9 парадаў, як быць хрысціянінам у інтэрнэце

Як зрабіць так, каб нашая актыўнасць у віртуальнай прасторы адпавядала годнасці чалавека і Божага дзіцяці? І каб не было ніякага разрыву паміж вераю і актыўнасцю ў віртуальным свеце?

1. Будзь тым, хто ты ёсць — у інтэрнэце і па-за ім

Пакажы сябе сапраўднага іншым карыстальнікам інтэрнэту і не прыкідвайся кімсьці іншым. Кажы праўду пра сябе. Там, на іншым баку экрана, знаходзяцца рэальныя людзі, а не штучныя персанажы.

Паказваць сябе сапраўднага ў інтэрнэце — гэта цнота шчырасці, якая будуе ўзаемны давер адзін да аднаго. Без яе немагчымы дыялог або адносіны ні ў рэальным свеце, ні ў віртуальным. А што супрацьлеглае шчырасці? Двудушнасць, фальш, крывадушнасць, прытворства.

2. Імкніцеся будаваць адносіны

Сацыяльныя сеткі, інтэрнэт — гэта прылады, якія могуць спрасціць наладжванне кантакту з іншымі людзьмі, але ніколі не заменяць рэальных адносінаў. Таму не падмяняй новымі тэхналогіямі сапраўдных сяброў. Вы можаце мець тысячы фрэндаў, а быць адзінокім, як палец.

Сацыяльныя сеткі дапамагаюць даведацца, што адбываецца ў іншых, знайсці старых прыяцеляў. А потым тэлефануй і дамаўляйся з сябрамі на рэальную сустрэчу.

3. Двойчы падумай, перш чым клікнуць мышкай

Кантэнт, да якога мы даём доступ іншым, можа «гуляць» па інтэрнэце далей і далей, і мы не ў стане кантраляваць, да каго ён патрапіць. Нашыя допісы, фотаздымкі застаюцца ў віртуальнай прасторы. Таму, перш чым націснуць кнопку мышы, лішні раз падумай.

4. Ня спяшайся выстаўляць свае імгненныя эмоцыі напаказ у інтэрнэце

Таму што заўтра ты можаш пашкадаваць аб гэтым. Будзь разважлівым. Гэта добра, у тым ліку для бяспекі. Фотаздымкі інтэр’еру дома і паведамленні аб ад’ездзе ў адпачынак могуць быць карыснымі для злодзеяў.

5. Паважай іншых

Праз інтэрнэт мы камунікуем з рэальнымі людзьмі, мы пішам допісы, каментары для канкрэтных людзей. Калі б гэтага мы не сказалі ў твар чалавеку, то не варта таго пісаць і ў сацсетках. Культура абавязвае як на вуліцы, так і ў віртуальнай прасторы. Ці не з’яўляецца звыклаю баязлівасцю выплёскванне негатыву на іншых у інтэрнэце або злараднасць пад псеўданімам?

6. Дай сабе час для цішыні і рэфлексіі

Адрывайся час ад часу ад смартфона, выходзь з Фэйсбука. Зохаўвай меру ва ўсім. Кожнаму патрэбны час для рэфлексіі, цішыні, каб акунуцца ў чытанне літаратуры, каб паразмаўляць з Богам. Дзякуючы гэтаму нашая актыўнасць ў сетцы атрымае глыбіню. Дбаючы пра свой унутраны свет, інтэлектуальную і духоўную фармацыю, мы быццам напаўняем келіх, з якога пасля зможам піць.

Без рэфлексіі, роздуму, глыбокага засяроджання нашыя каментары будуць павярхоўнымі або мы завязнем у бессэнсоўнай спрэчцы. «Цішыня з’яўляецца неад’емнаю часткаю зносінаў, без яе няма словаў, напоўненых зместам», — пісаў Папа Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні на 46-ы Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі.

7. Не забывайся пра мэту

Карыстайся інтэрнэтам і сацсеткамі з пэўнаю мэтаю; каб праверыць інфармацыю, камусьці напісаць, для працы і г. д. Клікаючы бессэнсоўна па спасылках, ты развіваеш унутраную рассеянасць і ў лепшым выпадку губляеш час. Карыстальнік павінен кантраляваць сваю актыўнасць у віртуальнай прасторы, а не дазваляць сабе ляцець туды, куды падзьме вецер.

8. Дзяліся сваім скарбам

Святы Павел, прамаўляючы на аэрапагу, ведаў законы рыторыкі. Сучасны аэрапаг — віртуальны свет — таксама вымагае прафесіяналізму і ведаў ад інтэрнэт-евангелізатараў. Аднак апостальства ў сетцы ажыццяўляецца не толькі на старонках ці профілях рэлігійнага характару, але таксама проста праз камунікацыю паміж людзьмі.

Жаданне дзяліцца скарбам веры натхняе хрысціянаў выйсці да іншага чалавека, выкарыстоўваючы розныя прылады, у тым ліку інтэрнэт. Прычым гаворка ідзе не пра адпраўку паведамленняў відавочна рэлігійнага характару ўсяму спісу кантактаў, як спам. Міласэрнасць — гэта хутчэй зацікаўленасць кожным канкрэтным чалавекам, увага да таго, што можа быць яму ў пэўны момант патрэбна. Можа, аднаму чалавеку мы прышлем спасылку на цікавую лекцыю пра сужэнства, а другога запросім на добрую выставу або канцэрт.

9. Пытанне, годнае хрысціяніна

Калі ты задумваешся над сваёю актыўнасцю ў інтэрнэце, над пакупкаю новага гаджэта, задай сабе пытанне: ці наблізіць мяне гэта да Бога? Не дазволь сабе навязаць такую манеру думаць: калі магу, то павінен.

У хрысціяніна ёсць выразная мэта: Неба. І ўсе дзеянні павінны зводзіцца да яе. А ў віртуальнай прасторы маральныя прынцыпы застаюцца такімі ж, як і ўсюды, бо яна стала неад’емнаю часткаю нашага паўсядзённага жыцця.


Барбара Стэфаньская
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле pl.aleteia.org

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла