«Дзе народжаны Кароль юдэйскі?»

Урачыстасць Аб'яўлення Пана, год А (06.01.2017)

Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

І ты, Бэтлеем, зямля Юды,
нічым не меншы сярод гарадоў Юды,
бо з цябе выйдзе Правадыр,
які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».

Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міру. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

(Мц 2, 1–12)

«Дзе народжаны Кароль юдэйскі?»

Ірад занепакоіўся, калі пачуў пра нованароджанага караля. Ён вельмі добра ведаў законы гэтага свету, ведаў, які ён падступны, поўны барацьбы і інтрыгаў. Ірад ведаў, што папраўдзе не можа нікому давяраць, нават тым, хто, здавалася б, любіць яго. Як добры шахматыст, ён быў здольны прадбачыць пагрозу наперад за некалькі хадоў і ўмеў ліквідаваць яе разам з тымі, хто па яго меркаванні быў прычынаю гэтай пагрозы. Магчыма таму ўвесь Ерузалем таксама занепакоіўся разам з каралём. 

Калі Ірад пачуў ад усходніх мудрацоў пра нованароджанага юдэйскага караля, ён адразу ведаў, што рабіць. Ён умеў дзейнічаць нечакана, а тое, што сёння мы называем гвалтам, было для яго проста эфектыўнымі дзеяннямі. У свеце, які ён ведаў, панавалі жарсць і нянавісць. Нішто не магло б пераканаць Ірада ў адваротным, нішто не магло б яго здзівіць, бо гэта небяспечна.

Мудрацы таксама ведалі гэты свет. Але яны былі мудрацамі і таму разумелі, што рэчаіснасць багацейшая за ўсё, што яны ведаюць або разумеюць. Прагненне пазнання было ў іх такім моцным, што, нягледзячы на небяспеку і цяжкасці, прымусіла іх выправіцца ў дарогу. З аднаго боку, яны ведалі, куды ісці, з іншага — не саромеліся пытацца пра шлях. Нягледзячы на ўласны досвед, яны дазвалялі рэчаіснасці здзіўляць іх. Магчыма, менавіта таму яны здолелі распазнаць Караля ў Немаўляці з бэтлеемскай стайні. Яны ўбачылі там, што моц можа быць зусім не звязаная з пыхаю, што ўсемагутнасць — гэта не гвалт, а любоў большая за нянавісць. Законы свету, што аб’явіліся ім, аказаліся зусім іншыя, чым уяўная мудрасць тых, хто лічыць сябе валадарамі свету. 

Хрыстус Валадар сёння аб’яўляецца нам. Гэтае Аб’яўленне — абвяшчэнне Яго Валадарства, Валадарства любові і супакою. Але Езус у сваёй усемагутнасці нічога не навязвае нам. Нам выбіраць, хочам мы жыць у Валадарстве Божага Духа ці ў валадарстве Ірада. 

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла