Святло свету

Раратняе апавяданне

Янка яшчэ ніколі не быў на раратах. Караліна, старэйшая, заўсёды загадкава ўсміхалася, калі Янка пытаўся пра тое, што ж гэта насамрэч такое — тыя рараты. Казала — прыходзь. І вось матуля паабяцала, што ў аўторак яны ўстануць раненька і пойдуць разам на рараты, каб самім усё ўбачыць.

Але аказалася, што ўстаць вельмі рана так цяжка, што Караліна пабегла, каб не спазніцца, а Янка ўсё блытаўся рукамі ў кашулі. І нядзіва — бо ж вочы аніяк не расплюшчваліся…

У выніку да касцёла Янка з мамай дайшлі, калі з цемры ўжо вырушыла працэсія. У Янкі ажно мову адняло, так гэта было прыгожа — у цёмным касцёле шмат-шмат тых, хто нёс святло… Светачы былі вялікія і маленькія, дый цені, якія іх неслі — таксама. Падобна было на тое, што вялікая вогненная рака з мноства светлых кропелек цякла па касцёле, несучы святло. І ад гэтага святла было зусім нястрашна, бо цемра нібыта хавалася ад яго. Мабыць, пад лаўкі. Янка нават праверыў — дакладна, пад лаўкі, і там курчылася ў жаху перад гэтым зіхоткім святлом…

Янка ўспомніў гісторыю, якую яму чытала сястра. Пра нейкі паход, калі перад тымі, хто вырушыў у дарогу, ішоў вогненны слуп. Удзень ён быў воблакам — напэўна, каб тым, хто ішоў, не было спякотна. Бо справа адбывалася на поўдні, дзе ўдзень можа быць страшна горача, а ўночы той слуп быў вогненны, каб асвятляць дарогу і адганяць цемрадзь.

Гэтая працэсія чамусьці моцна нагадала яму тую гісторыю. Слупа няма, але ж няхай будзе вогненная рака, якая таксама разганяе тое цямноцце, у якім ці мала якое зло хаваецца…

Па дарозе да дзіцячага садка мама запыталася ў нязвыкла задумлівага Янкі:

— Гэта цябе так рараты ўзрушылі? То, можа, ты й сам хочаш ісці ў такой працэсіі?

Янка ажно спыніўся, — яму нават у галаву не прыйшло, што гэта ж сапраўды дзеці і дарослыя неслі тыя светачы, стваралі вогненную раку! То бок, напэўна ж, і ён зможа!

— Але ці мне дазволяць? — Янку ажно муляла ад супярэчлівых думак і пачуццяў, — я ж яшчэ не хаджу ў нядзельную школку! А Караліна казала, што яны ўсе вельмі рыхтаваліся. А тата Саша сказаў, што дазволяць ісці толькі тым, хто зробіць тыя светачы сам, на занятках! А я ж не рабіў…

— Янка, святара завуць айцец Аляксандр, а не тата Саша. Не варта паўтараць за Каралінай усё, што яна выдумляе. А пра ўдзел у працэсіі можна запытацца, калі ты сапраўды хочаш. Хіба што ўставаць давядзецца рана, і спазніцца аніяк нельга будзе…

Янка ажно заскакаў:

— Так, так, я хачу! Запытайся, мама!

Мама згодна паківала галавой, усміхаючыся:

— Добра. І сьвечку табе асабістую дамо. Хіба што светач ты ўсё ж павінен будзеш сам зрабіць. Мо, у садочку. Альбо ўвечары разам паспрабуем. Я ж таксама ніколі такога не рабіла. А як што, папросім Караліну дапамагчы…

У садочку Янку, як звычайна, было чым заняцца. Але ён увесь дзень час ад часу ўзгадваў рараты. Чароўную вогненную раку. Тое, што потым, было звычайным. Цягам Імшы Янка хутка стамляўся сядзець і слухаць, дый шмат чаго было незразумелага. Але вогненная рака…

І ў Янкавых гульнях, а таксама малюнках была яна — вогненная рака. І іншыя людзі, якія, як і ён сам з раніцы, былі ў цемры, але глядзелі на святло.

Увечары яны ўсе разам майстравалі светач для Янкі. Не, асноўныя рэчы ён, канешне, рабіў сам — і паперу каляровую выбіраў, і ўважліва глядзеў, як Караліна акуратна выразае па форме, і трымаў моцна-моцна намазаны клеем край. Зразумела, для таго, каб лепей прыклеілася. І хацеў нават вячэраць разам са сваім сьветачам, але мама сказала, што цяпер трэба трохі пачакаць. Таму ён толькі разы тры падчас вячэры бегаў паглядзець, як там сохне ягоны светач. Ці, прынамсі, тое, што заўтра павінна было стаць ягоным светачам…

Раніцай Янка падхапіўся, калі мама толькі ўвайшла ў іхні пакойчык, і нават раней за сястру пабег у ванную чысціць зубы. Таму й да касцёла яны прыйшлі аднымі з першых, — Янка паважна нёс перад сабой сваё тварэньне. Праўда, у касцёле на ўсякі выпадак учапіўся за Каралініну руку. А раптам тата Саша скажа, што ён яшчэ маленькі і не дазволіць?..

Але айцец Аляксандр усміхнуўся ім абоім, адказаў на прывітанне Караліны і прысеў перад Янкам:

— Ну што, Янка, таксама панясеш ліхтарык разам з намі? Ты ж сам яго рабіў?

Янка кіўнуў.

— Але, напэўна, трохі Караліна дапамагала?

Янка памарудзіў трохі, але таксама кіўнуў.

Тата Саша чамусьці засмяяўся, і неяк так, што ўся Янкава няёмкасць некуды знікла. А пасьля тата Саша адышоўся да старэйшых дзяцей, запаліў вялікую сьвечку, і стаў сур’ёзным:

— Калі няма святла — надыходзіць цемра, а з ёю — страх. Чалавек, які ня мае святла, жыве ў гэтай цемры ўсё жыццё. Сьвятлом нашым і ўсяго свету ёсць Бог. Нясіце гэтае святло годна — усім, хто ў цемры. Абараняйце яго, каб яно не згасла ў вашых сэрцах. Будзьце добрымі сьветачамі. А калі раптам святло гэтае ў вас згасае — ад грахоўных скразнякоў, як найхутчэй распальвайце яго зноў, праз пакаянне і паяднанне з Богам. Нясіце святло свету!

Янка нават не заўважыў, калі Караліна ці можа нехта іншы, запалілі ягоны светач. Яго і яшчэ дваіх малых выпхнулі наперад працэсіі. У Янкі ўпадала сэрца ад хвалявання, але ў той жа час ён адчуваў сябе неяк урачыста і спакойна.

Працэсія вырушыла.
Янка ўпершыню нёс святло свету.


Кацярына Сідарук,
апавяданне было апублікаванае на facebook-старонцы
аўтаркі ў межах конкурсу #AveRaraty


 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла