Апошняе месца

Дваццаць другая звычайная нядзеля, год С (01.09.2019). 

Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. 

Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: «Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».

Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».

(Лк 14, 1. 7–14)

Апошняе месца

У лацінскім тэксце ўрыўка Евангелля паводле св. Лукі для азначэння выразу «апошняе месца» ўжываецца «novissimus locus», што ў адарванасці ад кантэксту можна было б перакласці як «навейшае, самае новае месца». Нічога, здавалася б, дзіўнага, бо слова «новы» азначае, між іншым, і «апошні ў параўнанні з тым, што было раней». Напрыклад, «Новы Запавет» — апошні ў параўнанні да Старога, бо «навіны» — тое самае, што «апошнія паведамленні». Але ж Пан Езус заахвочвае зусім не да таго, каб у гасцях шукаць нядаўна набытае крэсла, каб сесці. У Яго вуснах «апошні» азначае «найгоршы, найменш шанаваны». Гэты нюанс можа прывесці ў заклапочанасць прыхільнікаў навізны, упэўненых, што ўсё новае — абавязкова добрае. Аднак нават народная мудрасць сцвярджае: «Новых сяброў набывай, а старых не забывай» — і ставіць пад сумненне падобную ўпэўненасць. Дый кожны дасведчаны пілігрым ведае, што ў дарогу трэба апранаць стары, выпрабаваны абутак, бо новы можа хутка нацерці ногі і не толькі ператварыць пілігрымку ў сапраўдную пакуту, але і нанесці вялікую шкоду здароўю. 

Адным словам, падабаецца гэта каму ці не, усё новае павінна «здаць экзамен», давесці, што яно сапраўды добрае, прынамсі, не горшае за старое. У сувязі з гэтым паўстае пытанне, чым жа на самой справе кіруюцца тыя, хто ў сакральную архітэктуру, мастацтва, музыку і нават у саму літургію бяздумна ўводзіць розныя навінкі, не задумваючыся пра іх наступствы для духоўнага жыцця? Наўрад ці імкненнем заняць «апошняе месца». І хоць кожны такі наватар можа мець нейкую сваю матывацыю, даводзіцца адзначаць, што найчасцей за гэтым стаіць усё тое ж памылковае перакананне, што новае —лепшае за старое і што старое трэба адкінуць як неактуальнае толькі на той падставе, што яно існуе ўжо даволі доўга.

Але такі менталітэт, які пранікае ў рэлігійнае жыццё са свецкага, прыносіць вялікую шкоду, і не толькі ў пытаннях духоўнасці. Наўрад ці якое прадпрыемства выйграе, калі ўсіх дасведчаных і кваліфікаваных  супрацоўнікаў замяніць на маладых спецыялістаў, якія, можа, і поўныя энтузіязму, але не маюць ніякага досведу працы ў дадзенай галіне і нават пазбаўленыя магчымасці пераняць яго ад вышэйзгаданых звольненых працаўнікоў. Колькі памылак яны зробяць, ствараючы непатрэбныя праблемы не толькі для сябе, але і для ўсяго грамадства!..

Усё ж трэба мець нейкі жыццёвы досвед і цноту разважлівасці, каб распазнаць, што менавіта са старога ўжо аджыло свой век, а што можа яшчэ паслужыць агульнаму дабру. І трэба быць напоўненым Божай мудрасцю, каб адрозніць па-сапраўднаму жыццяздольнае і плённае новае ад банальнага «піску моды» або самавыражэння, што пераважна акурат і з’яўляецца імкненнем заняць першае, найбольш заўважнае і слаўнае месца, ад чаго і перасцерагае Пан Езус. 


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла