З роздумам пра вечнае. Па старонках лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

 

Чарговы нумар часопіса «AveMaria» наскрозь пранізаны роздумам пра вечнасць, якая чакае чалавека пасля смерці, напоўнены водарам прамінальнага восеньскага хараства і святлом яркага зніча, які ў змроку астылага касцёла або заснежаных могілак настойліва нагадвае пра тое, што надзея заўсёды ёсць. Артыкулы «Чысцец на зямлі — шлях да паўнаты збаўлення» (с. Анна Чайкоўская), «Ватыканская інструкцыя аб крэмацыі і захаванні праху» (паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё), паэтычныя творы Анкі Кавальскай «Адасабленне» і «Памерлыя другі раз» (у перакладзе з польскай мовы Дануты Бічэль) — усё гэта скіроўвае думкі і сэрца да таго, што ў будзённай мітусні прыцярушваецца густою мяцеліцай справаў і клопатаў...

Адначасова на старонках часопіса яскрава раскрываюцца праблемы  зямнога жыцця з яго радасцямі і цяжкасцямі. На гэты раз гасцямі часопіса сталі дзве сям’і, якія ахвотна служаць Богу праз узаемную любоў. Сяргей і Вольга Галушкі ў інтэрв’ю «Нам хочацца разам ісці да Бога» распавялі пра тое, як яны сталі каардынатарамі руху «Сужэнскія сустрэчы» і як рэалізуюць евангельскія прынцыпы ў жыцці сваёй сям’і (матэрыял падрыхтавала Марына Валасар). Алена і Сяргей Станкевічы ў артыкуле Францішка Дубраўскага «З песняй і любоўю» паказаныя як актыўныя вернікі віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага, якія знайшлі адно аднаго дзякуючы Касцёлу і ў духу хрысціянства выхоўваюць сваіх дзяцей.

Ірына Жарнасек у публікацыі «Гэтая няпростая любоў» разважае аб праблеме выхавання і стаўлення грамадства да дзяцей з дзіцячых дамоў. Яе суразмоўца — сястра-эўхарыстка Наталля Арлянковіч, якая служыць у Друі і ахвотна працуе з дзеткамі, што не маюць сем’яў.

Рэдакцыя жадае чытачам добрага настрою гэтаю халоднаю восенню, радасці і даверу да Божай міласэрнасці, і няхай вам у гэтым дапамогуць згаданыя матэрыялы часопіса і іншыя публікацыі ў рубрыках «Школа малітвы», «Да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме», «Год Міласэрнасці» «Святар адказвае на пытанне», «Старонка псіхолага», «Кветкі Божыя», «Сведчанне».


 

Ганна Шаўчэнка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла