Што кажа Біблія пра выхаванне дзяцей?

Бог стварыў сям'ю. Яго задумай было, каб мужчына і жанчына ажаніліся на ўсё жыццё і гадавалі дзяцей, каб тыя ведалі і шанавалі Бога («што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае» (Мк 10, 9). Усынаўленне — гэта таксама Божая ідэя —  «Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі» (Эф 1, 5). Незалежна ад таго, як дзеці ўваходзяць у сям'ю, яны — дар ад Бога, і Ён клапоціцца пра тое, як яны выхоўваюцца («Вось спадчына Пана — сыны, заплата ад Яго — плод улоння»; пар. Пс 126, 3; «Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — ён не памрэ: ты ўдарыш яго дубцом і душу яго вызваліш ад пекла»; пар. Прып 23, 13-14). Калі Бог дае нам дары, ён таксама дае дакладныя інструкцыі па іх выкарыстанні.


Калі Бог вывеў ізраільцянаў з рабства, Ён загадаў ім вучыць сваіх дзяцей усяму, што Ён зрабіў для іх («Слухай, Израэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй. Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім. Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся. Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх. Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй»; пар. Дрг 6, 4–9; «Навучыце ім дзяцей вашых, гаворачы пра іх, калі сядзіш у доме сваім і калі ідзеш дарогаю, калі кладзешся і ўстаеш»; пар. Дрг 11, 19).

Ён жадаў, каб будучыя пакаленні працягвалі падтрымліваць усе Яго запаведзі. Калі адно пакаленне не зможа прышчапіць Божыя законы наступнаму пакаленню, грамадства хутка прыйдзе ў заняпад. Бацькі маюць не толькі адказнасць за сваіх дзяцей, але і заданне ад Бога перадаць Яго каштоўнасці і праўды ў іх жыццё.

Некалькі месцаў у Пісанні даюць канкрэтныя ўказанні для бацькоў аб тым, як выхоўваць сваіх дзяцей. У Пасланні да Эфесцаў (6, 4) гаворыцца: «І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана». Ёсць некалькі спосабаў, якімі бацькі могуць выклікаць гнеў у сваіх дзяцей. Некаторыя бацькі ўсталёўваюць настолькі немагчымыя стандарты, што дзіця адчайваецца хоць калі-небудзь іх дасягнуць. Некаторыя бацькі дражняць, насмяхаюцца або прыніжаюць сваіх дзяцей, выкарыстоўваючы гэта як сродак пакарання, які толькі правакуе іх на гнеў. Непаслядоўнасць таксама можа справакаваць гнеў, бо дзіця не ўпэўненае ў наступствах сваіх дзеянняў. Правакуе дзяцей на злосць і крывадушнасць, калі бацькі патрабуюць такіх паводзінаў ад дзяцей, якіх самі не прытрымліваюцца.

«Выхоўваць іх праз навучанне і настаўленне Пана» азначае, што бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей так, як Бог навучае нас. Як Айцец Бог «доўгацярплівы» — «Пан цярплівы ў бязмежнай міласэрнасці, што прабачае правіннасць і злачынствы і не пакідае нікога без пакарання, Ён карае за грахі бацькоў на сынах да трэцяга і чацвёртага пакалення»; пар. Ліч 14, 18; «Літасцівы і спагадны Пан, доўгацярплівы і вялікай міласэрнасці», пар. Пс 145(144), 8).

Яго навучанне задумана, каб прывесці нас да пакаяння, «"Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына". Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька? А калі вы па­за пакараннем, удзельнікамі якога сталі ўсе, значыць вы не сыны, а незаконныя дзеці! Больш за тое, у нас былі зямныя бацькі, каб выхоўваць нас, і мы баяліся іх. Ці мы не павінны быць яшчэ больш паслухмяныя Айцу духаў, каб жыць? Тыя кара2лі нас па сваім меркаванні на кароткі час. А гэты карае нас дзеля дабра, каб мы мелі ўдзел у Яго святасці. Цяпер усялякае пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала»; Гбр 12, 6–11).

Яго настаўленні ў яго Слове — «Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда» (Ян 17, 17); «Як жа палюбіў я закон Твой, Пане; цэлы дзень — роздум мой пра яго» (пар. Пс 119, 97), і Ён жадае, каб бацькі запоўнілі свой дом Яго праўдаю: «Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім. Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся» (пар. Дрг 6, 6–7).

Ён таксама настаўляе Сваіх дзяцей — «Не адкідай, сыне мой, настаўленне Пана і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе» (пар. Прып 3, 11), і чакае, што зямныя бацькі будуць рабіць тое ж самае — «Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — ён не памрэ» (пар. Прып 23, 13). Псальм 94, 12 кажа: «Шчасны той чалавек, якога ўдасканальваеш Ты, Пане, і паводле закону Твайго навучаеш яго». Бог настаўляе нас, каб мы «адпавядалі вобразу Хрыста», «бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі» (Рым 8, 29).

Бацькі могуць настаўляць сваіх дзяцей, прывіваючы каштоўнасці і жыццёвыя ўрокі, якія яны самі пазналі. Калі бацькі практыкуюць пабожнае жыццё і прымаюць рашэнні паводле Духа («Я кажу: паступайце паводле духа і жаданняў цела не выконвайце», «Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа»; Гал 5, 16, 25), яны могуць заахвоціць сваіх дзяцей паступаць па іх прыкладзе.

Правільнае, паслядоўнае настаўленне прыносіць «плён справядлівасці» («Цяпер усялякае пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала»; Гбр 12, 11). Няздольнасць навучаць прыводзіць да ганьбы бацькоў і дзіцяці («Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй»; пар. Прып 10, 1). У Прыпавесці 15, 32 гаворыцца, што той, хто не прымае настаўлення, «не дбае пра душу сваю». Пан Бог карае Іллю, таму што ён дазволіў сваім сынам зневажаць Пана і «не ўтрымаў іх» («Я прадказаў яму, што буду судзіць дом яго навекі дзеля правіннасці, таму што ён ведаў, што сыны яго зневажаюць Бога, а не караў іх»; пар. 1 Сам 3, 13).

Дзеці з'яўляюцца «спадчынай ад Пана» (гл. Пс 127, 3). Ён пасяляе іх у сям'ю і дае бацькам наказ, як іх выхоўваць. Мэта добрага выхавання — выгадаваць мудрых дзяцей, якія ведаюць і шануюць Бога ўсім сваім жыццём. Прыпавесць 23,24 паказвае канчатковы вынік выхавання дзяцей у адпаведнасці з планам Бога: «Узрадуецца радасцю бацька справядлівага; а хто парадзіў мудрага — узвесяліцца ў ім».


Пераклад з англ. мовы Эльвіры Палінеўскай
Паводле www.gotquestions.org

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла