«Мая мэта — паказаць значнасць пілігрымкі і яе актуальнасць». Размова з фатографам Віктарам Ведзенем.

Перад Божым Нараджэннем у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адкрылася выстава фатографа Віктара Ведзеня, прысвечаная тэме пілігрымак у Будслаў. З гэтай нагоды фотамастак адказаў на пытанні карэспандэнта часопіса «Ave Maria».

Віктар, нядаўна ў мінскай архікатэдры адкрылася другая частка тваёй выставы «Дарогі, якімі мы Бога шукаем». Што ты адчуваеш?

Падзяку Богу за гэтую магчымасць і ўвогуле за тое, што адбылося і адбываеццаў маім жыцці. Я разумею, што касцёл — гэта не выставачная зала і не вельмі прыстасаваны тэхнічна, каб паказваць фотавыставы, але менавіта тэма пілігрымкі нідзе больш не была б настолькі актуальнай, як у святыні. Лічу, што праз мяне дзейнічаў Бог, таму што інакш і быць не можа. Я ўсяго толькі адлюстроўваю рэчаіснасць і з’яўляюся інструментам у Ягоных руках: што Ён хоча паказаць праз мяне, тое і атрымліваецца.

Выстава ў Катэдры — гэта працяг твайго фотапраекту. Распавядзі крыху,як усё пачыналася.

На пачатку выстава была адкрыта для прагляду ў Чырвоным касцёле, які стаў для яе стартавай пляцоўкай. Я змог тады прааналізаваць усё, убачыць некаторыя недахопы і хібы, а пасля я зрабіў мабільны варыянт выставы, каб можна было паказаць яе ў любым месцы і давезці да людзей, якія не могуць спецыяльна прыехаць у Мінск. Таму атрымалася паказаць яе ў Будславе падчас урачыстасцяў. Выстава прайшла разам са мной гэты шлях — фотаздымкі спачатку везлі на фуры разам з рэчамі, а ў апошні дзень раніцай я паехаў развешваць фота. Амаль увесь дзень афармляў экспазіцыю, і як толькі павесіў — наляцеў моцны вецер і пачаўся дождж (як гэта звычайна бывае ў Будславе), фатаграфіі ледзьве не пазляталі, але дзякуй Богу ўсе засталіся цэлымі. Мне было прыемна, што так шмат людзей пабачыла гэтыя выявы.

Чаму менавіта шлях у Будслаў стаў ідэяй тваёй выставы?

Мабыць, паўплывала тое, што гэта была мая першая пілігрымка ў Будслаў. Сама атмасфера, калі я туды ўпершыню трапіў, людзі, з якімі  ішоў побач. Тады, у 2013 годзе, гэты шлях са мной прайшла мая будучая жонка. Гэтая падтрымка, атмасфера паміж людзьмі, малітвы, спевы, разважанні — усё на мяне паўплывала, а таксама гісторыі тых людзей, што распавядалі пра розныя цуды, якія здараліся з імі.

Наколькі ведаю, гэтая выстава была не толькі ў Будславе, але і ў іншых месцах, акрамя сталіцы?

23 ліпеня 2016 года адбыўся трэці яе паказ. Яна была праэкспанавана напярэдадні фэсту святой Ганны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Жодзішкі. Гэтая святыня і дзень былівыбраныя невыпадкова для мяне. У дзяцінстве тут мяне хрысцілі, а цяперя браў шлюб, і імя маёй каханай таксама Ганна.

Якая мэта тваёй выставы ў архікатэдральным касцёле?

Большая частка пілігрымаў на фотаздымках — вернікі, якія зрабілі свой першы крок да Будслава менавіта з архікатэдры. Я палічыў, што будзе лагічна прадоўжыць выставу і завяршыць такім чынам мінулы год. Хацеў паказаць значнасць пілігрымкі і яе актуальнасць у цяперашні час, а таксама тыя моманты, якія змог зафіксаваць.У пілігрымаў, здараюцца розныя цуды, неверагодныя гісторыі, пра якія мне хацелася даведацца, і таксама распавесці іншым.

Пасля сёлетняй пілігрымкі я крыху змяніў экспазіцыю: дадаў новыя здымкі. Гэта толькі першы крок духоўна-даследчага праекту, які будзе распавядаць гісторыі тых людзей, выявы якіх можна ўбачыць на выставе, а таксама іншых, звязаных з дарогамі пілігрымак.

Што для цябе ўвогуле значыць фатаграфія?

Фатаграфія і фотажурналістыка— мая асноўная прафесія, кірунак, у якім апошнія два гады я рухаюся. Я заканчваю навучанне ў Інстытуце журналістыкі па спецыяльнасці «Друкаваныя СМІ», але большы акцэнт раблю на фатаграфію і фотарэпартажы. Гэта тое, чым я ў асноўным займаюся, і чым бы хацеў займацца ў жыцці, а як будзе далей — час пакажа. Увогуле, фатаграфія для мяне больш, чым прафесія — гэта жыццё.

З чаго пачалося тваё захапленне?

Маё захапленне фатаграфіяй пачалося ў школьныя часы. Тады ў мяне быў плёначны аўтаматычны фотаапарат. Я здымаў прыроду: захады сонца, дрэвы, поры года; калі ездзіў на Нарач адпачываць, таксама шмат здымаў. Потым я пачаў здымаць на тэлефон. На той час гэтага было дастаткова.

А калі першы год вучыўся ў Мінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, змог сабе набыць «мыльніцу». Я памятаю гэты дзень, 24 снежня 2008 года. І да гэтага часу яна ў мяне ёсць, у прынцыпе, працуе. Потым наведваў выставы, праглядаў фотаздымкі іншых фатографаў, аналізаваў іх. Праз некаторы час пачаў займацца ў фотастудыі і набыў сабе добры люстраны фотаапарат.

Што найчасцей трапляе ў твой фотааб’ектыў?

Аднойчы я пачуў ад вядомага літоўскага фатографа Аляксандраса Бабічуса, што ў адзін час нельга здымаць рэпартаж і пастаноўку, таму што вобразы павінны быць рознымі і ўзаемавыключальнымі. І я з ім згодны. Ёсць фатографы, якія прыдумваюць вобраз і потым яго здымаюць, а мне бліжэй назіраць, фіксаваць сапраўднае жыццё, хоць і пастановачныя задумкі таксама рэалізоўваю. Яшчэ падабаецца здымаць сакральную архітэктуру, асабліва касцёлы, і не толькі самі будынкі, але і інтэр’ер.

Што для цябе з’яўляецца крыніцай натхнення?

— Крыніцы — самыя розныя. Бывае, што возьмеш фотаапарат, некуды ідзеш, і нават думаеш: «вось, зараз пайду, наздымаю…» Але прыходзіш,  здымаеш і разумееш, што зместу ў гэтай фатаграфіі няма. А бывае інакш. Калі знаходзішся ў нейкім пэўным духоўным стане, напрыклад, супакою, назіраеш за асяроддзем, і цябе нешта «прымушае» націснуць. І ўжо пасля, калі праходзіць пэўны час і фотаздымкі «адлежваюцца», ты бачыш іх іначай. Калі я здымаю, то цалкам гэтым захоплены і не адчуваю, што адбываецца вакол.

Чым яшчэ, акрамя фатаграфіі, ты захапляешся?

Мне вельмі падабаецца вандраваць. Люблю розныя паходы: пешыя, роварныя, сплавы на байдарках. Ужо некалькі гадоўпрымаў удзел у сплаве па Віліі «Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча». Увогуле люблю вандраваць па Беларусі і лічу, што ў нас ёсць вельмі шмат цікавых мясцінаў і людзей. Раю ўсім не ленавацца вандраваць, увогуле здзіўляцца і адкрываць для сябе ўвесь час штосьці новае, нават у добра знаёмым і вядомым. У такіх адкрыццях я знаходжу сваё натхненне.

Як у тваім жыцці судакранаюцца творчасць і вера?

Як і многія іншыя фатографы, я не заўсёды магу націснуць кнопку, каб зрабіць кадр. Па-першае, я ўжо казаў, што прапускаю кадр праз сябе, і часам не магу зрабіць фота, бо ў гэты момант такі жэст будзе неэтычным. Я стараюся ставіць сябе на месца таго чалавека, якога здымаю. Не кажу, што  заўсёды стаўлю, але стараюся, і таму бываюць сітуацыі, калі проста адчуваю, што кадр атрымаецца выдатным: і святло падае, і сюжэт ёсць, і дзеянне, але я разумею, што не магу націснуць і зняць. Нешта ўнутранае мяне спыняе, я не ведаю, ці гэта можна звязаць з верай. Не заўсёды, але ў большасці выпадкаў у сваіх здымках я імкнуся паказаць штосьці пазітыўнае.

— Ці плануеш ты гэтую сваю Будслаўскую выставу паказваць дзесьці яшчэ, напрыклад, у свецкіх выставачных залах?

— Ёсць такая задумка. Мне нават перад адкрыццём прапаноўвалі іншае месца, але я адмовіўся, патлумачыўшы гэта тым, што першапачаткова Будслаўская выстава павінна быць паказана ў касцёле. Ёй там самае першае месца. Потым яе ўбачаць і ў іншых залах, але пакуль усё распавядаць не буду. З часам спадзяюся, што ў тэхнічным плане атрымаецца зрабіць экспазіцыю больш якаснай. Ну і зразумела, далей хачу паказваць у святынях, асабліва ў невялікіх гарадах і мястэчках.

Адкуль узнікла такая назва выставы «Дарогі, якімі мы Бога шукаем»?

Першапачаткова мне хацелася звязаць назву са словамі «Будслаў», «Пілігрымка», а пасля мяне натхніла на гэтую назву адна з песняў — «Пілігрым». Там ёсць такія радкі:

«Адзену  свае старыя сандалі,
З якімі ў розных дарогах я быў,
Дарогі, па якіх мы Бога шукалі.
збіваючы ногі і глытаючы пыл
…».

Менавіта дзякуючы гэтай музычнай кампазіцыі ў мяне ўзнік вобраз выставы, згадаўся гэты шлях, пілігрымка. Дарогі ва ўсіх розныя, але павінны весці да аднаго. Гэта як шлях прыйсця да Бога, да лучнасці з Ім.

Што б ты хацеў сказаць усім тым людзям, якія ўжо бачылі, або якія яшчэ пабачаць тваю выставу?

Тым людзям, якія ўжо былі ў пілігрымках, будзе цікава акунуцца зноў у гэтую атмасферу, вярнуцца ўспамінамі на дарогі да святыняў, якімі яны крочылі. Мабыць, хтосьці пазнае сябе на выставе, я буду вельмі гэтаму рады, асабліва, калі чалавеку спадабаецца здымак. А тым людзям, якія не былі ў пілігрымцы, або не звязаныя з касцёлам, жадаю крышку задумацца над словамі Святога Пісання, працытаванымі пад кожным фотаздымкам.

Спадзяюся, што гэтая выстава паспрыяе камусьці ў новым годзе трапіць у сваю пілігрымку да Бога, усталяваць, або адрадзіць сваю лучнасць з Творцам.

Дзякуй вялікі за размову і плёнаў у творчасці!

Фотавыставу Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем» можна будзе ўбачыць у мінскай катэдры да 15 студзеня.

Аўтар выказвае падзяку за падтрымку ідэі і рэалізацыі выставы Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, пробашчу парафіі свв. Сымона і Алены ў Мінску кс. Уладзіславу Завальнюку,а таксама пробашчу парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску кс. Антонію Клімантовічу.
 


Размаўляла Марына Валасар.
Фота Марыны Валасар і з архіва Віктара Ведзеня.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла