«Чалавек, пасланы ад Бога»

Трэцяя нядзеля Адвэнту, Год В (17.12.2017)

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія». І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» Ён сказаў:

«Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”, як сказаў прарок Ісая». А пасланцы былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?» Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных». Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

(Ян 1, 6–8. 19–28)

«Чалавек, пасланы ад Бога»

Ці ж евангельскі ўрывак, які мы чуем ў гэтую нядзелю, распавядае пра Яна Хрысціцеля? Ці ён знаходзіцца ў цэнтры увагі? На першы погляд можа здавацца, што так. Бо гэта ён — «чалавек, пасланы ад Бога», да якога прыходзяць натоўпы, каб прыняць хрост пакаяння. Да яго прыходзяць святары і левіты, бо адчуваюць, што ён з’яўляецца кімсьці важным, а ў адказ чуюць: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”». Шмат людзей прыходзіць да Яна, але ён не затрымлівае іх пры сабе. Яго заданне — сведчыць пра Хрыста, скіроўваць позірк і ўвагу іншых на Божае Ягня.

Ад вокладкі кнігі ў многім залежыць, ці зацікавіцца ёю хтосьці, ці возьме пагартаць. Сама вокладка не ёсць кнігаю, але выконвае сваю важную функцыю. Калі б нам хрысціянам паспрабаваць быць падобнымі да такой цікавай вокладкі кнігі Жывога Слова, якім ёсць Хрыстус, быць «людзьмі з Хрыстом унутры»! Кожны з нас можа імкнуцца жыць так, каб іншыя глядзелі не на нас, захапляліся не намі, а Тым ад каго мы атрымалі усё, што маем. Гэта можа быць на пачатку складана, але з’яўляецца крокам да святасці. І няхай нам дапаможа зрабіць гэты крок вядомая многім малітва, якую можна знайсці ў малітоўніку «Ойча наш». Малітва св. Францішка аб духу любові:

Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою,
каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,
каб прабачаў там, дзе абражаюць,
каб яднаў там, дзе сварка і звада,
каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,
каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,
каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,
каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра,
каб нёс радасць там, дзе турбуе неспакой.
Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,
каб не толькі прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,
каб не шукаў уласнай любові, а любіў іншых.
Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,
хто не шукае свайго, той знаходзіць,
хто прабачае, таму будзе прабачана,
бо, паміраючы, нараджаемся для жыцця вечнага.


Айцец Павел Мажэйка OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла