Вечарына напярэдадні свята

У атмасферы прыязнасці і ўзаемаразумення прайшла 12 снежня ў канферэнц-зале віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага вечарына «Калядны вечар, святы вечар», якая ладзіцца тут другі год запар у межах дыяцэзіяльных Дзён хрысціянскай культуры і на якую ахвотна прыходзяць як вернікі розных канфесій, так і святары. Безумоўна, значнасці падзеі дадала прысутнасць на ёй біскупа Алега Буткевіча, канцлера дыяцэзіяльнай курыі кс. Віктара Місевіча, дырэктара віцебскага «Карытаса» кс. Андрэя Аніскевіча, кс. Паўла Кнурэка.


Традыцыйна галоўная частка вечарыны — знаёмства з творамі беларускіх літаратараў, што так ці інакш прычыніліся ў сваёй творчасці да рэлігійнай тэматыкі. Сёлета такімі аўтарамі сталі класікі нашай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. З творам першага пазнаёміў прысутных прафесійны актор, майстар сцэны беларускага тэатра «Лялька» Юрась Франкоў. А даволі няпростае для запамінання, поўнае апісання дэталяў падрыхтоўкі нашых продкаў да сустрэчы свята Божага Нараджэння апавяданне  Якуба Коласа «Куцця» прадэкламаваў на памяць вернік парафіі Езуса Міласэрнага, інжынер-сувязіст Мікола Клімаў. Для мужчыны гэта быў першы ў жыцці і, што вельмі прыемна, без перабольшання – паспяховы, прыняты  дружнымі, працяглымі воплескамі слухачоў  выхад на шырокую публіку. Яшчэ адзін, нашмат маладзейшы за сп. Міколу, але нашмат больш вопытны за яго ў справе дэкламавання мастацкіх тэкстаў парафіянін, школьнік Уладзіслаў Каржанеўскі, як заўсёды, цудоўна прачытаў вершы Казіміра Сваяка і Ігара Пракаповіча.

Затым настала чарга віцебскіх паэтаў вынесці на суд аўдыторыі свае творы. Цёпла былі прынятыя аматарамі паэзіі ўдумлівыя, эмацыйныя, артыстычныя  выступленні сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў паэтак Людмілы Сіманёнак і Алены Гінько, маладога таленавітага паэта Алега Замкоўскага. А найбольш воплескаў і воклічаў адабрэння атрымаў самы юны і, бадай, самы смелы ўдзельнік вечарыны – пяцігадовы Сцяпан Серабро. Удала, з густам аздаблялі мерапрыемства выкананнем пад гітару класічных твораў маладыя музыкі Вікторыя Буевіч і Аляксей Падлепенка, студэнты Віцебскага музычнага каледжа.

Запамінальная, добра зрэжысаваная імпрэза сталася адначасова і рэпетыцыяй перад выхадам прафесійных і самадзейных выканаўцаў на больш шырокую публіку. 23-га снежня, акурат напярэдадні вігіліі Божага Нараджэння, праграма вечарыны «Калядны вечар, святы вечар» з некаторымі зменамі і дапаўненнямі (у прыватнасці спеваў вакальнай групы дыяцэзіяльнага хору «Гасанна») будзе паказана жыхарам абласнога цэнтра на сцэне актавай залы Віцебскай абласной бібліятэкі.


Францішак Дубраўскі
Фота Кацярыны Лаўрыненкі

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла