РЫБЫ: «Богу патрэбныя сродкі для Збаўлення». Вялікае інтэрв'ю напярэдадні прэзентацыі альбома

 «Музычны евангелізацыйны праект РЫБЫ» ў Касцёле на Беларусі ўжо даволі знакаміты. Гурт стаў чаканым госцем на шматлікіх хрысціянскіх мерапрыемствах. За параўнальна невялікі прамежак часу «РЫБЫ» выпусцілі ўжо другі альбом. Супольнасць «рыбак», як яны сябе называюць, налічвае ажно 17 чалавек. Яны кажуць, што ўсе іх дасягненні — гэта вынік дзейнасці Езуса ў іх. Адначасова ўдзельнікі праекта самі атрымліваюць асалоду ад таго, чым займаюцца, кіруюцца ж яны словамі: усё, што ты можаш зрабіць, рабі...


 

– У гэтым месяцы «Музычны евангелізацыйны праект „РЫБЫ“» выдаў новы альбом «Любі». Што вы адчулі, калі гэта адбылося?

Віталік (барабаншчык): Такой хрысціянскай музыкі на Беларусі даклана няма! Бог вялікі! Я ганаруся тым, што Ён паклікаў мяне ўдзельнічаць у такім праекце! Вось што я найперш адчуў. Думаю, гэта такі ўзровень музыкі, якім хочацца дзяліцца не толькі з католікамі. З задавальненнем раю яе ўсім.

Паўліна (клавішніца): Як толькі мы закінулі альбом у сацсеткі, я адчула радасць унутры сябе і супакой. Нават нейкае трапяткое пачуццё. Я чакала гэтага альбома, яго выхаду ў свет. А пасля адразу ж захацелася ўзяцца за трэці.

Алена (менеджар): Шчыра кажучы, адчула палёгку, выдыхнула. Мне здаецца, гэта як нарадзіць. Я не маці, але нешта прыкладна такое я адчула... І час патрэбны, і цяжка, і балюча, і у той жа момант гэта вялікае шчасце. Гэты альбом — самае дарагое дзіця!

 – Чыму вы лічылі важным і патрэбным выхад новага альбома?

Віталік: Як бы гэта эгаістычна не гучала, для мяне важней за ўсё самому атрымаць карысць і задавальненне ад таго, што раблю, і наогул я не думаю пра тое, як дагадзіць іншым. Лічу, што буду рабіць так, як падабаецца мне і каб было ў згодзе з Богам, а Ён ужо сам скарыстае маю працу ў сваіх збаўленчых мэтах. Наогул, я лічыў выхад альбома вельмі патрэбным, Богу ж патрэбныя сродкі для збаўлення.

Паўліна: Напэўна, пакуль я не пачую ад кагосьці, што нашая музыка змяняе чыёсьці жыццё, я да канца не зразумею, патрэбна яна або не. Але з іншага боку, гэты альбом змяніў нас, саміх «Рыб», і ўмацаваў нас, 17 чалавек. Таму думаю, што ўсё недарэмна. На месцы іншых людзей я набыла б дыск хаця б з-за вокладкі, ну файная ж (смяецца)!

Алена: Новы альбом — гэта новы этап у развіцці, новы ўзровень, і гэта адчуваецца, у песнях чутно, што мы ўжо «новыя рыбы». Праўда, былі цяжкія моманты, калі толькі тое, што трэба працаваць над альбомам, нас і збірала на рэпетыцыі, падштурхоўвала працаваць.

 – Ці цяжка даўся новы альбом з тэхнічнага, эмацыйнага і духоўнага боку?

ВіталікЦяжка не было, нават наадварот. Бог выхоўвае нас, што дае ўзаемапаразуменне і нармальныя сяброўскія адносіны, Ён падтрымлівае таксама эмацыйны і духоўны стан. А з тэхнічнага боку Бог благаслаўляе ўсім неабходным, а таксама патрэбнымі людзьмі, таму таксама цяжкасцяў не было.

Юра (гітарыст): Так выйшла, што нам патрэбна было прыдумаць толькі аранжыроўкі. Пацешна было прасочваць эвалюцыю аранжыровак песень ад ціхай акустычнай да рытмічнай і драйвавай, ад чарады гукаў да аднаго-двух. Пошук новых ідэй, генерацыя, а галоўнае — прапанова іх настолькі шматлікаму і разнашэрснаму калектыву, як мы, — думаю, самыя цяжкія моманты з усіх.

Паўліна: Было ў кайф! Асабіста я не адчувала ніякага цяжару. Магчыма, толькі фізічны. Бо апошнія інтэнсіўныя рэпетыцыі супалі з зімняй сесіяй, ранішнікамі і жудасным холадам. Але гэтыя пастаянныя паездкі ў Жодзіна па 5 разоў на тыдзень успамінаюцца цяпер з радасцю і трапятаннем. Гэта найлепшы час, праведзены супольна! Адносіны з Богам узмацніліся! Так што ўсё добра!

Наталька (вакалістка): Як па мне, дык было цяжкавата. Думаю, гэта звязана з тым, што альбом — евангелізацыйны, і злы дух быў абураны нашай ідэяй евангелізаваць. Творы ў сваім першасным выглядзе асабіста мне на слых і сэрца ну зусім не клаліся. Тут справа не ў аўтары, я проста адразу не зразумела сутнасці некаторых песень, напрыклад «Калі сумленне...». А я не магу спяваць тое, што не разумею. Урэшце ад аўтара я дазналася, у якім стане пісалася песня, які сэнс схаваны ў словах. Усё ж я спявала так, як сама адчувала і разумела. Лічу, што якасныя, каштоўныя рэчы трэба вынасіць, як дзіця, пажыць з гэтым, укласці сябе ў іх. Зрэшты я проста веру, што добрыя песні, добрую музыку робяць не людзі, а Езус праз людзей. І тое, што мы сёння чуем на гэтым дыску  вынік працы Езуса ў нас.

  – Як вы ацэньваеце новы альбом у параўнанні з папярэднім? Якія бачыце адрозненні ў падыходзе падчас запісу?

Паўліна: Адрозненні вялізныя! У першы альбом я ўклала толькі свае ўменні і здольнасці іграць на клавішах. У другі ж альбом я ўклала ўвесь свой духоўны вопыт, усю сваю любоў да музыкі, нашыя адносіны з «РЫБАМІ», нашае «рыбнае» жыццё. Гэтыя перажыванні там адчуваюцца! Ну, напрыклад, праца над песняю «Кажуць на зямлі...» — гэта час, калі Юра пазнаёміў нас з фанкам і мы ўсе захапіліся ім. Песня «О Любоў, напоўні...» нагадвае пра час нашага асенняга служэння на хрысціянскіх мерапрыемтвах ў 2014 годзе. Песня «Чаму?» (яе фартапіянная аранжыроўка) прыснілася мне за пару дзён да пачатку запісу. А песня «Любі» чакала Патрыцыю 2 гады! Проста яе чакала... І так можна распавядаць пра любую песню. Гэта перыяды нашага сяброўства, нашых глыбокіх адносінаў з Богам, нашага росту ў музыцы.

Наталька: Гэта два вельмі розныя па стылі і па падачы альбомы. Тут нават не трэба было напружвацца, каб змяняць падыход, ён сам  па сабе фармаваўся па-іншаму. Я лічу,што спяваць песні праслаўлення значна прасцей, бо мы іх спяваем і на св. Імшы, і на канцэртах, і на розных мерапрыемствах — там многа малітвы, спантаннасці. А што датычыць нашага другога альбома, то там вельмі важны сэнс песняў, і трэба было зрабіць так, каб музыка, розныя «прыёмчыкі», «фішкі» не зацямнялі словы, а толькі падкрэслілі іх. Было такое, што мы доўга думалі над песняй (якая так і не увайшла ў альбом) і зайгралі свінг (рытм у джазе) — і словы файна ляглі, атрымалася вельмі здорава, але мы ўбачылі, што ў рытме і класных гуках гітараў губляюцца словы, яны проста не слухаюцца. Вопыт мы атрымалі добры. Але мы робім не проста добрую музыку — мы хочам данесці сэнс!

Алена: Гэта абсалютна іншы матэрыял. Над гэтым альбомам працавалі ўсе: кожная «рыбка» ўклала нешта сваё. З першым альбомам так не было. Яго мы пісалі ў пакоі ў Жодзіна, да нас прыехаў наш сябра гукарэжысёр і гітарыст «Каны» (украінскі гурт), мы расставілі апаратуру і пачалі пісаць, як «школьнікі», бо для некаторых гэта быў увогуле першы вопыт гуказапісу. Мала хто ведае, што на той момант «Музычны евангелзацыйны праект „РЫБЫ» павінен быў скончыцца ў канкрэтны перыяд. Але ўжо падчас запісу мы пачалі задумвацца, што з яго вырастае нешта большае: з’явілася сяброўства. Асабіста я сваё стаўленне да праекта — ад «я павінна» на «я хачу, мне падабаецца» — змяніла ўжо пасля запісу першага альбома, да таго моманту я проста рабіла тое, што ўмею. Гэтая перамена адбылася толькі таму, што змянялася маё духоўнае жыццё. Адначасова ўсе пачалі разумець, што Бог адчыняе нам шмат дзвярэй. Толькі рабі! Вось такія, зусім іншыя, мы прыйшлі да запісу другога альбома. Пісалі яго ўжо ў студыі (у Баранавічах). Зноў да нас прыехаў наш сябар ужо са сваёю жонкаю. Яны нам вельмі дапамаглі у музычным плане. Вядома, ёсць памылкі, але ідэальную музыку можна на камп'ютары рабіць, а ў жывой ёсць сэрца, частка цябе!

 

 – Аб’ектыўна кажучы, ваш гурт прадуктыўны: за адносна невялікі час існавання праекта выйшла ўжо 2 альбомы, каманда ўдзельнічае ў шматлікіх хрысціянскіх мерапрыемствах, фестывалях, канцэртах, служыць у Школе евангелізацыі ў Оршы. Як вы лічыце, у чым заключаецца прычына гэтай прадуктыўнасці?

Віталік: Шчыра кажучы, я лічу, што  нашая прадуктыўнасць ніжэй сярэдняга. Бачачы вялізны патэнцыял, магчымасці, умовы і патрэбу, я разумею, што мы можам у шмат разоў больш. Ну а прычына прадуктыўнасці нашай працы — гэта жывы Езус Хрыстус! Кожны з нас жыве тым, каб несці па гарадах і сёлах добрую вестку, якую адкрывае нам жывы Бог. Гэта цудоўная ўласцівасць жывых — гаварыць, і Бог з намі гаворыць. Ну і галоўным рухавіком прадуктыўнасці евангелізацыі я лічу любоў.

Паўліна: Усе пытанні да Бога (смяецца)! У Беларусі не так шмат хрысціянскіх гуртоў, шчыра кажучы. Асабліва тых, якія існуюць больш за год-два. Збіраюцца — развальваюцца... Даверу да Бога малавата, напэўна... Наогул мы ніколі не гналіся за вялікімі сцэнамі, славаю, вядомасцю. Усё гэта бессэнсоўна. Пераконваюся ўсё больш і больш, што самыя плённыя канцэрты (служэнні) былі акурат у маленькіх вёсках, на зонах і для малой колькасці людзей. Мы больш патрэбныя там! А калі б наогул сказалі іграць толькі для сябе ў зачыненым пакоі (як гэта было з адным вядомым пратэстанцкім спеваком), я б з задавальненнем згадзілася на такі Божы план!

Наталька: Прадуктыўнасць прыходзіць выключна ў супрацоўніцтве з ласкай Бога. Толькі Ён натхняе і дае сілы працаваць, ствараць і надае ўсяму гэтаму сэнс.

Алена: Па-першае, нас аб'ядноўвае Хрыстус і праўда, якою б яна не была. Па-другое, мы стараемся быць сапраўднаю камандаю. Па-трэцяе, запал да таго, што робіш.

 

– Калі параўнаць ваша мінулае, калі вы толькі пачыналі працаваць у «РЫБАХ», і сённяшні дзень, то ці змяніў вас праект, ці змянілі вы свой падыход да гэтай сферы дзейнасці? Як вы на самым пачатку ўяўлялі будучыню праекта, ці спраўдзіліся чаканні, або, можа, рэальнасць аказалася зусім іншаю?

Юра: Я і падумаць не мог, што музыка стане для мяне прыярытэтам. Вядома, што я змяніўся, тут я маю цудоўную магчымасць расці, умацоўваць адносіны з Богам, з людзьмі нашай супольнасці. Менавіта з «Рыбамі» пачаўся шлях маёй сацыялізацыі, я стаў менш сарамлівым, стаў смялей глядзець людзям у вочы. Веру, што Бог праз гэты праект таксама ацаляе мяне ад хлусні, быццам я «такі нарадзіўся», «у мяне такі характар», і кліча мяне казаць, абвяшчаць, крычаць пра ўсеабдымную і чароўную Любоў, якою Бог палюбіў нас.

Наталька: Цікавае пытанне. Я думаю, што маё найбольшае духоўнае ўзрастанне адбываецца ў служэнні, што напрамую звязана з «Рыбамі». Маю ў сэрцы глыбокае перакананне: я на сваім месцы, раблю тое, што мне належыць рабіць. Адразу ўспомнілася: «Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: „Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?“ Наадварот, ці не скажа яму: „Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?“ Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: „Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць“» (Лк 17, 7–10).

 – Чым адрозніваецца ваш евангелізацыйны праект ад свецкага гурта? Як гэта адлюстроўваецца ў музыцы, вакале?

Віталік: Мне здаецца, самая галоўная розніца заключаецца ў тым, што свецкія каманды імкнуцца праслаўляць нейкія ўжо створаныя рэчы, паняцці, ідэалогіі, рухі, нешта звязанае з ідалапаклонствам, у адрозненне ад хрысціянскіх, галоўная мэта якіх — аддаць усю хвалу Богу! Гэтым мы і імкнемся займацца.

Наталька: Мы, як і многія музыкі, проста маем таленты і якімсьці чынам, па міласці Божай можам іх развіваць, вучымся імі дзяліцца. Але праект мае сваю мэту: евангелізаваць, абвяшчаць Хрыста праз музыкугэта адказна. Мне нават часам здаецца, што тут важныя не столькі  твае задаткі,колькі рашучае сэрца, якое разумее, навошта гэта рабіць. Разам з айцом Міхаілам Цвячкоўскім MIC мы таксама ўтвараем малітоўную групу, дбаем пра «жывое сэрца», трываем у малітве.

Ала (вакалістка): Калі мы запісвалі альбом, мне спачатку было незразумела, як гэта трэба рабіць, бо свецкія песні крыху па-іншаму спяваюцца. Я баялася штосьці дадаваць «ад сябе», імправізаваць. Ужо цяпер я разумею: усю прыгажосць, усё, што ты можаш зрабіць, рабі! Калі ты ўмееш добра спяваць джаз, то спявай яго так! У хрысціянскіх праектах таксама ўсё трэба рабіць добра, не трэба ўспрымаць гэта як імкненне вылучыцца, проста для Бога павінна быць усё самае лепшае!


 – Якая ў вас інтэнцыя на сённяшні дзень адносна дзейнасці ў «РЫБАХ», як вы бачыце будучыню праекта?

Віталік: Я б хацеў, каб «РЫБЫ» былі вялікай супольнасцю на нашых землях, якая б несла святло новай евангелізацыі не толькі праз музыку, а перадусім праз асабісты прыклад і ўзаемаадносіны з Богам; каб дзейнасць у супольнасці не абмяжоўвалася канцэртамі і малітвамі, а ўключала ў сябе працу на ўсіх франтах грамадскага жыцця; каб Евангелле распаўсюджвалася праз любыя сродкі: гаджэты, тэлебачанне, радыё, моду, стыль — карацей кажучы, выхоўвала годную адэкватную нацыю, нашую будучыню.

Паўліна: Я бачу нашыя «рыбныя» сем’і, бачу, што мы разам. Але думаю, што Бог хоча, каб мы ішлі далей. Уяўляю, быццам цяпер мы — ствол вялізнага дрэва, а тое, што будзе далей — гэта галіны. Наўрад ці ўсе 17 «рыб» будуць жыць у адным горадзе. Калі мы раз’едземся, нашая місія толькі пачнецца. Цяпер мы пастаянна чэрпаем — прыйдзе час і аддаваць. «Рыбная» плынь закране ўсю Беларусь, а можа, і больш, вось пабачыце (усміхаецца)!

 – Што б вы хацелі пажадаць хрысціянам, якія таксама імкнуцца ствараць свае праекты і служыць іншым?

Віталік: Хачу пажадаць не баяцца пачынаць. І няхай цэнтрам усялякай дзейнасці будзе Хрыстус. Ён нашмат лепш ведае, як уладкаваць любы праект, а значыць, не трэба баяцца пытацца ў Яго, і нават калі Яму не даспадобы нашыя ідэі, то не трэба засмучацца, а шукаць далей, бо Ён любіць нас і хоча засцерагчы ад усяго, што преашкаджае кантакту з Ім.

Юра: Я пажадаў бы ў першую чаргу знайсці сваю нішу, свой запал — Бог сам выкарыстае вас для распаўсюджання Яго славы на зямлі.

Паўліна: Першапачаткова ўсе пачынанні аддаць Богу і зразумець, што Ён — мэта вашай працы, мэта жыцця. І ўсё будзе файна, пабачыце.

Наталька: Каб перадусім шукалі Хрыста.

Алена: Майце адвагу пачаць, не сумнявайцеся! Маліцеся адзін за аднаго, дазваляйце Богу ісці наперадзе і паказваць шлях. Усё, што вы робіце, рабіце з запалам!  

«РЫБЫ» чакаюць вас на прэзентацыі новага альбома «Любі» 27 жніўня а 19.00 па адрасе:  г. Жодзіна, касцёл Маці Божай Фацімскай (праспект Венісье).

 


Размаўляла Воля Качалка
Фота: Вераніка Скрабатун

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла