«Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй…»

Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год А (26.11.2017)

Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне». Тады адкажуць Яму справядлівыя: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?» I Валадар скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне». Тады і яны адкажуць Яму: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?» А Ён скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне». І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

(Мц 25, 31–46)

«Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй…»

Не вельмі ахвотна большасць сучасных прапаведнікаў у сваіх казаннях узгадвае Апошні Суд. Нават славутая секвенцыя на гэтую тэму «Dies irae» («Дзень гневу»), якая ў свой час натхняла вялікіх кампазітараў на стварэнне музычных шэдэўраў, гучыць сёння пераважна на канцэртах, у лепшым выпадку — на жалобнай святой Імшы, цэлебраванай у класічным лацінскім рытуале. Чаму так адбываецца? Маўляў, не трэба ў касцёле лішні раз «палохаць»  людзей. Але ж сам Пан Езус не цураўся «палохаць» сваіх слухачоў: папярэджаны — значыць узброены. І няўжо сёння мы разумнейшыя за ўцелаўлёнага Бога і лепш за Яго ведаем, якія «перспектывы» чакаюць тых, хто не вельмі клапоціцца пра Яго навуку? Мы сапраўды робім мядзведжую паслугу вернікам, калі, шкадуючы іх уражлівасць, замоўчваем праўду аб адказнасці чалавека за свае ўчынкі. А яна непазбежная, калі не ў зямным жыцці, то пасля смерці (у тым ліку і за такое «суцяшэнне»). З іншага боку, тая ж «Dies irae» на самай справе не столькі «палохае», колькі з’яўляецца заклікам да Божай міласэрнасці: «Слёзны дзень калі настане, з праху чалавек паўстане на суровы Суд Апошні — будзь яму ласкавы, Божа». І калі мы асмельваемся спадзявацца, што Божая літасць захавае нас ад заслужанай платы за грахі, трэба не толькі як мага хутчэй перастаць іх чыніць, але і спяшацца кампенсаваць зробленае зло ўчынкамі міласэрнасці, асноўныя з якіх пералічвае Пан Езус.

Але для таго, каб яны непрыкметна не ператварыліся ў патуранне заганам або ў самазадаволенасць і самазаспакаенне, трэба памятаць, што, па-першае, датычаць яны самага неабходнага, без чаго здароўю і жыццю чалавека пагражае небяспека: звычайнай ежы (не прысмакаў), вады (не гарэлкі), адпачынку (не абавязкова ў шыкоўным гатэлі), абароны ад неспрыяльных умоваў надвор’я і захавання годнасці (не моды), падтрымкі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Па-другое, грошы, хоць іх наяўнасць і робіць аказанне многіх з гэтых паслугаў больш рэальным і якасным, тут наогул не ўзгадваюцца. Бо сапраўдная міласэрнасць не залежыць ад матэрыяльнай забяспечанасці, інакш яна была б проста недаступнаю для ўбогіх. А падзяліцца самым неабходным для жыцця можа нават жабрак, калі толькі ягонае сэрца не атручана хцівасцю і эгаізмам. Што ж датычыць заможных людзей, то пералічэнне нейкай часткі сваіх прыбыткаў на дабрачынныя мэты або перадача непатрэбных рэчаў ці вопраткі бедным сведчаць не столькі аб міласэрнасці, колькі аб несапсаванасці, нармальнасці, імкненні да сацыяльнай справядлівасці. Безумоўна, гэта лепш, чым выкідаць грошы на вецер або выносіць на сметнік рэчы, якімі яшчэ можна паспяхова карыстацца, аднак Бог чакае ад нас нечага большага. Той, хто сам стаў дарам для нас, хоча, каб і мы давалі нешта і каб гэты дар датычыў не столькі матэрыяльных рэчаў, колькі нашага жыцця: планаў, часу, жаданняў, магчымасцяў…

Напрыклад, даць крыху грошай «на хлеб» беднаму алкаголіку лягчэй, чым пайсці і купіць для яго той хлеб. Але менавіта гэты высілак засцеражэ галоднага п’яніцу ад таго, каб замяніць ежу выпіўкаю (што, на жаль, большасць з іх робіць, атрымаўшы грошы) або выкрые хлусню і злоўжыванне дабрынёю ў выпадку, калі сапраўднаю мэтаю быў не хлеб, а гарэлка або цыгарэты. Бо часта, не атрымаўшы грошай, такія людзі адмаўляюцца і ад хлеба або нават выкідаюць яго, а гэта значыць, што яны не галодныя, а хочуць зусім іншай «дапамогі». Патуранне злым схільнасцям толькі спрыяе дэмаралізацыі. Добрымі намерамі выбрукаваная дарога ў пекла, — гаворыць народная мудрасць. Або — замест рыбы лепш даць галоднаму вуду і навучыць ёю карыстацца. Гэта цяжэй, але і больш цэніцца…

Сэнс учынкаў міласэрнасці — дапамагчы быць неабыякавымі да чужой бяды, пераадолеўшы ўласны эгаізм, зрабіць сваё спачуванне дзейсным, адарвацца ад матэрыяльнага і звярнуцца да вечнай рэчаіснасці, каб душа была здольнаю прыняць Божую любоў, а неабходнасць стаць некалі перад абліччам справядлівага і міласэрнага Суддзі ўспрымалася з павагаю і абгрунтаванаю надзеяй, што Ён будзе міласэрны да тых, хто імкнуўся быць міласэрным.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Трыццаць другую звычайную нядзелю, Год А:

айцец Віталь Сапега ОР «Трэцяе прыйсце Хрыста»
айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Найперш міласэрнасць»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла