Што есці ў Адвэнце? Прапануем меню

Ці спрабавалі вы ўжо адвэнтовую дыету-цуд? Яна не падобная ні на якую іншую: яна асвечаная ласкаю. І мае сапраўднае збаўленчае дзеянне.


На сняданак — рараты, выпечка і кава

Калі казаць пра сняданак, то з панядзелка па пятніцу я цікаўлюся імі толькі ў Інстаграме: пудынгі, яешні, печыва, як візантыйскія мазаікі... Нягледзячы на дэвіз майго калегі з працы, які ён пастаянна паўтарае («сняданак — гэта самы важны прыём ежы»), раніцай я часцей за ўсё падаю сабе на сняданак кафеін. Абсмажаны.

Тым большым ратункам будзе адвэнтовая дыета. Адразу пасля сну трэба выпіць шклянку вады з лімонам (ачышчае арганізм!), а потым абавязкова схадзіць на рараты. Кожная Эўхарыстыя — гэта бясцэнная сустрэча з жывым Богам, вельмі сытная і грунтоўная ежа, а не проста сімвалічны спажытак. І хоць яна можа фізічна стаміць, але духоўна дасць больш энергіі, чым матэ.

Людзі збіраюцца разам цемнатою, у слабым святле свечак, у такі ранні час, калі, апроч Адвэнту, цяжка ўявіць самога сябе на нагах. Людзі тут па розных прычынах, свядома або несвядома, больш або менш грэшныя, так або інакш заблытаныя на жыццёвых сцежках — але ўсе яны чакаюць Яго прыйсця. А потым ідуць у звыклае жыццё. Для мяне гэта адно з найпрыгажэйшых перажыванняў у Касцёле.

Каб гэтае перажыванне працягнуць, трэба пасля Імшы пайсці ў кавярню са знаёмымі. З’ешце разам свежую выпечку і выпіце кавы. Калі вы ўдзельнічаеце ў касцёльнай супольнасці, то пасядзіце разам у месцы вашых сустрэчаў.

На абед — учынак міласэрнасці без дадаткаў

Лёгкі супчык у гэтай дыеце адпадае. Прынамсі раз на дзень павінна быць нешта канкрэтнае. І не трэба далёка хадзіць па рэцэпт паўнавартаснай стравы. Трэба проста быць з людзьмі: май адкрытыя вочы і вушы на тое, што ім патрэбна, пытайся ў Святога Духа. І дзейнічай.

Калі табе патрэбная дапамога, зазірні ў Евангелле паводле Мацвея (Мц 25, 31–46) або ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (п. 2447).

Дэсерт — кавалак свежай літаратуры

Адвэнт у гэтым плане дае вялікую свабоду. Некаторыя ў Адвэнце адмаўляюцца ад дэсерту, кажучы, што яны ж на дыеце. Іншыя, наадварот, як заўсёды, частуюцца любімымі пірожнымі, тлумачачы гэта тым, што галаданне да дабра не давядзе.

Некаторыя католікі праблему посту аж занадта раздзімаюць. Давайце паспрабуем падысці да гэтай справы цвяроза. Заплануем крэатыўны дысерт, незалежна ад таго, адмаўляемся мы ад салодкага, ці не.
Мой рэцэпт дэсерту просты: на паўгадзіны выключыць Wi-Fi і ўзяць кніжку. Але з самай верхняй паліцы. Кавалачак добрай, як бельгійскі шакалад, літаратуры эфектыўна задаволіць жаданне з’есці нешта салодкае, і, апроч таго, цудоўна палепшыць уяўленне, адчувальнасць і мысленне.

Складаная літаратура цябе бянтэжыць? Пакідае пытанні без адказу? Адсутнасць апавяшчэнняў на тэлефоне раздражняе? Агаляецца твая прывязанасць да Фэйсбука? Выдатна! Смак твораў Мана, апавяданняў Зінгера ці рэпартажаў Алексіевіч хоць і цяжэйшы за салодкі ёгурт, але ён варты хвіліны высілку.

На вячэру — superfood або мёд. А менавіта — Слова

Мёд цудоўным чынам уплывае на арганізм. Павышае імунітэт, мае антыбактэрыяльныя ўласцівасці, умацоўвае сэрца... Мёд, або штодзённая, рэгулярная порцыя Слова, нават у малых дозах, будзе як вакцына ад фальшывых уяўленняў пра Бога, дасць магчымасць сустрэцца з Ім і пазнаваць Яго ўсё болей і болей, з вечара ў вечар. У той жа час Слова абудзіць яшчэ большы апетыт.

Можаш запаліць свечку і паставіць абраз. Але насамрэч дастаткова будзе проста папрасіць у Святога Духа святла, акунуцца ў літургічныя чытанні дня і пабыць са Словам у цішыні на працягу пятнаццаці хвілін, а лепей трыццаці. Хай гэта будзе апошняе, чым ты насыцішся за ўвесь дзень.

Перакус падчас крызісу: comfort food

Што рабіць, калі перастаеш трымацца дыеты ўжо на палове шляху? Замест раратаў застаецца толькі кава, а замест Слова — серыял? Ёсць простае правіла: будзь добрым да сябе.

Адвэнт — гэта не змаганне з самім сабою, гэта прыняцце пэўнага ладу жыцця, адкрыццё радасці, якая не знікае перад абліччам цярпенняў. Гэта згода на тугу, якая не дазваляе ўседзець на месцы. Будзь нявестаю, якая хоча падрыхтавацца да прыходу Жаніха. Дыетычныя намаганні прынясуць толькі нязначны эфект, калі не будуць сканцэнтраваныя на Езусе Хрысце, а іх мэта абмяжуецца скідваннем пары «духоўных кілаграмаў» і не наблізіць да Яго.

Таму, калі ўзнікне крызіс, «з’еш» гэтай comfort food. Будзь чулым да сябе самога. З’еш мандарынку або міску булёну. Выпі какавы або глінтвейну з апельсінам. І затым паспрабуй яшчэ раз. А Ён, як абяцаюць вялікія антыфоны, прыйдзе заўтра...


Дамініка Фрыдрых, dominikanie.pl
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла