«Радыё Марыя»: надзеі поўная хвала

1 лістапада — дзень нараджэння «Радыё Марыя» ў Беларусі. У гэтым годзе мы святкуем першую гадавіну анлайн-вяшчання і сапраўднай, паўнавартаснай студыйнай працы, аб якой раней маглі толькі марыць.

«Радыё Марыя» ў Беларусі — самае малодшае з усіх «Радыё Марыя» ў свеце. Яно толькі пачынае рабіць свае першыя крокі, атрымлівае першыя ўзнагароды, часам робіць і памылкі, але крочыць наперад смела і з надзеяй.

КАМАНДА НЕПРАФЕСІЯНАЛАЎ

Чым адрозніваецца «Радыё Марыя» ад іншых радыё? Канешне, тым, што гэта хрысціянскае радыё, але не толькі гэтым! Галоўная яго асаблівасць у тым, што радыё ствараюць непрафесійныя вядучыя, гукааператары і журналісты. Усё зроблена менавіта тымі, хто прыйшоў сюды па закліку сэрца, — валанцёрамі, якія робяць усё-усё: ад радыё-праграмаў да мантажу, дызайну і нават прыбірання студыйных пакояў. Таму ў эфіры часам могуць быць тэхнічныя накладкі, а галасы вядучых могуць дрыжаць ад хвалявання, але менавіта таму «Радыё Марыя» такое жывое і натхнёнае. Валанцёрская праца на радыё стала своеасаблівай формаю служэння больш чым для 50-ці валанцёраў з Беларусі. Далучыцца да каманды вельмі проста — трэба напісаць на паштовую скрыню Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. , а Маці Божая падкажа, ў якім кірунку ісці далей і што рабіць для гэтай добрай справы.

Маргарыта Салынская,
вядучая праграмаў «Дзіцячая катэхеза», «Навіны»:

— У дзяцінстве я марыла пра тое, што дарослаю абавязкова буду весці праграму «Надвор’е». Здавалася, што мара неверагодная і ў Пана Бога на маё жыцце зусім іншыя планы. І вось з’явілася «Радыё Марыя». Пасля размовы з а. Аляксандрам Уласам я вырашыла, што магу стаць аўтарам і вядучай «Дзіцячай катэхезы». Мне спадабалася рыхтаваць для маленькіх радыёслухачоў разважанні і рабіць запісы ў студыі. Я нават адчувала, што гэта Дух Святы мне дапамагае. І вось у нейкі момант мне прапанавалі паспрабаваць запісаць навіны. Адразу трошкі хвалявалася, але згадзілася. Вось так, дзякуючы «Радыё Марыя», мая мара дзяцінства і здзейснілася! За ўсё хвала Пану!

 

СУСТРЭЧЫ, ЯКІЯ НАС ЗМЯНЯЮЦЬ

Першымі словамі пасля «Раз-раз, праверка мікрафона» былі менавіта словы запрашэння завітаць у студыю «Радыё Марыя», каб проста пазнаёміцца і падзяліцца тым, чым мы сёння жывём. Гэты заклік быў пачуты, і першай у нашу студыю завітала спадарыня Ірына. Яна прыйшла дапамагчы прыбраць студыю пасля рамонту і расказала ў эфіры пра тое, што любіць менавіта Ружанцовую малітву. Памятаем гэты момант і гэтую дапамогу Ірыны, і хоць на працягу года ў студыі было шмат вядомых гасцей — музыкаў і мастакоў, псіхолагаў і лекараў, але тая першая сустрэча ў студыі была знамянальнаю і сведчыць пра галоўнае: «Радыё Марыя» — гэта месца яднання сэрцаў, дзе кожны патрэбны, кожны знойдзе аднадумцаў і сяброў.

Таму нагадваем адрас студыі: Мінск, вул. Чайкоўскага, 70. Тут заўсёды знойдзецца гарбата для простай размовы як у эфіры, так і па-за ім.

Тарас Шчыры,
аўтар і вядучы праграмы «Шчырая размова»:

— Шмат сілаў я аддаю асноўнай працы, але прапанова ад «Радые Марыя» здалася вельмі цікаваю. Журналісцкая праца для касцёла, як бы пафасна гэта ні гучала, для мяне з’яўляецца служэннем. Чым займаюся? Запісваю інтэрв’ю са звычайнымі католікамі, якія жывуць такім жа жыццём, як і кожны з нас. Кожны чалавек — гэта асобная гісторыя. Заўсёды ёсць над чым паразважаць і чым падзяліцца. Дзякую тым святарам, якія згадзіліся шчыра паразмаўляць і адказаць на незаўсёды простыя пытанні. Адчуваю, што такія размовы могуць прынесці добры плён.

 

СВЕДЧАННІ ЯК ЛЕПШАЯ КАТЭХЕЗА

У эфіры «Радыё Марыя» гучаць лепшыя хрысціянскія кампазіцыі, падчас інтэрв’ю падымаюцца гарачыя тэмы, але самымі галоўнымі заўсёды будуць малітва і сведчанні. Гэта асаблівы час, калі мы можам падтрымаць адзін аднаго сваёю малітваю. А колькі радасці, калі пасля супольнай малітвы прыходзяць словы падзякі і сведчанні, што малітва была выслуханая! Цяпер нават створаны асобны праект «Дотык Божай Міласэрнасці», для якога мы просім радыёслухачоў дасылаць свае асабістыя гісторыі і тэлефанаваць у эфір.

Вікторыя Маўчанская,
аўтар і вядучая рубрыкі «Дотык Божай Міласэрнасці»:

— Прапанова весці гэты праект была для мяне нечаканаю, але я ўспрыняла яе як заклік  ад Маці Божай і не змагла адмовіцца. Распачала пошук цікавых сведчанняў. Многія з тэкстаў перакладала з рускай і польскай моваў. Паступова я зразумела, што і сама шмат атрымліваю ад гэтай дзейнасці. У цяжкія, складаныя хвіліны ў падрыхтаваных да эфіру сведчаннях знаходзіліся адказы на мае асабістыя пытанні, і часам яны былі мне падтрымкаю ў роспачы. Нездарма, кажуць, што сведчанне можа натхніць у веры. Гэта праўда.

 

ПРАЕКТЫ ПА-ЗА ЭФІРАМ

«Радыё Марыя» — гэта не толькі эфір, напоўнены праграмамі, музыкай і катэхезамі, гэта таксама і цікавыя, незвычайныя праекты па-за эфірам. Гэтым летам была прыдумана інтэрактыўная гульня «Стань журналістам», якую каманда «Радыё Марыя» прэзентавала падчас Дзён моладзі ў Івянцы. Удзельнікі гульні могуць атрымаць карысныя веды з галіны журналістыкі, а таксама выканаць нялёгкія заданні і паспрабаваць сябе ў ролі карэспандэнтаў каталіцкіх СМІ. Ужо 2 разы мы праводзілі гульню з каталіцкай моладдзю і бачым, што гэта сапраўды цікава, займальна і, спадзяемся, карысна. У хуткім часе стартуе яшчэ адзін па-заэфірны праект з працоўнаю назваю «Бізнес па-хрысціянску». Гэта будзе такі семінар-трэнінг, у якім прадпрымальнікі, працаўнікі, людзі бізнесу і ўсе, каму цікава, змогуць атрымаць веды і адказы на пытанні пра бізнес. Мэта гэтага даволі дзёрзкага праекту — пагаварыць пра суадносіны хрысціянскіх каштоўнасцяў і сучаснай гаспадарчай дзейнасці, а таксама атрымаць парады ад вядучых і саміх удзельнікаў. 

Яўгенія Найдовіч,
аўтар і вядучая рубрыкі «Святы дня»:

— Не ведала, што змагу быць карыснай праекту «Радыё Марыя» як стваральнік і вядучая радыёпраграмы. Гэта прыемны падарунак ад Пана Бога — магчымасць амаль кожны дзень чытаць пра святых. Напэўна, сама б я такога сабе не прыдумала, а тут — хочаш не хочаш, старонкі календара перагортваюцца, а там амаль кожны дзень ёсць успамін пра якога-небудзь цудоўнага Святога чалавека… А яшчэ дзякуючы радыё я стала карыстацца беларускай моваю. Хвала Пану!

Вячаслаў Гулевіч,
заснавальнік і кіраўнік праекту «Радыё Марыя» на Беларусі:

— Я вельмі шчаслівы, што «Радыё Марыя» на Беларусі аказалася патрэбным і чаканым. Раней мы толькі чулі аб тым, што ў іншых краінах папулярнае і любімае гэтае радыё, бачылі студыі ў розных краінах свету, але нават падумаць не маглі, што гэта магчыма і ў нашай краіне. Спадзяемся, што з Божаю дапамогаю будзем крочыць далей, выйдзем аднойчы ў сапраўдны эфір, дзе будзем проста, не хаваючыся, размаўляць аб нашых хрысціянскіх каштоўнасцях і маліцца нашымі малітвамі.

 

ТОЕ, ШТО НАМ БАЛІЦЬ...

Мы заўсёды шчыра радуемся кожнай магчымасці знаёмства з радыёслухачамі і тым, хто дзякуючы гэтым сустрэчам уключае радыё ўпершыню. Сярод слухачоў заўсёды ёсць дзядуля ці бабуля, якія пры развітанні ціха так запытаюцца: «А як я вас магу паслухаць? Мы б маліліся з вамі штодня, а колькі б сведчанняў было…» І ў гэты момант сціскаецца сэрца. Мы пакуль інтэрнэт-радыё, якое можна слухаць праз наш сайт radiomaria.by ці наш мабільны дадатак на тэлефоне. Для моладзі спампаваць «Радыё Марыя» з Googlе Play — няма праблемы, а вось для большасці людзей сталага ўзросту не ўсё так проста. Молімся штодня аб тым, каб «Радыё Марыя» загучала ў кожнай хаце нават невялічкага мястэчка. І просім вас аб малітве ў гэтай інтэнцыі. Для «Радыё Марыя» ў Беларусі гэта будзе самым лепшым падарункам.

Ксёндз Аляксандр Улас,
праграмны дырэктар «Радыё Марыя»:

— У сувязі з вялікай патрэбай людзей і недахопам магчымасцяў весці трансляцыі ў звычайным радыё, а таксама вялікім коштам існуючых на рынку інтэрнэт-радыё было вырашана распрацаваць сваё ўласнае інтэрнэт-радыё, якое было б танным і дасягальным для ўсіх радыёслухачоў. Быў распрацаваны праект гэткага радыёпрыемніка. Цяпер мы шукаем магчымасці набыць адпаведныя тэхнічныя кампаненты для таго, каб зрабіць невялічкую колькасць інтэрнэт-радыёпрыемнікаў. Няхай Маці Божая нам дапаможа.

...Дзякуй усім, хто пражыў гэты год побач з «Радыё Марыя»! Дзякуй усім, хто слухае і тэлефануе, хто клапоціцца пра наш эфір і не клапоціцца пра яго, але слухае нас кожны дзень, а хто яшчэ ні разу не слухаў, але аднойчы абавязкова ўключыць радыё, няхай пераканаецца, што кожны дзень напоўнены Божай любоў’ю, цяплом нашых сэрцаў і радасцю служэння.


Аліна Угорыч

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла