«Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына…»

 

Чацвёртая нядзеля Адвэнту, Год В (24.12.2017)

У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».

І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

(Лк 1, 26–38)

«Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына…»

Зусім нядаўна на адным з тэлевізійных ток-шоў абмяркоўвалася тэма абортаў. Усе ўдзельнікі былі згодныя з тым, што аборт — гэта дрэнна, але чамусьці галасы тых, хто адстойваў правы жанчыны вырашаць лёс уласнага дзіцяці, заглушалі галасы прыхільнікаў права безабароннай чалавечай істоты на жыццё. Калі ўзгадаць, што крыху раней тое ж тэлебачанне з асуджэннем распавядала пра жанчыну, якая выкінула сваё немаўля на сметнік, пра маці, дзіця якой загінула ў выніку хатніх родаў (у абодвух выпадках распачатыя крымінальныя справы), то з жахам здзіўляешся, якая адсутнасць логікі пануе не толькі ў грамадстве, але і ў галовах тых, хто ўплывае на грамадскую думку. Бо па сутнасці і жанчына, якая не дазваляе свайму дзіцяці нарадзіцца, і тая, якая імкнецца забіць дзіця, якое ўсё ж нарадзілася, робяць адно і тое ж! Але чамусьці апошнюю адпраўляюць у вязніцу, а першую не толькі не прыцягваюць да крымінальнай адказнасці, але і надзяляюць правам, якое належыць толькі Богу!

На самай жа справе і маці, і бацька маюць толькі права выбіраць: уступаць у інтымную блізкасць ці не, а калі ўсё ж вырашылі ў яе ўступіць, то павінны паслядоўна прыняць яе наступствы і быць да іх гатовымі. Але нават калі жыццё дзіцяці пачынаецца ў выніку гвалту, перарываць яго — вялікая несправядлівасць! Дзіця ж невінаватае, што прыходзіць на свет такім чынам! За што яго караць смерцю, якой пазбягае нават бацька-злачынца? Ці грамадства не павінна ў такім выпадку зрабіць усё, што дазволіць немаўляці ўсё ж убачыць дзённае святло і знайсці прытулак у добрай бяздзетнай сям’і? А такіх сем’яў усё больш, і, на думку шэрагу вучоных, не апошняя роля ў гэтым — папулярнасць кантрацэптываў. Хімічныя рэчывы трапляюць у навакольнае асяроддзе, а потым, з вадою і ежаю, у арганізм іншых людзей, робячы многіх няздольнымі да зачацця. Тым часам «эксперты» ток-шоў, слушна заўважаючы неабходнасць палавога выхавання, памылкова зводзяць яго да навукі «прадухілення незапланаванай цяжарнасці сучаснымі сродкамі» замест таго, каб сканцэнтравацца на выхаванні ў падлеткаў і моладзі звычак перадшлюбнай чысціні, адказнасці і сужэнскай вернасці! Прадстаўнік Каталіцкага Касцёла, які прысутнічаў на перадачы, нават не атрымаў магчымасці выказацца на гэтую тэму…

А неўзабаве тое ж тэлебачанне будзе віншаваць усіх з Калядамі — Нараджэннем Пана жыцця, якое, аднак, было б немагчымым, калі б больш за дзве тысячы гадоў таму бедная дзяўчына з Назарэту адмовілася прыняць Божае Дзіця, спасылаючыся на тое, што не зможа забяспечыць Яму шчаслівай будучыні (менавіта такім быў адзін з аргументаў на карысць дапушчальнасці абортаў)! Так, не назвалі б шчаслівым зямны шлях Хрыста прыхільнікі права на пазбаўленне жыцця ненароджанага дзіцяці. Але ці ж не робяць яны трагічнай памылкі, думаючы, што пазбаўленнем права на жыццё іншага чалавека яны зробяць яго і сябе шчаслівымі? Тым больш, калі Бог даверыў гэтае жыццё іх апецы, як некалі даверыў сам сябе Дзеве Марыі і святому Юзафу…


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла