«Твітар з Богам». Калі пачынаецца жыццё чалавека?

Адвэнтовая падрыхтоўка да Божага Нараджэння — самы час паразважаць пра тое, як пачынаецца жыццё чалавека. Калі ўзнікае новая і непаўторная асоба? Ці можна вызначыць той асаблівы момант, калі клеткавая маса ператвараецца ў маленькага чалавека?


Навука можа шмат распавесці пра самы пачатак чалавечага жыцця. Зачацце адбываецца тады, калі злучаюцца сперматазоід мужчыны і яйцаклетка жанчыны. У гэтым момант пачынае фармавацца новы чалавечы арганізм, які складаецца пакуль толькі з адной клеткі з мужчынскім або жаночым наборам храмасомаў. Гэта пачатак жыцця чалавека.

#Калі ты становішся чалавекам?

Калі дзіця нараджаецца пасля дзевяцімесячнай цяжарнасці, відавочна, што яно — маленькая чалавечая істота. А чым яно было да нараджэння? Ці было яно ў нейкі момант проста бязладнай клеткавай масай? Калі так, мы маглі б вызначыць той асаблівы момант, калі клеткі ператвараюцца ў маленькага чалавека.

Але калі гэта магло б адбыцца? Тады, калі пачынае біцца сэрца, на 18 дзень? Тады, калі дзіця можа выжыць па-за матчыным улоннем, прыблізна ў 23 тыдні? Ці існуе той дакладны момант, калі група клетак чалавечага арганізма дзеліцца і раптам становіцца чалавекам? А можа, гэтая група чалавечых клетак, якая мае свой парадак, жыве і развіваецца, ад самага пачатку з’яўляецца чалавекам?


#Дзеці ў бутонах

Сучасная навука прывяла доказы таго, што ўсё патрэбнае чалавечай істоце прысутнічае ў ДНК з моманту зачацця.

Магчыма, гэта дапаможа зразумець параўнанне. Калі вам дораць кветкі, вы не выкідаеце бутоны толькі таму, што яны не падобныя да кветак. Вы вельмі добра ведаеце, што бутоны — таксама кветкі на ранейшай стадыі развіцця і хутка зацвітуць, калі паставіць сцябліны ў вазу з вадою. Такім жа чынам зігота, эмбрыён, плод і г.д. — гэта фазы ранняга развіцця чалавека. Чалавечая ітота ўжо існуе, і ёй усяго толькі патрэбны час і спажыўныя рэчывы для таго, каб вырасці, сфармавацца і зацвісці.

Навука біялогія дала шмат імёнаў розным фазам жыцця чалавека, які развіваецца ў мацярынскім улонні. Адразу пасля зачацця новая чалавечая істота назваецца зіготаю. Зігота хутка пачынае дзяліцца і тады атрымлівае назоў «морула». Праз чатыры дні пасля зачацця морула перасоўваецца па фалопіевай трубе маці і развіваецца ў бластулу, якая прымацоўваецца да сценкі маткі. Тады бластула развіваецца ў эмбрыён. Крыху падросшы, эмбрыён становіцца плодам (лац. fetus), і нарэшце мы пачынаем называць яго дзіцем.


На малюнку вы бачыце першыя этапы чалавечага развіцця: зачацце, зігота, морула, бластула, эмбрыён, плод, дзіця.

Няхай вас не бянтэжаць усе гэтыя розныя імёны: гэтак адбываецца няспынны працэс развіцця. Кажучы моваю біялогіі, ад моманту зачацця да моманту нараджэння адзін і той жа чалавечы арганізм развіваецца і расце.

#Зачацце

Чалавек мае не толькі цела чалавека, але і душу чалавека. Паколькі чалавечае жыццё пачынаецца з моманту зачацця, і цела, і душа існуюць з гэтага моманту. Бацька і маці зачынаюць новае жыццё, якое даецца ім Богам. З самага пачатку мы павінны клапаціцца пра кожную чалавечую істоту і абараняць яе на ўсіх этапах яе жыцця!

 

Чытай больш: Эмбрыён чалавека з’яўляецца чалавечаю істотаю: ККК 2273, 2323; КККК 472; YOUCAT 385.



Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько

© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
©
Пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто», 2016

Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла