Выстава сакральнага мастацтва Беларусі — знак Божай міласэрнасці

29 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося адкрыццё выставы «Свет нябесны на зямлі», на якой сабрана багацце сакральнага шматканфесійнага мастацтва Беларусі — абразы, прадметы мастацкага ткацтва, літургічнае начынне і адзенне XVII–XXI стст. Гэты праект з’яўляецца пашыраным працягам выставы «Іканапіс Беларусі ХVII–XXI стагоддзяў», якая была арганізаваная ў музейным комплексе Святога Пасаду і адбывалася з 18 мая да 25 ліпеня, стаўшы першаю ў гісторыі такога роду ініцыятываю з Усходняй Еўропы.

Пра асаблівасці гэтай выставы, пра яе знакавыя экспанаты і значэнне для беларускай і еўрапейскай культураў падрабязна распавялі Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея У. І. Пракапцоў і загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва А. У. Карпенка ў гутарцы з загадчыцай аддзела навукова-асветніцкай працы Н. Усавай, што была апублікавана ў часопісе «Наша вера» пад назваю «Выстава беларускіх абразоў у Ватыкане» (№ 2, 2016 г.). 

На адкрыцці выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прысутнічалі загадчык аддзела Візантыі музея Ватыкана Гвіда Карніні, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына і першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдзько.

У ліку прысутных з боку духавенства на выставе былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і інш.

Як адзначыў у сваім прывітальным слове Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, «выстава з’яўляецца адлюстраваннем таго, што музей — не статычная гісторыя, а само жыццё. Найперш таму, што ікона з’яўляецца акном у веру. Яна дапамагае нам перажываць і паглыбляць веру, робячы яе такім чынам жывой. Музей у сваю чаргу імкнецца паказаць сваё багацце і падзяліцца ім з іншымі. І праз гэта ён прымае актыўны ўдзел у новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўнаю задачаю Касцёла ў наш час аслаблення веры і нават адыходу ад яе».

{gallery}2016-09-29{/gallery} 

Падчас адкрыцця выставы адбылося таксама спецгашэнне новага паштовага блока «Іканапіс Беларусі». Ён складаецца з дзвюх марак, на якіх змешчаныя выявы каталіцкага і праваслаўнага абразоў — св. Антонія Падуанскага і Маці Божай Адзігітрыі. Абодва яны калісьці ўпрыгожвалі інтэр’еры святыняў, а сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея.

У гутарцы з рэдакцыяй часопіса «Ave Maria» пра значэнне гэтай культурнай падзеі ў кантэксце аб’яўленага папам Францішкам Года Божай Міласэрнасці Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: «Мы яшчэ раз звяртаемся да галоўнай прыкметы Бога — Божай Міласэрнасці. Калі гаварыць пра выставу, якая сёння адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і якая з’яўляецца пашыраным працягам той выставы, што мела месца ў Ватыкане некалькі месяцаў таму, то гэта таксама знак Божай Міласэрнасці. Хто з нас у нашай краіне ці ў былым Савецкім Саюзе трыццаць гадоў таму мог сказаць, што ў музеі будуць дэманстравацца каталіцкія і праваслаўныя іконы, што гэтым самым музей будзе дапамагаць евангелізаваць сучасны свет? Гэта было немагчыма. Усё было дзесьці ў запасніках, схавана ад людскіх вачэй. Можа, нават добра, што некаторыя абразы былі там, бо іх не знішчылі… 

Тое, што абразы апынуліся ў Ватыкане, — таксама знак Божай Міласэрнасці. Геаграфічна Беларусь знаходзіцца ў Еўропе на стыку дзвюх культураў, заходняга і ўсходняга хрысціянства, якія ўзаемна пераплятаюцца, уплываюць адно на аднаго і тым самым узбагачаюцца. Як вучаць у школе, калісьці Пётр прарубіў акно ў Еўропу, гэтак жа і выстава, што адбылася ў Ватыкане [некалькі месяцаў таму. – Г. Ш.],  „прарубіла“ акно ў Еўропу для беларускага сакральнага мастацтва».

Выстава «Свет нябесны на зямлі» працягнецца да 30 студзеня. 

 

Ганна Шаўчэнка.
У падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаныя звесткі з сайтаў catholic.by і artmuseum.by

Фота Мікалая Новікава.

{gallery}2016-09-29-1{/gallery} 

 Тым, хто не можа наведаць выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі, але жадаў бы гэта зрабіць, прапануем віртуальную экскурсію па экспазіцыі выставы «Свет нябесны на зямлі». Жадаем прыемнага прагляду!

{gallery}2016-09-29-2{/gallery} 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней