«Твітар з Богам» — міжнародны інтэрактыўны праект

Шаноўныя чытачы!

Мы пачынаем шэраг публікацый, каб пазнаёміць вас з міжнарожным інтэрактыўным праектам «Твітар з Богам» — «TweetingwithGod», які быў распачаты ў 2012 г. айцом Мішэлем Рэмеры з Нідэрландаў і функцыянуе ўжо на дзевяці мовах. Цяпер сярод іх з’явіцца і беларуская.


 Праект паўстаў з адказаў на рэальныя пытанні маладых людзей, якія дыскутавалі пра сваю веру. Ніводная тэма не была забароненая для абмеркавання. Адказы на гэтыя пытанні, заснаваныя на Святым Пісанні і вучэнні Касцёла, гучаць так, як павінны гучаць адказы ў простай размове: мова іх жывая і не перагружаная складанай навуковай і філасофскай тэрміналогіяй.

Усе пытанні былі разбітыя на групы і склалі аснову для сайта www.tweetingwithgod.comі кнігі, выданне якой рыхтуецца ў выдавецтве «Про Хрысто». Яна будзе карысная для паглыблення ўласнай веры, дыскусій у групах, а таксама дапаможа растлумачыць сваю веру іншым і адказаць на складаныя, «нязручныя» пытанні.

Папа Францішак назваў гэты праект вельмі важным, благаславіў і памаліўся за тых, хто з дапамогаю яго будзе шукаць у сваім жыцці праўду. Яго словы адрасаваныя і вам:

«Сёння Езус заклікае кожнага з вас ісці за Ім у Яго Касцёле і быць місіянерамі. Бог кліча вас сёння! Не абстрактную масу, а цябе, і цябе, і цябе, кожнага з вас. Паслухайце, што Ён гаворыць вам у вашых сэрцах» (гамілія, 27 ліпеня 2013 г.).  

Шукайце матэрыялы па-беларуску пад хэштэгам #TwGODby, на іншых мовах — пад хэштэгам #TwGOD

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла