Яшчэ крыху пра залежнасць

Ёсць адна тыпова жаночая праблема, якую стала модна называць «шопагалізмам», а па сутнасці гэта навязлівая патрэба рабіць пакупкі. Ці пазнаяце вы гэтае непрыемнае пачуццё, калі штосьці не ўдаецца, але незразумела, што менавіта, на душы неспакойна і хочацца што-небудзь зрабіць — ну хоць што-небудзь...


І ў гэты момант разумееш, што выратуе шпацыраванне па крамах або рэчавым кірмашы, што абавязкова трэба сябе чым-небудзь парадаваць, а гэта значыць — што-небудзь купіць і, па вялікім рахунку, усё роўна, што менавіта. Але мы з вамі ўжо ведаем, што гэтае непрыемнае пачуццё называецца трывогаю, і варта вызначыць яе прычыну, а «выратавальны» шпацыр — толькі манеўр, якім мы адцягваем сваю ўвагу ад гэтага трывожнага пачуцця, сродак «не думаць пра кепскае».

Аднак працягнем. У краме жанчына спачатку адважваецца на нейкую дробязь, забаўку, якую ўжо даўно трэба было набыць для хатняй гаспадаркі: кручок у ванную, шпульку фіялетавых нітак або новы просты аловак. Пасля гэтага трывога яшчэ не згасае, але з’яўляецца пачуццё маленькага гонару: «Вось якая я малайчына!» — і прага да «подзвігаў» узрастае. Тут жа робіцца больш значная пакупка, але таксама для дома. Потым, на фоне блізкага «трыумфу», абуджаецца жаданне клапаціцца пра родных, але ў гэтым выпадку абавязкова ахвяруючы сваімі жаданнямі. І з’яўляюцца пакупкі для дзяцей, для мужа або для мамы з татам. На гэтым этапе трывога значна суцішваецца, але ўсё ж такі нешта яшчэ не так. «Ну вядома ж, забылася паклапаціцца пра сябе, аднак цяпер магу зрабіць гэта з поўным правам — заслужыла!» Далей робіцца якая-небудзь пакупка для сябе, а магчыма і не адна.

І ўрэшце трывога адступае, звычайна на некалькі хвілін, а пасля замест яе з’яўляецца пачуццё віны і незадаволенасць сабою і пакупкамі. Праз дзень трывога становіцца настолькі моцнаю, што самы час зноў адпраўляцца на шпацыр па крамах. Дарэчы, хада падзей можа крыху мяняцца: спачатку могуць рабіцца пакупкі для сябе, а потым для блізкіх, але ўжо дастаткова прыпраўленыя пачуццём віны. Аднак сутнасць застаецца той самаю, залежнасць заўсёды вельмі прадказальная.

Як жа перарваць гэты ланцужок залежных паводзінаў? Мы ўжо ведаем, што ў першую чаргу, да таго, як захочам скарыстацца знаёмым сродкам, неабходна выявіць прыроду трывогі. А гэта патрабуе намаганняў і цярплівасці — таго, што людзі так не любяць.

Калі «дрэнна» на душы, прасцей і весялей выпіць або пяты раз павячэраць, чым задаваць сабе сур’ёзныя пытанні пра сваё жыццё. Але мы ўсё ж такі паспрабуем паставіцца да праблемы так, як гэтага патрабуе чалавечая годнасць, годнасць дзяцей Божых.

Пачнем з пытання: «Дык што цябе так усхвалявала, душа мая? Што цябе напалохала, раззлавала, прысарамаціла, засмуціла, пакрыўдзіла, а можа, ты пазайздросціла або расчаравалася? Дык што ж?..» Часцей за ўсё выходзіць так, што мы проста не атрымалі таго, чаго хацелі або на што вельмі спадзяваліся, і ў першую чаргу — пэўных адносінаў да сябе. А цяпер вельмі далікатна спытайце ў сябе, ці не было такога ў вашым дзяцінстве: вы чакалі менавіта такіх адносінаў ад мамы ці таты, але іх не дачакаліся? Часта? Тады зразумела, чаму вы цяпер так засмуціліся. Відаць, сітуацыя трапіла на вашу старую рану. А што вы рабілі з гэтым тады, у дзяцінстве, як спраўляліся? Адцягвалі ад гэтага сваю ўвагу, стараліся не думаць, адным словам — ніяк? Тады зразумела, навошта вам цяпер патрэбны «наркотык».

Часам трывога аказваецца проста страхам перад тым, што нас чакае: праз хвіліну, на наступным тыдні, праз некалькі гадоў або наогул страхам за тое, што будзе з нашым жыццём.

А хто дапамагаў вам у дзяцінстве, калі вы баяліся таго, што можа здарыцца? Хто трымаў вас за руку, абдымаў, выслухоўваў і казаў, што ўсё роўна не будзе любіць вас менш, што б ні здарылася, што будзе падтрымліваць вас да канца? І ўсё гэта не аднойчы, а пастаянна, дзесяць разоў на дзень... Вось цяпер, здаецца, зразумела, чаму вы часта не спраўляецеся са страхам перад будучыняй.

Такім чынам, каб не быць залежным ад рознага кшталту «наркотыкаў», трэба, па-першае, кожны момант разумець сваю душу: што яна цяпер адчувае, што менавіта яе ўстрывожыла ў гэтую хвіліну. А для гэтага трэба прыслухоўвацца да сябе.

Дарэчы, карысным «пабочным эфектам» у гэтым працэсе будзе здольнасць хаця б зрэдку чуць голас сумлення. Але засяродзімся на галоўным. Чалавек вучыцца прыслухоўвацца да сваіх пачуццяў у дзяцінстве, і не ў падлеткавым узросце, а нашмат раней, па сутнасці, з нараджэння. І вучыцца, вядома ж, у бацькоў.

Дарослыя любяць падаваць «станоўчы» прыклад дзецям: я паважаю свайго бацьку, і маё дзіця будзе паважаць мяне, я ўмею ахвяраваць сваімі патрэбамі дзеля блізкіх, і дзіця не будзе эгаістам, я ўмею прыслухоўвацца да сваіх пачуццяў, і дзіця будзе разумець свае. Нічога падобнага! Дарагія бацькі, цяперашнія і будучыя, прыклад ёсць прыклад!

Ты паважаеш свайго бацьку, і дзіця будзе паважаць твайго бацьку, а для таго, каб яно паважала цябе, ты сам павінен паважаць сябе. Ты ўмееш па неабходнасці і без яе ахвяраваць сваімі патрэбамі, і тваё дзіця будзе ўмець ахвяраваць тваімі ж патрэбамі (калі нават мама лічыць гэта дробяззю, я таксама буду так лічыць). І, нарэшце, калі ты прыслухоўваешся да сваіх пачуццяў, то і дзіця будзе вучыцца прыслухоўвацца... да тваіх. Прыклад ёсць прыклад.

Вось і атрымліваецца, што разумець свае перажыванні ўмеюць тыя дарослыя, чые бацькі калісьці пастаянна цікавіліся пачуццямі свайго дзіцяці і лічыліся з імі, а тым самым навучылі яго разумець сваю душу.

Запэўніваю вас, што такіх людзей вельмі-вельмі няшмат. На жаль.

Што ж рабіць астатнім? Многія псіхолагі сказалі б, што нічога не зробіш, час упушчаны. Мы ж пастановім інакш: так, шмат упушчана, не ўсё можна выправіць, але вучыцца весці свядомае ўнутранае жыццё можна і цяпер. Няхай гэта будзе давацца не так лёгка і не так хутка, як дзецям, і ўсё ж уменне слухаць сваю душу вартае таго, каб прыкласці намаганні. Такім чынам, я разумею, што цяпер мне дрэнна, таму што, прыйшоўшы з працы, не адчуў ад блізкіх увагі, якой хацеў. Я нават разумею, што маё «дрэнна» — гэта сумесь крыўды, прыглушанага гневу, смутку і фізічнай стомленасці. А што далей? Як утрымацца ад чаркі і не ўтаропіцца ў камп’ютэр, бо цяпер мне абавязкова неабходна падпорка, «мыліца»?

Адказ вельмі просты — цярпець. Цярпець гэтую балючую сумесь крыўды, гневу і смутку, або ў іншым выпадку — страху і няёмкасці. Проста навучыцца цярпець гэтыя пачуцці і не паміраць ад іх. І тады, пасля некалькіх спробаў, вы зробіце незвычайнае адкрыццё: аказваецца, вы ўжо выраслі і можаце проста трываць гэтыя пачуцці, хоць яны і непрыемныя.

Гэта ў дзяцінстве вы не маглі іхтрываць, бо вы былі слабым дзіцём. Але цяпер вы выраслі і сталі нашмат мацнейшыя.

Аднак нават не гэта галоўнае. Барацьба з залежнасцю — справа нялёгкая, а часам можа здавацца нам проста безнадзейнаю. Але калі мы змагаемся, нашая барацьба можа стаць галоўным, а часам і адзіным, месцам сустрэчы з Божаю міласэрнасцю ў нашым жыцці. Калі мы ўшчэнт зняможамся ад цяжкіх пачуццяў і няўдалых спробаў, у канцы дня, набегаўшыся па крамах і канчаткова спустошыўшы халадзільнік, нарэшце ўкленчым і скажам: «Божа, у мяне зноў нічога не атрымліваецца без Цябе. Больш не засталося ніякай сілы. Мне патрэбна Твая ўвага і Твая любоў. Твая міласэрнасць. Стань маёю апораю», — то, хто ведае, ці не пачуем мы ў адказ: «Так, сынок. Так, дачушка. І нават тваёю “мыліцаю”».


 

Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» № 11 (164), 2008

 

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла