Што рабіць, калі людзі не могуць мець дзяцей?

Кожнае дзіця — гэта дар. А бясплоднасць некага з сужэнцаў — вялікае гора. У некаторых выпадках яе можна вылечыць. Аднак дзіця — не ўласнасць сваіх бацькоў і да яго нельга ставіцца як да прадукта вытворчасці, які можна замовіць для сябе ў лабараторыі. Людзі, бяздзетныя не па сваёй волі, іншымі спосабамі могуць рэалізаваць сябе як мамы і таты.


Жанатыя пары часта вельмі пакутуюць, калі высвятляцца, што яны не могуць мець дзяцей. З’яўленне новага жыцця — адна з мэтаў іх любоўнага звязу, і праяваю яго з’яўляюцца іх інтымныя адносіны.

Можна зразумець, чаму некаторыя людзі звяртаюцца да медыцыны, каб нарадзіць дзяцей, якіх яны так жадаюць мець, і сучасная медыцына здольная даць цудоўныя вынікі. Але не ўсе магчымасці медыцыны нясуць дабро. Лекаванне бясплоднасці этычна дапушчальнае толькі тады, калі паважае і чалавечую сексуальнасць, і жыццё ненароджанага дзіцяці. У ацэнцы сітуацыі Касцёл звяртае ўвагу на тры важныя пазіцыі.

# Дзіця — гэта дар

Па-першае, кожная чалавечая істота — гэта дар, і яно заслугоўвае таго, каб да яе ставіліся як да асобы, нават калі гэтая істота маленькая. Бацькі не валодаюць дзіцем паўнапраўна, яны ніколі не павінны ставіцца да дзіцяці як да прадукта або рэчы. Асобу нельга рабіць прадуктам вытворчасці (як у клініках апладнення), заўжды трэба ўспрымаць чалавека як дар і вынік любові абодвух бацькоў.

# Еднасць і нараджэнне дзяцей

Па-другое, жанатая пара цесна яднаецца праз інтымныя адносіны, што само сабою абумоўлівае адкрытасць на новае жыццё. Гэтыя два складнікі, еднасць і нараджэнне дзяцей, нельга аддзяляць ад інтымнага акту. Касцёл ухваляе толькі такія спосабы лекавання бясплоднасці, якія не парушаюць гэтай сувязі. Такім чынам, зачацце мусіць адбывацца ў межах фізічнай еднасці мужа і жонкі, а не па-за ёю ў лабараторыі.

Бяздзетныя але пладавітыя?

Сужэнцам можа быць вельмі цяжка прыняць тое, што, нягледзячы на іх глыбокае сардэчнае жаданне мець дзяцей, яны не могуць іх мець. Але нават у сваім горы яны могуць стаць пладавітымі іншым чынам. Ёсць прыгожыя прыклады бяздзетных параў, якія аддана служаць іншым. Можна, напрыклад, дапамагаць сваім сваякам, сябрам і іншым людзям так, як гэта было б немагчыма для людзей з дзецьмі. Людзі, бяздзетныя не па сваёй волі, іншымі спосабамі могуць рэалізаваць сябе як мамы і таты.

# Сям’я

Па-трэцяе, еднасць сям’і заўжды трэба абараняць. Дзіця заслугоўвае таго, каб быць зачатым у сужэнскіх абдымках сваіх уласных таты і мамы і быць выхаваным імі. Калі дзяцей зачынаюць так, што яны апынаюцца наўмысна аддзеленымі ад сваіх біялагічных бацькоў, тады яны могуць памыляцца наконт сябе саміх, свайго паходжання і сувязі з тымі людзьмі, з якімі яны жывуць. Сужэнства можа быць плённым і без біялагчных дзяцей, а пара можа зрабіць значны ўнёсак у жыццё іншых людзей. Усынаўленне — адна з такіх магчымасцяў. У гэтага шляху дзве перавагі — сірата атрымлівае сям’ю, а бяздзетная пара атрымлівае дзіця. Аднак у гэтым выпадку ў пары таксама няма права патрабаваць усынаўлення: дабро для дзіцяці стаіць на першы месцы. У прынцыпе, дзіця заслугоўвае таго, каб яго расцілі ўласныя бацька і маці, якія любяць адно аднаго і сваё дзіця. На жаль, гэта не заўжды магчыма, напрыклад, калі адзін з бацькоў памірае. Але гэта не прычына для таго, каб занядбоўваць асноўны прынцып сямейнага жыцця. Папа Францішак сказаў: «Калі ў сям’і не стае Божай любові, яна траціць сваю гарманічнасць, у ёй пачынае пераважаць эгацэнтрызм і знікае радасць. А сям’я, якая перажывае радасць веры, натуральна дзеліцца гэтай радасцю. Такая сям’я — гэта соль зямлі і святло свету, закваска грамадства» (гамілія на Сусветны дзень сям’і, 27 кастрычніка 2013 г.). 

Нараджэнне дзяцей і ўсынаўленне

«Існуе мноства дзяцей-сіротаў, і гэта сведчыь, што ўсынаўленне з’яўляецца канкрэтным спосабам праявіць любоў. Усынаўляць дзяцей, даглядаць іх і ставіцца да іх як да ўласных дзяцей — гэта значыць прызнаць, што адносіны паміж бацькамі і дзецьмі не вымяраюцца адной толькі генетыкай. Любоў да дзяцей у першую чаргу, і гэта самае галоўнае, — гэта дар сябе самога. Існуе форма «нараджэння» дзяцей, якая выяўляецца ў прыманні, клопаце і ахвярнасці. У выніку, узаемаадносіны становяцца такімі блізкімі і моцнымі, што бываюць не горшымі за адносіны, заснаваныя на біялагічнай сувязі. Калі яны яшчэ і юрыдычна абароненыя, як у выпадку ўсынаўлення, тады ў сям’і, злучанай трывалымі повязямі сужэнства, дзіця можа цешыцца спакоем у сваім асяродку і бацькоўскай любоўю, неабходнай яго асобе для паўнавартаснага развіцця» (папа Ян Павел ІІ, зварот да прыёмных сем’яў, 5 верасня 2000 г.).

Чытай больш: Бясплоднасць ККК 2375, 2379;
КККК 501; YOUCAT 422.


Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько

© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2016
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла