2 лютага — Свята Ахвяравання Пана, а ў народзе — Грамніцы

Данута Бічэль

Грамніцы

Цінькае зранку сінічка:
— Прыйдзе, прыйдзе вяснічка!
Каташкі, як свечачкі, — вербы ў гаі
і на беразе сонечнай Гаўі…
Запаліцца свечка-грамнічка,
Святога Духа прамень,
Божай Маці Святой завушнічка,
святлічка, жывы агмень…

Ахова людскога  дому…
Аберагай нас ад грому…
Знакам крыжа ачысці
ад змроку куткі-закуткі,
выганяй нашы смуткі...

Таямніца-грамніца,
ты нашай смерці сястрыца.
Душу вымеш з цела, як з дрэва, —
няхай ляціць, куды трэба…
Пагрэй нас, халодных, употай
перад зямной адзінотай…

На святыя грамніцы
ў палавіне зіміцы
будзем шчыра маліцца,
каб самім не спаліцца...

19 студзеня 2017

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла