Завяршэнне конкурсу «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!»

Мы завяршаем конкурс «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!» публікацыяй верша спадарыні Таццяны Трафімчык, прысвечанага перэгрынацыі фігуркі Маці Божай Фацімскай, якая адбывалася сёлета па беларускіх парафіях з нагоды 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме. Нагадаем, што конкурс праводзіўся  часопісам «Ave Maria», з красавіка па кастрычнік гэтага года можна было даслаць у рэдакцыю  верш, эсэ або апавяданне, прысвечаныя фацімскаму пасланню Марыі і яго ролі ў нашай штодзённасці. Пра вынікі конкурсу мы напішам у снежаньскім нумары «Ave Maria».

Перэгрынацыя фігуркі Маці Божай Фацімскай

Харугвы Маці Беззаганнай
Касцёл Андрэя аздабляюць,
Блакітнай стужкаю гірлянды
З дубовых лісцяў праслаўляюць

Яе, Марыю з Фацімы, вітаюць Каралеву свету.
Ля брамы кветкі на зямлі —
То сэрцаў любячых дары,
Бо сэрцы святасцю сагрэты.

Шлях да касцёла ўжо прыбраны:
Вяргіні, астры заміраюць,
Яны сустрэчы з Беззаганнай
Фацімскай Матачкай чакаюць.

Прыбраны дзеці, ксёндз і людзі,
А свята блізіцца да шчасця.
Міг — з Фацімы да нас прыбудзе
Ў свой юбілей Хрыстова Маці.

Касцёл прыбраны, чысты, белы,
У стужках свецяць жырандолі,
І ветрык лашчыцца нясмелы
Да абразоў ў старым касцёле.

І вось Яна... Натоўп ўздыхае...
Яе карона зіхаціць,
Ружанчык у руках трымае,
А сэрца кожнага дрыжыць.

Яна ж галоўку нахіліла,
У малітве ручанькі узносіць,
Ружанцам пальцы перавіла —
За ўсіх пакорна Сына просіць.

У касцёле ціха, хоць шматлюдна,
Святар прачулена вітае
Матулю Бога, і паўсюдна
Малітва вернікаў лунае.

Ты сэрца, Маці, ускалыхнула!
Таму прысутныя маўчаць.
Святар ціхутка і прачула
Стаў словы шчырыя казаць.

Яна ж малілася, схіліўшы
Сваю галоўку ў цішыні,
І мову заняло, між іншым,
Людзям ад гэткай дабрыні.

Заціхлі вернікі — ні слова!
І толькі у душы: — Гасанна!
Глядзяць і прагна-прагна ловяць
Пагляд вачэй Вяльможнай Панны.

Дзяўчынка потым прыгадала:
— Вачэй не зводжу з Беззаганнай!
І цуд — усмешка напаткала
Мяне прачыстай нашай Панны.

Дзяўчынка у малітве туліць
Дзве ручкі, славячы Матулю,
І чуе голас, што гаворыць:
— Так! Маё Сэрца трыумфуе!


Таццяна Трафімчык,
парафія св. Андрэя г. Слоніма

Цэтлікі: Фаціма

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней