«Той, хто ўзвышае сябе…»

Трыццаць першая звычайная нядзеля, Год А (05.11.2017)

Мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі. Вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае. Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.

(1 Тэс 2, 7b–9.13)

Тады Езус прамовіў да натоўпу і вучняў сваіх: «Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры́. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “pаббі”.

Вы ж не дазваляйце называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. Не дазваляйце таксама называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе для вас слугою. Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

(Мц 23, 1–12)

«Той, хто ўзвышае сябе…»

Сённяшнія чытанні: чуласць у клопаце пра іншых, пра якую піша святы Павел у Пасланні да Тэсаланікійцаў, і словы Евангелля пра тое, што трэба быць слугамі і займаць апошняе месца, заклікаюць нас задумацца пра матывы і інтэнцыі нашых учынкаў. У іншым пасланні святы Павел заахвочвае: «усё рабіце на славу Божую» (1 Кар 10, 31). У Фаціме Божая Маці навучыла трох пастушкоў малітве, у якой заключаюцца тры інтэнцыі, тры матывы: «О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, дзеля навяртання грэшнікаў і як перапрашэнне і кампенсацыю за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі». Ці вядомая нам гэтая малітва? Калі не, то варта вывучыць яе на памяць! Калі ведаем, ці памятаем мы пра яе ў сваёй штодзённасці? Гэтай простай і глыбокай малітве ўжо 100 гадоў!

Сястра Люцыя, фацімская візіянерка, усё сваё жыццё кожны дзень шмат разоў чытала гэтую малітву, гэтак жа, як святыя Жасінта і Францішак. Можа варта калі і не па сто разоў на дзень, то прынамсі ў найцяжэйшыя жыццёвыя моманты маліцца ёю, напрыклад, тады, калі нас правакуе спакуса двудушнасці і фарысейства.

Прывяду яшчэ некалькі простых прыкладаў. Калі ў нядзелю падчас святой Імшы тацу збірае сакрыстыянін, вернікі кідаюць 150 рублёў ахвяраванняў. Калі ж тацу збірае пробашч — 300 рублёў. Можа, у гэтым выпадку вернікі хочуць больш падабацца пробашчу, а не Богу? Не ведаю. Варта ўсведамляць, што, складаючы ахвяру (ці гэта таца ў касцёле, ці дар убогім), мы аддаем яе Пану Богу, а не чалавеку (пробашчу або жабраку).

Вядома, мы дапамагаем канкрэтнай асобе, але ў гэты ж час варта звярнуць увагу на свае матывы і інтэнцыі, на тое, што сыходзіць з сэрца. Можна, складаючы ахвяру, звярнуцца з глыбіні душы да Пана Бога, які бачыць укрытае, і сказаць: «Нябесны Ойча, гэта мой удовін грош для Цябе, прымі яго ў інтэнцыі пакліканняў да святарства сярод маіх дзяцей, (або) маіх унукаў, (або) з нашай парафіі», або памаліцца ў іншай інтэнцыі: «Прымі, Божа Ойча, гэтую маю сціплую (або шчодрую) ахвяру ў інтэнцыі, каб, калі я (або мой блізкі або мой вораг) буду паміраць, пры гэтым прысутнічаў святар і ўдзяліў мне (ім) святыя сакрамэнты».

Наколькі нашыя інтэнцыі даспадобы Богу? Наколькі мы ўсведамляем, што гэта ўсё для Яго, з удзячнасці і з радасцю за Ягоныя дары, за Ягоную любоў? Святы Альфонс Лігуры піша, што ёсць тры прыкметы, па якіх можна судзіць, робім мы нешта, каб падабацца Богу, ці з іншай інтэнцыяй. Першая прыкмета — радасць ад таго, што я раблю, і радасць ад таго дабра, якое робяць іншыя. Другая прыкмета — калі я раблю нешта для Пана Бога, то не чакаю падзякі і пахвалы. Трэцяя прыкмета — калі я маю чыстую інтэнцыю, робячы нешта для Бога, і ў мяне не атрымалася, я ўсё адно не трачу спакою сэрца. Варта паразважаць над гэтай ідэяй мудрага святога і доктара Касцёла. Вядома, мы недасканалыя, і таму ў сферы матываў і інтэнцый варта кантраляваць сябе, бо штодня (як сцвярджае Р. Гарыгу-Лагранж ОР, як найменш 100 разоў на дзень) мы сутыкаемся са спакусаю пыхі, калі хочацца аддаць хвалу не Богу, а чалавеку. «Пыха ў нас жадае скінуць Бога з трона і ўдарыць Яго нажом у спіну, каб заняць Ягонае месца», — гаварыў у адным з казанняў святы Ян Марыя Віянэй. Пыха спакушае нас узвысіць саміх сябе або жадаць, каб іншыя ўзвышалі нас, а не Бога, Даўцу ўсяго. «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў?» (1 Кар 4, 7) — прамаўляе да нас Божае слова вуснамі Апостала Паўла. Просім сёння, каб наш «Нябесны Айцец, які бачыць усё ўкрытае» (бачыць матывы нашага сэрца), навучыў нас праз Духа Святога заўжды служыць бліжнім з чыстай інтэнцыяй, каб падабацца Богу, і каб мы не шукалі ўласнай славы, але Яго славы. «Ad majorem Dei gloriam» — «Дзеля большай хвалы Божай». 


Айцец Раман Шульц OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць дзявятую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Большы з вас няхай будзе слугою для вас...»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла