«Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач…»

Трыццаць другая звычайная нядзеля, Год А (12.11.2017) 

Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”. А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”. Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”. А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны. 

(Мц 25, 1–13)

 

«Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач…»

Часта прыпавесці Пана Езуса маюць даволі дзіўную і  не зусім відавочную фабулу. Магчыма, для таго, каб здзіўлены слухач ці чытач затрымаўся і задумаўся. Гэтакі ж і сённяшні евангельскі ўрывак пра паннаў, якія ўночы чакаюць жаніха. На жаль, ён часта асацыюецца з банальнаю думкаю: трэба рабіць запас на дарогу, і гэта мы называем разважлівасцю. 

Вядома, я не маю нічога супраць назапашвання, але Пан Езус жадае сказаць не пра гэта. Падумаўшы, у якім кантэксце ў Евангеллі паводле Мацвея знаходзіцца гэты ўрывак, мы зразумеем, што ён папярэднічае апісанню Хрыстовых пакутаў. Ужо няма часу для развагаў. Гэта час выбару і апошняга рашэння — за Езуса ці супраць Яго. 

Мудрыя панны маюць алей і ўваходзяць на вяселле. Алей у Святым Пісанні — гэта сімвал Божай ласкі, вяселле — сімвал Божага Валадарства. Невыпадкова, што на пачатку сваёй дзейнасці Пан Езус аб’яўляецца на вяселлі ў Кане Галілейскай. Мудрыя панны, дзякуючы Божай ласцы, уваходзяць у Божае Валадарства, а неразумныя ідуць у цемру. Сённяшні евангельскі ўрывак — не хвала прадбачлівасці, а прыпавесць пра сапраўдную мудрасць, якая дапамагае не змарнаваць уласнае жыццё. Сапраўдная мудрасць — жыццё ў Божай ласцы. 

Што гэта азначае? Як не страціць Божай ласкі? Так, спачатку гэта здаецца простым: захоўвай запаведзі — не забівай, не чужалож, шануй бацьку і маці. Але нават юнак, які пачуў такі адказ Езуса на сваё пытанне і ўзрадаваўся, не скарыстаўся сваім шанцам. Разважаючы над словамі з сённяшняга евангельскага ўрыўка, я ўзгадваю малітву «Ойча наш…»: «Не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога». Я не хачу страціць Божай ласкі, але не паную над ёю… Аднак я не трачу надзеі, бо Той, хто з’яўляецца яе крыніцаю, любіць мяне нашмат больш, чым я люблю сябе самога. 

І ўрэшце яшчэ адно: неразумныя панны ідуць набыць алей, але ж ужо поўнач! Крамаў, якія працуюць 24 гадзіны ў суткі, яшчэ няма. Евангелле не гаворыць, што ў паннаў ёсць алей, калі яны вяртаюцца. Але ці не было мудрэй пачакаць жаніха? Можа, ён узяў бы іх на вяселле? Не за іх заслугі, а дзеля сваёй міласэрнасці. Самі мы не можам знайсці страчанай ласкі, але Жаніх прыйшоў, каб знайсці тое, што было згублена. 


Айцец Крыштаф Коц’ян OP


Глядзіце яшчэ разважанні на Трыццаць другую звычайную нядзелю, Год А:

айцец Крыштаф Коц'ян ОР "Дар мудрасці"
айцец Павел Мажэйка ОР "Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач"

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла