«Кажу ўсім: чувайце!»

 


Першая нядзеля Адвэнту, Год В (03.12.2017)

Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час. Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!

(Мк 13, 33–37)

«Кажу ўсім: чувайце!»

«Чувайце!» Чалавек, які страціў надзею, жыве адным днём, нічога не чакае, не чувае, а гаворыць, што надзея — «маці дурняў». Гэтак пра надзею гавораць тыя, хто меў у жыцці прыкры досвед, спадзяваўся, што адбудзецца нешта, чаго ён моцна хацеў, а нічога не атрымалася. Ягонай надзеі нечага не хапіла, яна стала самападманам. Гэта быў неапраўданы аптымізм, які можна назваць глупствам. Часам мы сустракаем вельмі задаволеных людзей, якія чэрпаюць упэўненасць з таго, што назваюць «надзеяй», і што насамрэч надзеяй не з’яўляецца. Праз пэўны час, калі яны не могуць абаперціся на надзею, якая ёсць Божаю ласкаю, то перажываюць расчараванне і паразу. 

Звернемся да кантэксту патройнага адвэнтовага чакання. З надзеяй чакаючы Божага нараджэння, канца свету і Пана, які кожны дзень прыходзіць у сваім слове, сакрамэнтах і ў нашых бліжніх, папросім святога Тамаша Аквінскага растлумачыць, у чым заключаецца сапраўдная надзея. Ён гаварыў, што надзея, як Боская цнота, павінна адпавядаць чатыром умовам. Па-першае, надзея датычыць дабра, якога трэба пачакаць, а пры гэтым неабходная сур’ёзная праца і высілкі, каб яго здабыць. Па-другое, надзея скіраваная да будучыні, а менавіта — да вечнага жыцця з Богам. Па-трэцяе, яе нялёгка атрымаць, бо яна не залежыць ад здольнасцяў чалавека, а можа засяроджвацца толькі ў жывым Богу, пры Якім яна застаецца нібы якар, які ў шторм ўтрымлівае карабель на адным месцы. Па-чацвёртае, мэту, на якую мы ўскладаем надзею, можна дасягнуць, бо яна вынікае з абяцанняў Таго, хто не можа памыляцца і не можа ўвесці ў зман, бо з’яўляецца Богам.

Трэба адзначыць, што ў цяперашнім жыцці няма нічога трывалага, на чым душа магла б затрымацца і адпачыць, але сапраўдная надзея надае ўсім абставінам нашага жыцця глыбокае значэнне і ўпарадквае іх адпаведна з праўдзівай іерархіяй каштоўнасцяў. Сапраўдная надзея — маці разважлівасці і мудрасці, бо кожнага, хто ведае мэту свайго жыцця і ведае, як яе дасягнуць, мы называем мудрым і разважлівым чалавекам. Той, хто напоўнены надзеяй, здольны з мудрасцю і аптымізмам глядзець на свет, здольны падтрымаць тых, хто ўпаў духам, можа трывала імкнуцца да вызначанай мэты і знаёмы з мастацтвам размяркоўваць справы паводле іх месца ў іерархіі каштоўнасцяў. Ён празорлівы і без цяжкасцяў глядзіць на жыццё з патрэбнай перспектывы. Такога чалавека можна назваць «сведкам надзеі».

Адвэнт — гэта час, які дае нам шанец распачаць усё нанова і яшчэ мацней даверыцца Божаму слову, каб яно ўмацавала ў нас надзею, каб учыніла нас мудрымі. Дамініканская парафія свв. Казіміра і Ядвігі ў Магілёве дае свой адказ на адвэнтовае запрашэнне чуваць і будзе ўмацоўвацца ў сапраўднай надзеі, штодня чытаючы па адным раздзеле з Апакаліпсісу св. Яна. У гэтым годзе Адвэнт доўжыцца 22 дні, і менавіта столькі раздзелаў у апошняй кнізе Новага Запавету — Кнізе Апакаліпсісу. Гэта складанае чытанне, таму мы будзем звяртацца да каментароў да гэтай кнігі, зробленых айцом дамініканінам Адамам Шустакам OP у форме 34 ролікаў на Youtube, якія называюцца «Straszne rekolekcje». Калі чытачы пажадаюць далучыцца да нашай супольнасці, каб слухаць, «што Бог гаворыць Касцёлу», запрашаем вас сардэчна! На пачатку кнігі Апакаліпсісу мы бачым словы: «Шчаслівы, хто чытае і тыя, хто слухае словы прароцтва і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі» (Ап 1, 3). У нас ёсць тэкст рэкалекцый, запісаны і перакладзены на беларускую мову. Калі вы жадаеце атрымаць гэтыя каментары да кнігі Апакаліпсісу, напішыце аўтару гэтага разважання ( Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. ).


Айцец Раман Шульц OP

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла