паўсядзённасці звычайна хаваецца пад маскаю добрапрыстойнасці».

  


Айцей Юзаф Аўгустын SJ
Пераклад з рускай Волі Качалкі

Урывак з кнігі «Исцеление от чувства обиды» айца Юзафа Аўгустына SJ, якая выйшла ў нашым выдавецтве «ProChristo» у 2014 г. Гэта першая з шасці кніг разважанняў айца Юзафа Аўгустына, угрунтаваных на «Духоўных практыкаваннях» св. Ігнацыя Лаёлы.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла