Пра што не хочацца думаць

 «Тэма адзіноты нараджае ў нашых душах шмат болю — гэта і страх, і пратэст, і смутак. Штодзённа мы прыкладаем вялізныя намаганні для таго, каб адчуць сябе зразуметымі, патрэбнымі, любімымі, або для таго, каб не сутыкнуцца са сваёю адзінотаю». 


Напэўна, у свеце няма такога чалавека, які ніколі не перажываў бы адзіноты. Ці памятаеце, як гэта бывае? Спачатку ўсё ў нашым жыцці ідзе добра, нішто не прадказвае бяды. Або амаль нішто. Але мы актыўна змагаемся з прадвеснікамі: «Усё добра, толькі не спыняцца, толькі не думаць». А потым: «Трымай сябе ў руках, не думай раскісаць». І нарэшце: «Не! Толькі не гэта! Дапамажыце!» Але позна, бо мы ўжо на дне калодзежа без усялякай надзеі на паратунак, і, дарэчы, зусім не «мы», а «я адзін», бо гэта і ёсць адзінота. Пазнаяце? А ці заўважылі страх, што заварушыўся ўнутры? 

Кажуць, што існуюць прынамсі чатыры тэмы, у адносінах да якіх людзі не могуць не адчуваць страху. Гэта смерць, свабода, пошук сэнсу жыцця і, нарэшце, адзінота. Менавіта гэтыя чатыры акалічнасці ад пачатку закладзены ў самім чалавечым існаванні. Закладзены — гэта значыць, што мы не можам нешта змяніць і можам толькі прыняць.

Тэма адзіноты нараджае ў нашых душах шмат болю — гэта і страх, і пратэст, і смутак. Штодзённа мы прыкладаем вялізныя намаганні для таго, каб адчуць сябе зразуметымі, патрэбнымі, любімымі, або для таго, каб не сутыкнуцца са сваёю адзінотаю. Вядома, тая колькасць увагі і прыняцця, якую мы атрымліваем ад іншых, асабліва ад не зусім блізкіх, нас не заўсёды задавальняе. Але тады мы глядзім на людзей, якія, на нашу думку, «сапраўды адзінокія», і суцяшаем сябе думкаю пра тое, што нам не так ужо і кепска. Аднак ці так усё проста на самай справе? І з дапамогаю якой прылады можна вымераць і параўнаць ступень адзіноты кожнага з нас?

Адчуваючы сябе адзінокімі, мы нярэдка перажываем тое, што называюць дэпрэсіяй. А ўспрымаецца гэта як душэўная пустата, адчуванне бессэнсоўнасці ўсяго, што адбываецца, страх перад недахопам сілаў, грошай, задавальнення. А для паўнаты карціны трэба дадаць рэзкія перапады паміж незадаволенасцю сабою і адчуваннем уласнай вялікасці і недаацэненасці. І ўсё гэта разам называецца такім звыклым словам — адзінота. Не дзіўна, што ўсе мы баімся гэтага стану.

Аднак псіхолагі сцвярджаюць, што быць аднаму і адчуваць адзіноту — гэта не адно і тое ж. Часам можна быць аднаму і не адчуваць адзіноты. І наадварот, можна знаходзіцца ў атачэнні блізкіх і сумаваць.

Вось знаёмая ўсім сітуацыя. У вас баліць галава. Сапраўды баліць, ды так моцна, што ні пра што іншае, апрача гэтага болю, немагчыма і думаць. У такіх сітуацыях нашы блізкія могуць нам спачуваць і нават глыбока суперажываць. Яны могуць атуліць нас увагаю і клопатам, прыгатаваць цёплы напой і старацца не шумець, каб не ўзмацняць боль. Але як бы яны ні стараліся, яны не могуць зрабіць толькі аднаго — адчуць наш галаўны боль, а дакладней, твой, таму што галава баліць не ў іх, а менавіта ў цябе. А гэта значыць, што ў самым цэнтры свайго болю ты застаешся незразуметы іншымі — у поўнай адзіноце. Тут ты адзін. Тут ты адна.

Падобная сітуацыя складваецца з нашымі пачуццямі. Часам, калі табе бывае сумна, журботна ці проста ахоплівае безнадзейнасць, твае блізкія, спрабуючы дапамагчы, угаворваюць «махнуць на ўсё рукою», але ў эпіцэнтры свайго смутку ты адзін, бо гэта тваё пачуццё, як, зрэшты, і радасць, і ўсялякія іншыя пачуцці. І хто здольны цалкам зразумець, як табе цяпер крыўдна або страшна?

У кожнага з нас ёсць такі закуток душы, куды, пры ўсім жаданні пранікнуць і адчуць усё да драбніцаў, не можа ніводзін чалавек. Гэта закуток, дзе мы заўсёды адны, дзе не бывае «мы». Адны, але ці абавязкова адзінокія?

Адзінота заўсёды звязана з двайным сумненнем: па-першае, у іншым чалавеку і яго любові, а па-другое, ва ўласнай значнасці і ў тым, наколькі ты сам варты любові. Нядзіўна, што парасткі гэтых сумненняў трэба шукаць у дзяцінстве. А менавіта ў тым узросце, калі мама ненаўмысна прымушае сваё дзіця сумнявацца ў нязменнасці яе любові.

Так, напрыклад, камусьці часта даводзілася заўважаць: калі дзіця, займаючыся сваімі справамі, на некаторы час выпусціць маму з-пад увагі, то, вярнуўшыся да яе, можа ўбачыць, што маме ўжо «не да яго», у яе з’явілася нешта больш важнае і цікавае. І вярнуць маміну ўвагу ўдаецца далёка не заўсёды. А для дзіцяці гэта азначае, што варта толькі адвярнуцца і яна ўжо любіць яго менш. Значыць, для таго, каб цябе любілі, ты пастаянна павінен быць побач і трымаць усё пад кантролем. І пад падазрэннем.

Іншыя дзеці хутка засвоілі, што, калі ў цябе ёсць нейкія дасягненні, то цяпла і ўвагі ты атрымліваеш больш. Для дзіцяці гэта становіцца асабліва разбуральным, калі пры гэтым яго няўдачы і хібы суправаджаюцца поўным разрывам кантакту ці адпаведнаю пагрозаю: «Я не хачу з табою размаўляць», «Адыдзі ад мяне», «Калі будзеш так сябе паводзіць, я цябе пакіну», альбо, як варыянт: «Аддам цябе ў інтэрнат». А як вам наступнае: «Калі ты гэтага не зробіш, я не буду цябе любіць»?

І ўсе гэтыя, здавалася б, звыклыя дзіцячыя перажыванні (у якіх дзіця жыве доўгія гады), прыводзяць да тых самых сумненняў у нас, дарослых: «А ці сапраўды мяне любяць і разумеюць? Нават калі я раблю тое, з чым іншыя не зусім згодныя... Нават калі я не заўсёды знаходжуся побач... І нават калі не раблю нічога надзвычайнага...» Калі сумненні перамагаюць, падпарадкоўваючыся нашаму дзіцячаму досведу, то мы адчуваем сябе адзінокімі і азяблымі нават у самым цёплым месцы, не верачы пры гэтым у глыбіні душы ніякім запэўніванням.

Менавіта ў гэтым праяўляецца ўся сутнасць адзіноты. Не маючы ўпэўненасці ў любові іншых і валодаючы хваравітым досведам неразумення і адпрэчанасці, мы не адважваемся падпускаць людзей блізка, таму што для гэтага трэба пусціць іх у сваю душу і даць ім там месца. Для гэтага трэба давяраць і спадзявацца. А наш вопыт і наша дарослая «разважлівасць» палохаюць будучым болем.

Адзінота наступае не тады, калі не пускаюць цябе, а тады, калі не пускаеш ты!

Надзея ёсць. І яна, як заўсёды, у Богу. Але тут таксама нельга ўсё спрашчаць. Так, гэта менавіта Ён жыве нават у самых таямнічых закутках тваёй душы. Гэта менавіта Ён разумее (і нават бярэ на сябе) твой галаўны боль. Гэта менавіта Ён не пакідае цябе аднаго (або адну) ніколі. І няма нічога, што магло б раз’яднаць цябе з Ім: «Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (Рым 8, 38–39). Гэта Яго любоў не залежыць ад абставінаў і тваіх узлётаў і падзенняў. Гэта Ён палюбіў цябе «ажно да смерці, смерці крыжовай», каб ты мог больш ніколі не пакутаваць ад адзіноты. Але! Але каб ты адважваўся быць адзін, там, у глыбіні сваёй душы. Для таго, каб сустракацца з Ім. І каб не закрываў ад Яго сваю душу ў страху перад «прывідамі» мінулага.

Застаецца дадаць, што не варта заўжды зачыняць сваю душу і сэрца ад іншых людзей: «раптам, замкнуўшыся ў сэрцы, ты не адчыніш Хрысту». Таму, які жыве ў нашых бліжніх.

Радаснага вам вылечвання ад адзіноты!


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» №5-6(170-171), 2009

Фота Валянціны Аўсяннікавай


Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла