Вернасць абяцанню

Другая нядзеля Адвэнту, Год В (10.12.2017)

Паслухаю, што гаворыць Пан Бог;
Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім,
Сапраўды, Яго збаўленне блізкае
для тых, хто баіцца Яго,
і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.
Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам,
справядлівасць і спакой пацалуюцца.
Вернасць вырасце з зямлі,
а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.
Пан адорыць нас шчасцем,
а зямля наша дасць свой плён.
Справядлівасць пойдзе перад Ім
і паставіць на шлях крокі свае.

(Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14)

 

Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў прарока Ісаі:
«Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Табе.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».

З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. І выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема, і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

(Мк 1, 1–8)

Вернасць абяцанню

Сёння ў літургіі мы спяваем другую частку 85-га псальма (85, 9–14). Надзея на Божую міласэрнасць гучыць у гэтым тэксце з першых радкоў (2–7), але ўсведамленне ўласных грахоў прымусіла псальміста ўсклікаць: «Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне» (85, 8). Такое ўскліканне не можа застацца без адказу — няўжо Бог не ёсць Богам запавету, заключанага з Абрагамам і ўсім яго патомствам? Таму з’яўляецца візія суцяшэння: «Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам, справядлівасць і спакой пацалуюцца».

Здаецца, карціна простая: з аднаго боку грэшнікі, якія гучна просяць дапамогі, з іншага Бог, які павінен быць верным свайму абяцанню. Ці атрымліваецца, што Бог нейкім чынам абавязаны прабачаць чалавеку? Няўжо нашыя адносіны з Ім — гэта адносіны асобы (чалавека) і нейкага механізма па выпрацоўванню міласэрнасці, і варта націснуць кнопку, на якой напісана «Абяцанне», каб адразу ж з яго з’явіўся адпаведны дар?

Божае слова ахоўвае нас ад такіх думак: «Вернасць вырасце з зямлі, а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў». Справядлівасць, якая пазірае з нябёсаў — гэта дар прабачэння. Памятайма, што міласэрнасць да грэшніка з’яўляецца справаю Божай справядлівасці. Але да таго, як гэта адбудзецца, з зямлі, то бок, ад нас, павінна вырасці вернасць абяцанню, якое Бог даў чалавеку, а Ён ставіцца да чалавека з павагаю і дае яму выбар: «Я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Пана Бога твайго, і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго» (Дрг 30, 19–20). Каб атрымаць дар, трэба быць верным абяцанню. Што з таго, што мы будзем прасіць міласэрнасці, калі зусім не жадаем слухаць Бога, нават у думках? Хрыстус перасцерагае: «Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах» (Мц 7, 21). Будзем жа ўважлівыя да гэтых словаў. 


Айцец Павел Крупа OP

 

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла